Беларусы на дарогах: памяркоўнасць альбо хамства?
03.07.2010 11:30
—
Новости Авто
|
Пра беларусаў часта гавораць, што яны спакойныя, разважлівыя альбо, як мы самі любім пра сябе казаць, памяркоўныя. Усё гэта падаецца як элемент гістарычнай традыцыі, рыса менталітэту, што перадаецца з пакалення ў пакаленне. Нам, безумоўна, чуць такое, асабліва ад замежнікаў, прыемна: "Вось мы якія! Не тое што некаторыя". І тут адбываецца самае небяспечнае. Трапіўшы ў палон стэрэатыпаў і незаслужанай пахвалы, мы непрыкметна для саміх сябе расслабляемся, страчваем прынцыповую самаацэнку. А разам з гэтым, пэўна, страчваем тое, што сапраўды назапашвалася нашымі продкамі.
Таму, паважаныя землякі, давайце не звяртаць увагі на кампліментарныя выказванні ў свой адрас. Бо ў нашых жа інтарэсах падыходзіць да сябе строга, крытычна. І перш за ўсё ў тых сферах жыццядзейнасці, дзе ігнараванне пэўных нормаў і правілаў адным чалавекам прыводзіць да трагічных наступстваў не толькі для яго, але і іншых. Так, гаворка зноў пойдзе пра парадкі, а дакладней, беспарадак, свавольствы на дарогах. Налева ці направа? На сваёй першай прэс-канферэнцыі новы начальнік Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі Сяргей Талатай зазначыў, што адносіны паміж удзельнікамі дарожнага руху ў любой краіне рэгулююцца не толькі Правіламі, але і традыцыямі, менталітэтам насельніцтва. Які ж ён, наш менталітэт? Спачатку задумаемся, бадай, аб галоўным: ці паважаем мы закон? Даволі распаўсюджанае меркаванне пра тое, што беларусы — людзі вельмі законапаслухмяныя, пакорлівыя да "ўстановак" зверху (ёсць нават шмат анекдотаў на тэму "трэба дык трэба, што паро- біш ..."). Але, на мой погляд, гэта — адзін з міфаў пра нашы нацыянальныя асаблівасці. Прапаную пераканацца ў гэтым не на нейкіх экстрэмальных прыкладах дарожна-транспартных здарэнняў (каб не было апраўданняў, што, маўляў, у сям'і не без вырадка), а на звычайнай, так бы мовіць, сітуацыі, якая штодня назіраецца ў Гродне. Жыхары і госці абласнога цэнтра ведаюць, што каля гандлёвага цэнтра "Карона" ўжо даўно ўстаноўлены дарожны знак, які (пэўна, для прадухілення аварыйных сітуацый) забараняе кіроўцам з 10 да 18 гадзін паварот налева, патрабуючы павярнуць направа і толькі потым вярнуцца на патрэбную паласу. У выніку неабходна праехаць 300-400 "лішніх" метраў у параўнанні з варыянтам, калі адразу паварочваеш налева. Трэба дык трэба? Не падабаецца, але мусіш падпарадкавацца? Як бы не так ... Хвілін за пяць маіх назіранняў з гандлёвага цэнтра выязджае сорак аўтамашын і толькі палова кіроўцаў (і тое добра?) выконвае патрабаванне дарожнага знака. Астатнія альбо яго не бачаць, альбо, што больш верагодна, "эканомяць" паліва ці час і тут жа паварочваюць налева. Пра такі "менталітэт" ужо добра ведаюць супрацоўнікі ДАІ і рэгулярна дзяжураць у гэтым месцы, спыняючы і штрафуючы парушальнікаў. І так паўтараецца з дня ў дзень, з месяца ў месяц. Дробязь? Але ці ж гэта не "люстэрка" нашай законапаслухмянасці, дакладней, яе адсутнасці ў, паводле ацэнкі аўтара гэтых радкоў, прыкладна паловы кіроўцаў? Кіроўца, які павярнуў не