У Шаркаўшчыне па завулку Даватара ў маі пачалі ўзводзіць пяціпавярховы панэльны дом. 21.by

У Шаркаўшчыне па завулку Даватара ў маі пачалі ўзводзіць пяціпавярховы панэльны дом

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

233 (Копировать)У 2008 — 2012 гадах у нашым раённым цэнтры па вуліцы Максіма Горкага былі пабудаваны два пяціпавярховыя і адзін чатырохпавярховы дамы. Трохпавярховы новы дом быў здадзены ў эксплуатацыю па вуліцы Энгельса. З той пары ўжо прайшло восем год. І вось сёлета ў Шаркаўшчыне зноў пачалося будаўніцтва.

Для паляпшэння жыллёвых умоў шаркаўчан і жыхароў сельскіх населеных пунктаў раёна ў гарадскім пасёлку па завулку Даватара ў маі пачалі ўзводзіць пяціпавярховы панэльны дом, разлічаны на сорак кватэр. Такім чынам, праз пяць месяцаў, у кастрычніку сёлетняга года, 40 сем’яў стануць навасёламі і атрымаюць ключы ад новых кватэр. На мінулым тыдні мы наведалі будаўнічую пляцоўку і пацікавіліся ходам работ на ўзвядзенні шматкватэрнага дома. Тут мы сустрэлі галоўнага інжынера будаўнічай арганізацыі “Глыбоцкая ПМК-48” Валерыя Роліча.

— Наша арганізацыя выйграла тэндэр на ўзвядзенне гэтага дома ў будаўнічага трэста № 16 з г. Полацка, — растлумачыў Валерый Станіслававіч — Напрыканцы восені мінулага года мы атрымалі дазвол на будаўніцтва. Папярэдне арганізацыяй “Віцебскграмадзяндзяржпраект” была распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. Заказчыкам па дадзеным аб’екце з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Пастаўскага раёна. Гэта ж арганізацыя ажыццяўляе і тэхнічны нагляд. У сваю чаргу, мы з’яўляемся генеральным падрадчыкам на будаўніцтве.

галоўны інжынер Валерый Роліч, майстар Сяргей Зубко і прараб Аляксандр Карніловіч (злева направа)

галоўны інжынер Валерый Роліч, майстар Сяргей Зубко і прараб Аляксандр Карніловіч (злева направа)

Пры ўзвядзенні аналагічных дамоў з цэглы даецца тэрмін у дзевяць месяцаў. У дадзеным выпадку шматпавярхоўка будзе панэльнай. Пабудаваць мы яе павінны за пяць месяцаў. Гэту задачу мы абавязкова цалкам выканаем.

На сённяшні дзень на аб’екце працуюць крыху больш дзесяці нашых работнікаў, задзейнічана шматлікая тэхніка. На субпадрадзе нам дапамагаюць будаўнікі Шаркаўшчынскай ПМК-68. Іх таксама больш дзесяці чалавек. Пакладзены рэйкі, ўзведзены вежавы кран, тэмпы работ паступова растуць. Будаўнікі ўжо вывелі нулявы цыкл. Паступова з Полацка, з завода буйна-панэльнага домабудаўніцтва нам дастаўляюць цокальныя панэлі, іншыя элементы.

Нязручным з’яўляецца тое, што месца будоўлі вельмі сціснутае, тэрыторыя надта абмежаваная. Магутная тэхніка з цяжкасцю праходзіць па адведзенай тэрыторыі. І для складзіравання будматэрыялаў тут амаль няма месца. Тым не менш, стараемся з гэтымі нязручнасцямі спраўляцца.

Мяркуем, што ўжо ў бліжэйшы час будзем працаваць на аб’екце ў дзве змены, а калі спатрэбіцца, то нават і ў тры, нягледзячы на начны час сутак. Галоўнай задачай ставім для сябе не проста ўкласціся ў тэрміны, а зрабіць сваю работу якасна, каб будучыя жыхары шматпавярхоўкі не адчувалі нязручнасей.

Як паведамілі нам у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, у новым пяціпавярховым доме прадугледжаны два пад’езды, 10 аднапакаёвых кватэр, 20 двухпакаёвых і 10 трохпакаёвых кватэр. Праектам таксама прадуглежана паркоўка для аўтамабіляў на 40 месцаў, дзіцячая пляцоўка, а таксама добраўпарадкаванне і азеляненне прылеглай тэрыторыі.

Карэспандэнты нашай газеты ў далейшым будуць сачыць за ходам будаўніцтва шматкватэрнага дома і размяшчаць матэрыялы на старонках раённай газеты.

Сяргей РАЙЧОНАК.

237 (Копировать)

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости о Коронавирусе)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика