Папсаваныя спёкай дарогі зробяць, але адменяць рамонт на іншых трасах
10.08.2010 16:31
—
Новости Авто
|
Зацверджаны загадзя бюджэт дарожнікаў не прадугледжваў спёкі і такой колькасці каляін, якія з-за яе ўтварыліся. І, каб іх адрамантаваць, давядзецца адкласці запланаваны рамонт іншых дарог.
Не паспелі дарожнікі адрамантаваць дарогі, сапсаваныя нязвыкла моцнымі маразамі, як на іх абрынулася новая бяда — анамальная для Беларусі спёка. І пабіла дарогі каляінамі. Але начальнік упраўлення ўтрымання дарожнай сеткі дэпартамента “Белаўтадар” Аляксандр Галаўнёў не лічыць сітуацыю катастрафічнай. Аляксандр Галаўнёў: “Зараз паводле нашых ацэнак дзесьці ў 1,8 раза працягласць каляін павялічылася ў параўнанні з мінулымі гадамі. Але крытычнай каляіны няма, калі рух ускладнены. Адрамантаваць усё адразу — немагчыма. Таму ў нас патрульны нагляд, тэхнагляд пастаянна кантралюе стан усёй сеткі і там, дзе выяўляецца блізкія да крытычных значэнні, там прызначаюцца рамонтныя мерапрыемствы і каляіну прыбіраюць. Нельга казаць, што мы ўсе сілы кінулі на знішчэнне каляін, але гэта пад кантролем. І там, дзе трэба, гэта робіцца”. У сакавіку Аляксандр Галаўнёў расказаў Еўрарадыё, што сёлета з бюджэту на дарожныя працы выдзелена 970 мільярдаў рублёў. З іх 165 мільярдаў дарожнікі планавалі накіраваць на бягучы рамонт дарог, 146 — на капітальны. За гэтыя грошы адмыслоўцы меркавалі капітальна адрамантаваць 102 кіламетры дарог, а на 1300 зрабіць неабходны бягучы рамонт. Зараз гэтыя планы давядзецца перагледзець. Аляксандр Галаўнёў: “Бюджэт у нас зацверджаны і ніхто да яго нічога не збіраецца дадаваць. Таму — пераразмеркаванне. З нейкіх дарог будзем здымаць запланаваныя аб’ёмы і накіроўваць на першачарговыя аб’екты. Аптымізацыя затрат — дзе важнейшыя, туды і будзем накіроўваць. Бо рэальна атрымаць дадатковыя грошы праблематычна”. Колькі з раней запланаваных дарог вымушаныя будуць чакаць абяцанага ўжо сёлета рамонту, Галаўнёў казаць не бярэцца. Спёка яшчэ не скончылася і складана падлічыць суму дадатковых грошай, што пойдзе на рамонт незапланаваных каляін. Між тым, ужо цяпер дарожнікам трэба думаць над тым, дзе знайсці дадатковыя сродкі на будучыя рамонты — спёка скараціла тэрміны службы дарогі без рамонту. Аляксандр Галаўнёў: “Міжрамонтныя тэрміны гэтая спёка нам скароціць, безумоўна. Калі мы на нейкую дарогу збіраліся праз 7-8 гадоў прыйсці, то нам давядзецца вяртацца праз 3-5 гадоў”. І прызнаўся, што сёння сітуацыя з каляінамі не выглядае катастрафічнай дзякуючы не новым тэхналогіям, а правераным адміністратыўным метадам. Аляксандр Галаўнёў: “Сістэма мер стрымлівання нагрузак у гадзіны высокіх тэмператур: у нас абмежаванне руху з 11 да 21 гадзіны для машын, дзе больш за 6 тон на вось. Гэтая мера дастаткова эфектыўная і дазваляе пазбегнуць катастрафічных наступстваў”. Увесці такое абмежаванне ў гарадах, каб уратаваць дарогі, немагчыма. А грамадскі транспарт у гадзіну пік важыць не менш за нагружаную фуру. Але генеральны дырэктар сталічнага “Горрэмаўтадара” Іван Гурыновіч, як і яго калега, не схільны называць сітуацыю крытычнай. Іван Гурыновіч: “Каляіны з’явіліся, але з’явіліся яны на старых вуліцах. На тых новых і якія мы рамантавалі цягам апошніх двух гадоў паводле новай тэхналогіі, каляіны не з’явіліся. І спёка гэтая на новых сучасных вуліцах не адбілася. Яна адбілася на тых вуліцах, якія доўга эксплуатуюцца. І вялікіх страт… Будзем рамантаваць, але і калі б нават такой спёкі не было б, каляіны ўсё адно былі б. Адзінае — не два мільярды, а адзін толькі затрацілі б”. Вось толькі такіх новых альбо адрамантаваных паводле апошніх тэхналогій дарог у Мінску, згодна з яго словамі, толькі 10%. Рамонт усіх астатніх будзе каштаваць у два разы больш, чым звычайна і чым ад пачатку планавалася. Але і гэта, кажа Гурыновіч, не страшна. Бо грошай на капітальны рамонт і так катастрафічна не хапае. Іван Гурыновіч: “Нам сёлета на капітальны рамонт выдзелена 104 мільярды рублёў, а нам неабходна дзесьці 250 — каб уваходзіць у нарматыў. А на калейнасць нам трэба 1,5 мільярда. Гэта ж непараўнальныя лічбы. Таму, што тут думаць — за кошт цякучага ўтрымання выканаем гэтыя працы і ўсё”. Затое, кажа, гэтая спёка і каляіны падштурхнулі сталічных дарожнікаў да таго, каб найхутчэй пачаць прымяняць новыя тэхналогіі падчас рамонту дарог. Пакуль імі карысталіся толькі для рамонту пакрыцця на прыпынках грамадскага транспарту, але вырашылі сёлета распаўсюдзіць гэты досвед і на ўсю дарогу. І працы ўжо пачаліся: з 40 тысяч квадратных метраў сталічных каляін ужо, сцвярджае Гурыновіч, прыбралі каля 15 тысяч. Сталічны таксіст Сяргей, як і многія іншыя аўтааматары, далёка не ў захапленні ад мінскіх дарог. Праўда, як кажа кіроўца, каляіны асабліва не ўплываюць на тэхнічны стан аўто, але павышаюць аварыйнасць. Сяргей: “Вельмі шмат каляін. І ў некаторых выпадках гэта вельмі перашкаджае — кідае машыну з боку ў бок. Вельмі моцна руль трэба трымаць”. Дарожнікі, дзеліцца ён сваімі назіраннямі, працуюць і каляіны раўняюць. Але, кажа, не так хутка выпраўляюць сітуацыю, як таго хацелася б. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зацверджаны загадзя бюджэт дарожнікаў не прадугледжваў спёкі і такой колькасці каляін, якія з-за яе ўтварыліся. І, каб іх адрамантаваць, давядзецца адкласці...
|
|