направа, як таго патрабавала дарожная дысцыпліна, а налева, можа ў якасці апраўдання заявіць, што, выконваючы манеўр, ён у гэтай канкрэтнай сітуацыі не ствараў небяспекі іншым транспартным сродкам. Альбо нават паставіць пад сумненне мэтазгоднасць устаноўкі гэтага дарожнага знака. Але тут прынцыпова важна іншае — тое, што ў свядомасці дзясяткаў, соцень, тысяч людзей парушэнне правілаў дарожнага руху, падабаюцца яны табе альбо не, не з'яўляецца нечым надзвычайным. Больш за тое, гэта ледзь не норма, асабліва калі побач няма даішніка. І як нахабна, па-наплявацельску да вызначаных заканадаўствам правілаў і ўсіх навокал гэта робіцца! Вось яшчэ адна тыповая "карцінка з натуры". Цэнтр горада, транспартная "гадзіна пік". За рулём — малады чалавек альбо таксама маладая асоба прыгожага полу, вадзіцельскі стаж, хутчэй за ўсё, не перавышае некалькіх гадоў, а можа, і таго меншы. Аднак колькі ж упэўненасці ў сваіх здольнасцях! Рамянём бяспекі прышпіляцца неабавязкова. Трымаць адной рукой руль, а другой — мабільны тэлефон — ніякай праблемы. На гэта можна было б не звяртаць увагі, калі б такіх "спяцоў" сабралі ў адну кучу і дазволілі ездзіць па толькі для іх вызначанай дарозе. Але ж няма такіх "рэзервацый", яны ездзяць разам з усімі і ніхто не гарантаваны ад сутыкнення з гэтым хамствам. Калі некаму з падобных кіроўцаў трапіць на вочы гэты артыкул, то адрасую толькі дзве просьбы. Першая — адносна карыстання мабільнай сувяззю за рулём аўтамабіля. Маладыя людзі, вы ж жывяце ў ХХІ стагоддзі, лепш за сваіх бацькоў, не гаворачы пра дзядоў, валодаеце тэхнічнымі сродкамі, камп'ютарам і тым жа "мабільнікам". Дапускаю, што без апошняга не абысціся нават падчас язды. Але няўжо для вас праблема зрабіць у салоне машыны так, каб, размаўляючы па тэлефоне, не трэба было адну руку адпускаць з руля? Гэта ж элементарна, ды і ў вашых жа інтарэсах. У адпаведнай кансультацыі, мажліва, не адмовяць нават у ДАІ. І другое: ні ў якім разе не ігнаруйце рамень бяспекі! Жыццём і навукай пацверджана, што яго выкарыстанне не зменшыць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і параненых, аднак рызыка смяротнага траўмавання скарачаецца на 45 працэнтаў. Дарэчы, Гродзенская абласная Дзяржаўтаінспекцыя, запэўнівае яе кіраўнік Сяргей Талатай, мае намер размаўляць з кожным пакаленнем удзельнікаў дарожнага руху на зразумелай яму мове. Інспектары ДАІ, напрыклад, пойдуць не толькі ў дзіцячыя садкі і школы, але і ў начныя клубы, дзе "будзе чым здзівіць у добрым сэнсе". Аднак толькі намаганнямі Дзяржаўтаінспекцыі навесці парадак на дарогах нерэальна. "Калі ўсім грамадствам, адзіным фронтам не выступім — нічога не зменіцца", — перакананы Сяргей Талатай. Аднак ці заклапочана гэтай праблемай грамадства? І наколькі шчырыя крокі робіць у гэтым кірунку? Яшчэ адзін факт для роздуму. Нядаўна праходзіла традыцыйная рэспубліканская акцыя "Увага, дзеці!", падчас якой кіроўцам рэкамендавалася ездзіць з уключаным блізкім святлом фараў незалежна ад таго, дзень на вуліцы альбо ноч. Дзеля агітацыі выкарыстоўваліся нават вялікія плакаты на кабінах аўтобусаў. І