Нашы людзi ў ГалiвудзеГалiвуд выглядае як звычайная вёска. Але гэта лепшы прыклад кiнавытворчасцi ХХІ стагоддзя, дзе ёсць чаму павучыцца. Такую выснову зрабiў Андрэй Курэйчык, вярнуўшыся з-за акiяна, дзе падпiсаў кантракт на напiсанне сцэнарыя моладзевай камедыi па тэме "Як стаць зоркай?" Пра новыя магчымасцi i старыя думкi наконт таго, чаму ў Беларусi гэта немагчыма, Андрэй распавёў на сустрэчы з журналiстамi. Злавiць удачу — гэта... Злавiць удачу — гэта... — Спачатку адзiн з прадзюсараў, з якiм мне даводзiлася працаваць у Расii, Дэвiд Гамбург зацiкавiўся фiльмам "Юленька". Пазней мяне запрасiлi працаваць на серыял, якi будуць паказваць па НТБ у вераснi. Пасля таго, як я ледзь не загiнуў, iмкнучыся напiсаць 12 серый, убачыўшы маю руплiвасць i адзначыўшы якасць, якую я iмкнуўся выдаць, Дэвiд спытаў, цi не хацеў бы я прыехаць у Амерыку, заключыць кантракт з яго кампанiяй, каб напiсаць поўнаметражны сцэнарый для амерыканскага рынку. Давялося ахвяраваць "Любовь-морковь-3" i iншымi справамi, але я не шкадую. У Амерыцы я абсалютна нiхто, яшчэ доўга буду сцэнарыстам-пачаткоўцам. Што там раней недзе выходзiла, iх не цiкавiць, яны глядзяць толькi па вынiках працы. Паводле кантракта, у лiстападзе павiнен паказаць сцэнарый. Пiсаць буду ў Беларусi. Жыць я там не хачу. Казалi, маўляў, перабiрайся. Насамрэч, калi быць шчырым, то прэцэдэнтаў, каб нашы сцэнарысты прабiвалiся ў Галiвудзе ў вышэйшую лiгу, не было. Хоць там жыў Мiндадзе, там жыў Брагiнскi ў апошнiя гады, усе хацелi працаваць на амерыканскiм рынку, але нiкому не ўдавалася. Не думаю, што гэта была праблема ў мове, хутчэй, у менталiтэце, у пачуццi нацыi. Для мяне гэта цiкавы вопыт, вучоба, магчымасць узняцца над той кiнематаграфiчнай рэчаiснасцю, якая ёсць тут i ў Расii. У Расii сiтуацыя трошкi лепшая з пункту гледжання якасцi, але гэта ўсё адно — пазамiнулае стагоддзе ў параўнаннi з заакiянскай. У мяне была магчымасць прычынiцца да сучаснага кiнематаграфiчнага свету. Я з сям'ёй паўтара месяца жыў там. Азнаёмiўся з сiстэмай кiнематографа ў Амерыцы. Яна вельмi складаная, ёй больш за 100 гадоў. У нас шмат мiфаў наконт таго, як працуе амерыканскi кiнематограф. Я для сябе шмат якiя мiфы парушыў. Пазнаёмiўся з тымi людзьмi, якiя робяць кiно. З агентамi, прадстаўнiкамi гiльдыi сцэнарыстаў i рэжысёраў. Там усё па-iншаму. Амерыканская мара — гэта... — Больш за ўсё мяне ўразiла ў амерыканцах iх унутраная цяга да самарэалiзацыi. Поспех гэтай нацыi ў яе бясконцай амбiцыйнасцi. Таму сумесь культур, магчыма, таму ў iх атрымлiваецца рабiць кiно, якое зразумелае для розных народаў. Яны разумеюць, што ёсць лакальныя кiнарынкi i на гэтых рынках — у Расii, Японii, Iндыi — час ад часу з'яўляюцца сюжэты, якiя маглi б стаць унiверсальнымi, калi б iх знялi з вельмi вядомымi акцёрамi. Яны шукаюць i знаходзяць сюжэты, скупляюць iх, плацяць за гэта грошы. У Гiльдыi сцэнарыстаў больш за 3000 чалавек. I гэта тыя, хто рэальна пiша. Туды не бяруць па размеркаваннi i рэкамендацыi. Таму вельмi добрая акцёрская школа, такое адчуванне, што ў Лос-Анджэлесе жывуць адны акцёры. Кожны акцёр можа дзе заўгодна працаваць, хоць афiцыянтам у бары, але будзе хадзiць на ўсе кастынгi i тармасiць свайго агента. Там вельмi