Лукашэнка падпісаў распараджэнне аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных для грамадзян пытанняў
02.07.2020
—
Новости о Коронавирусе
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне «Аб дадатковых мерах па вырашэнні актуальных пытанняў жыццядзейнасці насельніцтва». Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Дакумент змяшчае меры па вырашэнні найбольш актуальных для насельніцтва пытанняў, якія паступілі пры зборы подпісаў выбаршчыкаў ініцыятыятыўнай групай у падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя меры ахопліваюць розныя сферы жыццядзейнасці (будаўніцтва, жыллёва-камунальную гаспадарку, транспарт, энергетыку, занятасць і сацыяльнае забеспячэнне, ахову здароўя, адукацыю, гандаль і іншыя). У дакуменце таксама знайшлі адлюстраванне даручэнні па пытаннях будаўніцтва жылля для ваеннаслужачых, дадзеныя кіраўніком дзяржавы 22 чэрвеня ў час рабочай паездкі ў Брэсцкую вобласць. Распараджэннем прадугледжваюцца штоквартальная справаздачнасць аб яго выкананні і забеспячэнне належнага інфармавання насельніцтва аб вырашэнні актуальных пытанняў. Кантроль за выкананнем распараджэння будзе забяспечаны КДК і Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі. У веданні БЕЛТА ёсць тэкст дакумента. Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам даручана забяспечыць работу па шэрагу напрамкаў. У сферах будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і энергетыкі— распрацаваць і зацвердзіць праграму, накіраваную на істотнае павелічэнне электраспажывання для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы, уключаючы пашырэнне льготных умоў для спажыўцоў, якія абаграваюць электракрыніцамі жылыя памяшканні і садовыя домікі (дачы); — забяспечыць стварэнне найбольш спрыяльных умоў з улікам сусветнага вопыту ў мэтах паўсюднага развіцця электратранспарту ў краіне; — удасканаленне парадку спагнання дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху без прывязкі да праходжання тэхнічнага агляду; — забяспечыць своечасовы капітальны і бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі, развіццё дарожнай інфраструктуры, аб’ектаў дарожнага сэрвісу, добраўпарадкаванне тэрыторый, а таксама комплексны падыход пры замене інжынерных сетак і элементаў добраўпарадкавання населеных пунктаў, асаблівую ўвагу ўдзяліць месцам правядзення работ, размешчаным паблізу жылых дамоў; — максімальна ўлічваць інтарэсы грамадзян пры планаванні маршрутаў грамадскага транспарту; — праводзіць капітальны рамонт жыллёвага фонду ва ўстаноўленыя тэрміны; — забяспечыць належную якасць пітной вады, устойлівае водазабеспячэнне, ачыстку і адвядзенне сцёкавых вод. У сферы гандлю— узмацніць кантроль за цэнавай сітуацыяй на спажывецкім рынку; — прымаць неадкладныя меры рэагавання пры ўстанаўленні фактаў неабгрунтаванага павышэння цэн на рэалізуемыя тавары. У сферах занятасці і сацыяльнага забеспячэння— забяспечыць вырашэнне пытанняў занятасці насельніцтва; — прымаць эфектыўныя меры па павышэнні заработнай платы ў арганізацыях з нізкім узроўнем аплаты працы; — ажыццяўляць дзейсны кантроль за своечасовай выплатай заработнай платы; — забяспечыць павышэнне ўзроўню заработнай платы за кошт стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месцаў. У сферы аховы здароўя— прадоўжыць далейшую рэалізацыю сістэмных мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне насельніцтву даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі; — забяспечыць наяўнасць неабходных лекавых сродкаў і кантроль за неабгрунтаваным ростам цэн на іх. У сферы адукацыі— прапрацаваць пытанне па змяненні фармату ўступных іспытаў пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі па асобных спецыяльнасцях, у тым ліку паступленні па конкурсе атэстатаў аб агульнай сярэдняй адукацыі без здачы ўступных іспытаў для выпускнікоў, якія атрымалі мэтавыя накіраванні; — забяспечыць прапрацоўку пытання па ўстанаўленні пераважнага права на залічэнне за кошт сродкаў бюджэту ў вышэйшыя, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці для асоб, якія паступаюць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў (рабочых); — прапрацаваць пытанне арганізацыі пры неабходнасці ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках прадмета «Працоўнае навучанне» прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў па найбольш запатрабаваных сельскагаспадарчых прафесіях («трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці», «аператар машыннага даення» і іншыя). У грашова-крэдытнай сферы (сумесна з Нацыянальным банкам)— забяспечыць павышэнне даступнасці крэдытных рэсурсаў для ўсіх катэгорый грамадзян у мэтах будаўніцтва і набыцця жылля; — забяспечыць даступнасць зняцця наяўных грашовых сродкаў з рахункаў з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. У распараджэнні таксама дадзены канкрэтныя даручэнні па рэгіёнах. Забяспечваць іх выкананне даручана Савету Міністраў сумесна з аблвыканкамамі. У Брэсцкай вобласці — правесці капітальны рамонт з мадэрнізацыяй хірургічнага корпуса ў Маларыцкай раённай бальніцы; — пабудаваць школы-сады ў Кобрыне і Століне, агульнаадукацыйную сярэднюю школу ў мікрараёне Бароўкі-2 у Баранавічах, дзіцячыя яслі-сад у Жабінцы. У Віцебскай вобласці — распрацаваць і зацвердзіць комплекс мер па развіцці Полацкага раёна на перыяд да 2025 года; — адкрыць інфекцыйнае аддзяленне ў цэнтральнай бальніцы ў Полацку; — завяршыць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Чашніках; — забяспечыць належныя ўмовы знаходжання і пражывання дзяцей у аздараўленчым лагеры «Юнацтва» філіяла «Лукомская ДРЭС» РУП «Віцебскэнерга». У Гомельскай вобласці — завяршыць будаўніцтва аб’екта «Цэнтр гульнявых відаў спорту ў г.Светлагорску. 1-я чарга — Лядовы палац»; — адкрыць магазін у аграгарадку Янова Веткаўскага раёна; — завяршыць будаўніцтва школы ў мікрараёне нумар 21 г.Гомеля. У Гродзенскай вобласці — забяспечыць будаўніцтва рэзервовых свідравін, водаправодных сетак і станцый па ачыстцы вады ад прымесей жалеза ў аграгарадку Пархімаўцы Бераставіцкага раёна; — прыняць неабходныя меры па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў, мадэрнізацыі галоўных каналізацыйных помпавых станцый, рэканструкцыі і будаўніцтве каналізацыйных калектараў у Лідзе; — пабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Слоніме. У Мінскай вобласці — пабудаваць дзіцячую дашкольную ўстанову і школу ў Фаніпалі, а таксама школу ў Стоўбцах; — фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Дзяржынску; — дзіцячыя дашкольныя ўстановы ў Любані, аграгарадку Міханавічы і пасёлку Дружны; — дзіцячы сад — пачатковую школу ў мікрараёне нумар 11 Усходні ў Маладзечне; — новы будынак паліклінікі ўстановы аховы здароўя «Нясвіжская цэнтральная раённая бальніца» ў Нясвіжы; — фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам у Старых Дарогах і басейн ва Уздзе. У Магілёўскай вобласці — правесці рамонтна-рэстаўрацыйныя работы для захавання палацава-паркавага ансамбля ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна; — пабудаваць радыялагічны корпус нумар 3 у Магілёўскім абласным анкалагічным дыспансеры і інфекцыйны корпус у Магілёўскай бальніцы нумар 1; — дарогу «Паўднёва-заходні абход Магілёва»; — школу з басейнам і дзіцячы сад з басейнам у мікрараёне нумар 7 Бабруйска. Сумесна з Мінскім аблвыканкамам і Мінскім гарвыканкамам — рэалізаваць комплекс мерапрыемстваў па пераводзе Мінска ў 2025 годзе на водазабеспячэнне толькі з падземных крыніц. Акрамя таго, у распараджэнні даручана забяспечыць распрацоўку і зацвярджэнне да канца 2020 года Дзяржаўнай праграмы добраўпарадкавання ваенных гарадкоў, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні Міністэрства абароны, на 2021-2025 гады. Брэсцкаму гарвыканкаму да канца 2021 года трэба спланаваць і завяршыць будаўніцтва спартыўнага стадыёна на тэрыторыі 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады з выкарыстаннем пазабюджэтных сродкаў і жылога дома для ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона на ўмовах долевага будаўніцтва. Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць ваеннаслужачых Узброеных Сіл арэндным жыллём дзяржаўнага жыллёвага фонду ў адпаведнасці з артыкулам 111 Жыллёвага кодэкса. |
|