правільна. Вось толькі якога эфекту можна дабіцца, калі сам "агітатар" гэтае святло... не ўключае? Хоць, пэўна, зрабілі справаздачу аб праведзеным мерапрыемстве... "Стукацтва" ці прынцыповасць? Статыстыка сведчыць, што за апошнія дзесяць гадоў на тэрыторыі Гродзеншчыны адбылося больш за 8 500 тысяч аварый з пацярпелымі людзьмі — дзве тысячы загінулых і каля дзевяці тысяч параненых. Прычым больш чым палова трагедый адбылася па прычыне ігнаравання хуткаснага рэжыму язды. Тым самым развенчваецца яшчэ адзін міф — пра нашу ўзважанасць, асцярожнасць. З нядаўняга часу ДАІ праводзіць схаванае патруляванне на цывільных машынах з сістэмай відэафіксацыі. Неўзабаве на асноўных аўтадарогах вобласці з'явяцца і стацыянарныя відэакамеры. Перавысіў дазволеную хуткасць — атрымаеш па пошце паведамленне аб штрафных санкцыях, што ўжо даўно стала нормай у многіх краінах. Аднак... — Пакуль ліхацтва за рулём не будзе ўспрымацца ўсімі ўдзельнікамі дарожнага руху як нешта ненатуральнае, вельмі цяжка будзе пераламаць гэту праблему адным адміністрацыйным рэсурсам, — лічыць Сяргей Талатай. Як жа ўспрымаецца гэта надзённая задача нашым менталітэтам? Часта можна пачуць пра "стукацтва" ў Германіі, у тым сэнсе, што адны людзі паведамляюць у адпаведныя органы пра парушэнні іншых, у тым ліку і што датычыцца нормаў дарожнага руху. А вось мы — не "стукачы". Наадварот, праяўляем вадзіцельскую салідарнасць, сігналізуючы сустрэчнаму транспарту фарамі, што на трасе дзяжураць даішнікі. Праўда, дзе тая салідарнасць, калі здарылася няшчасце? Так, у нас шмат неабыякавых да чужога гора людзей, якія заўсёды гатовыя падставіць сваё плячо ў цяжкую хвіліну. Нічога не патрабуючы ўзамен. Бо так выхаваныя бацькамі. Але ... "Звязда" ўжо паведамляла пра вельмі ганебныя для вадзіцельскага супольніцтва (хоць ці існуе яно?) вынікі "праверкі на чалавечнасць", якая была праведзена супрацоўнікамі Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі і Чырвонага Крыжа. Нагадаем. Міма "чалавека, які ляжаў на дарозе" (ролю пацярпелага ў дарожна-транспартным здарэнні выконваў манекен) праехалі каля трыццаці машын, пакуль нарэшце адзін кіроўца не спыніўся. Не спяшаліся спыняцца і тады, калі перад "пацярпелым" паставілі аўтамабіль з уключанай аварыйнай сігналізацыяй і "кіроўца" — валанцёр, які быццам збіў пешахода, "галасаваў", заклікаючы аказаць дапамогу. Аднак машыны праносіліся міма... А міргануць фарамі, каб зменшылі хуткасць руху, хіба ж праблема ... Ліхач крыху збавіць свой спрыт, каб, праехаўшы кантроль, зноў абганяць праз двайную суцэльную лінію пры пад'ёме наверх, ствараючы пагрозу не толькі сабе, але і зусім невінаватым людзям. Дык чаму мы не павінны патэлефанаваць "102" і паведаміць дзяржнумар аўтамабіля гэтага хама, які, калі яго не спыніць, можа стаць злачынцам? Гэта "стукацтва"? Ці прынцыповасць, нармальная грамадзянская пазіцыя? Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сваёй першай прэс-канферэнцыі новы начальнік Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі Сяргей Талатай зазначыў, што адносіны паміж удзельнікамі дарожнага руху... |
|