высокая канкурэнцыя. Больш за палову гледачоў свету глядзяць фiльмы, якiя зроблены ў Галiвудзе. Гэта трэба вывучаць. З iншага боку — не быць вельмi агульным у высновах, бо i там шмат праблем. Зорка ў Беларусi — гэта... — Зорка — складанае паняцце. Напрыклад, зорка ў сцэнарыстыцы — гэта не той чалавек, якога ведаюць мiльёны людзей. Можна ўспомнiць цудоўныя фiльмы, хто iх зняў, акцёраў, якiя iгралi. Але нiхто не ўспомнiць, хто iх напiсаў. Хоць у прафесiйнай супольнасцi гэтыя сцэнарысты не проста зоркi, а Богi-стваральнiкi. Мне блiжэй такое разуменне зорнасцi: калi цябе цэняць прафесiяналы, з якiмi ты працуеш. А для публiчных прафесiй, безумоўна, вельмi важна быць шырокавядомым. Сяргей Мiхалок i "Ляпiс Трубецкой" — гэта для мяне зоркi. А наша папулярная музыка — гэта не зоркi. Майкл Джэксан — зорка. З яго пасмiхалiся ў Амерыцы, але калi памёр, там была вялiкая жалоба... Зоркi фармiруюцца публiчнай прасторай. У нас вельмi вузкая i нейкая няшчасная публiчная прастора. Гэта перш за ўсё мас-медыя i магчымасць канцэртаў для музыкантаў, здымкаў для акцёраў. Наша беларускае кiно дрэннае, канцэрты ў нас не лепшыя... Што да мяне, то ў мяне тут практычна няма працы ў апошнiя тры з паловай гады, за выключэннем рэдкiх праектаў. Я быў практычна ў стане беспрацоўя. Справа ў тым, што ў нас яшчэ не выбудавана сiстэма адносiнаў памiж заказчыкам — кiнастудыяй цi Мiнiстэрствам культуры, цi iншай установай — i творчымi людзьмi. Сiстэмы няма. I няма ў нас рынку працы для творчых людзей. Хто каго ведае, той i можа прасунуцца. Ёсць людзi, якiя пiшуць, самi спрабуюць нешта арганiзаваць. Але калi няма рынку, то кожны раз як у першы. Беларускае кiно — гэта... — Беларускае кiно я ацэньваю як звычайны глядач — гэта не тое кiно, якое хацелася б глядзець. Чаму гэтыя фiльмы з'яўляюцца? Напэўна таму, што ў нас няма крытэрыяў адбору, калi лепшае падымаецца, а дрэннае адкiдаецца. Усё варыцца ў адным катле. Аднак мы, падаткаплацельшчыкi, плацiм за тое, каб нашы рэжысёры здымалi, а потым гэтыя фiльмы клалiся на палiцу. I яны працягваюць здымаць. Таму што няма крытэрыяў правалу. У свеце ўсё дакладна: гэты фiльм атрымаў поспех згодна з камерцыйнымi крытэрыямi, той — з фестывальнымi. А яшчэ нейкi — правалiўся, паводле такiх i такiх крытэрыяў, таму няхай гэты рэжысёр зоймецца нечым iншым. У нас гэтага няма. Узяць апошнюю прэм'еру — патрацiлi вялiкую суму дзяржаўных грошай. Паказалi на прэм'еры ў кiнатэатры i вельмi хутка па тэлебачаннi. Фiльм па якасцi слабы. Хоць нехта прэмii пазбавiўся за гэта? Па ўсiх сусветных паказчыках, ды i здаровы сэнс падказвае, што гэта правал: расiйскiя пракатчыкi i тэлеканалы фiльм не ўзялi. Хто-небудзь адкажа за гэты правал? За грошы? Чаму кажуць: толькi прадзюсарскае кiно павiнна быць, няма iншага спосабу ў рынкавай эканомiцы арганiзацыi кiнавытворчасцi. Прадзюсар — не той, хто вымае з кiшэнi пачкi долараў i махае iмi, а той, хто бярэ на сябе творчую i фiнансавую адказнасць за вынiк кiнавытворчасцi. У нас: адны людзi выбiраюць сцэнарый, яны перадаюць яго рэжысёру, якi не ўдзельнiчаў у выбары сцэнарыя, але здымае. Далей стужка перадаецца ў кiнапракат... А прадаць гэта немагчыма. Атрымлiваецца, усiх шмат — i нiхто нi за што не адказвае. Аднак першапачаткова, калі бярэцца ў рукi сцэнарый, ужо зразумела: можна яго прадаць, цi не. Я спадзяюся, што ў Беларусi зразумеюць адну простую рэч, што мастацтва — гэта не будынак, не рамонты, не справаздачы. Мастацтва — гэта вынiкi: фiльмы, музычныя дыскi, карцiны i г.д. Калi ў нас будуць ацэньваць оперы, а не тое, як пафарбаваныя сцены ў тэатры, тады можна будзе гаварыць пра тое, што ў гэтай краiне сапраўды любяць мастацтва. Мае прапановы "Беларусьфiльму" — гэта... — У мяне была прапанова "Беларусьфiльму" — спартыўнай камедыi. Я прыйшоў i сказаў: калi шмат грошай няма, то адзiны варыянт — выкарыстоўваць нешта бясплатна. Вось мы ўсе — дзяржава — пабудавалi шэраг лядовых палацаў. Такiм чынам, у нас ёсць аб'ёкты, якiя можна здымаць, будуць масоўкi, якiя можна не аплачваць. Акрамя таго, хакей — гэта вiд спорту, якi папулярны ў Расii, i якi зацiкавiць расiйскiх пракатчыкаў. Можна зрабiць больш таннай вытворчасць i патрацiць грошы на лепшых, больш вядомых артыстаў, лепшага аператара, лепшую тэхнiку. Ну... Я нiколi не навязваюся, калi адчуў, што мяне не разумеюць, памахаў ручкай... Кiно пра вайну — гэта... — Святая тэма. У Беларусi кожны рана цi позна павiнен выказацца на гэтую тэму, я таксама не стаў выключэннем. У вераснi пачнуць здымаць у Беларусi 4-серыйны фiльм пад працоўнай назвай "Смяротная схватка" для канала РТР. Здымаць будзе Аляксандр Франскевiч, рэжысёр фiльма "У лiпенi 41-га". Гэта мая спроба сказаць нешта пра вайну, хоць погляд не зусiм звычайны. Запатрабаванасць на радзiме — гэта... — Важна, бясспрэчна. Я не адчуваю сябе закiнутым. З верасня я буду выкладаць драматургiю ва Унiверсiтэце культуры. Паспрабую перадаць тое, што ўмею. У мяне ёсць, па-мойму, цудоўная iдэя для кiно. Я вельмi хачу зрабiць фiльм пра Вiцебскi перыяд Марка Шагала. Мне здаецца, што ў ХХ стагоддзi ў нас не было большай знакамiтасцi i таленту. У нас засталiся вiцебскiя вулачкi, якiя можна зняць. Дагэтуль у нас у кiно была вайна i вёска. Кiнематограф Беларусi не ўспрымаецца як "культурнае кiно". Давайце паказваць, што мы — культурная нацыя. У розных краiнах прынята здымаць пра сваiх знакамiстасцяў. Для мяне акрамя Васiля Быкава, Марк Шагал — чалавек, якi стаў тым, каго ведаюць у свеце паўсюдна. Нiкога так не ведаюць. Яго сапраўды можна назваць самым знакамiтым беларусам. Гэтая тэма мяне хвалюе. Мне здаецца, "Беларусьфiльм" можа вырвацца з ваеннага i вясковага атачэння. Сёлета адбудзецца маё вяртанне ў тэатральную драматургiю: я напiсаў п'есу для нацыянальнага тэатра iмя Горкага. Гэта важны момант, таму што ў мяне быў перапынак у некалькi гадоў. Апошнi час я не пiсаў тэатральных п'ес увогуле, i ўжо мне здавалася, што я не вярнуся да iх нiколi. Прыйшоў новы галоўны рэжысёр тэатра Сяргей Кавальчык, i ён прасiў напiсаць п'есу для Расцiслава Янкоўскага. Я хвалююся, таму што вельмi змянiўся мой стыль, змянiўся драматург Курэйчык. Вынiк у Галiвудзе — гэта... — Безумоўна, гэта новыя магчымасцi, i мне страшна за вынiк — увогуле кожны раз. Якасць i стаўленне да працы для мяне на першым месцы — што ў расiйскiм праекце, што ў амерканскiм, што быў бы беларускi. Для мяне пытанне самавыяўлення важнейшае за тэрыторыю, на якой гэта адбываецца. Запiсала Ларыса ЦIМОШЫК. |