Источник материала:

калектыў супрацоўнікаў аддзела з плацельшчыкамі па Шаркаўшчынскім раёне: Валянціна Сікора, Таццяна Цімафеева, Наталля Мікульская, Анастасія Гінько
12 ліпеня ўсе супрацоўнікі падатковых інспекцый Рэспублікі Беларусь будуць адзначаць сваё прафесійнае свята — Дзень работнікаў падатковых органаў. Яны забяспечваюць своечасовае і поўнае паступленне ў бюджэт падаткаў з фізічных і юрыдычных асоб. У многіх з нас работнікі падатковых органаў асацыіруюцца са строгімі выканаўцамі законаў, якія заклікаюць грамадзян “заплаціць падаткі і спаць спакойна”. А на самой справе адказнасць і дысцыплінаванасць выдатна спалучаюцца з абаяльнасцю і прыгажосцю гэтых жанчын.
Сёння невялікі калектыў аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Шаркаўшчынскім раёне Міністэрства па падатках і зборах па Глыбоцкім раёне, які ўзначальвае Таццяна Уладзіміраўна Цімафеева, выконвае значны аб’ём работы, у аснове якой забеспячэнне правільнага падліку, своечасовасці і паўнаты аплаты падаткаў у бюджэт
Сёлета Міністэрству па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь споўнілася 30 год. Наогул, гісторыя падаткаў налічвае ўжо не першае тысячагоддзе, бо неабходнасць у іх узнікла яшчэ на досвітку чалавечай цывілізацыі, а з’яўленне было звязана з грамадскімі патрэбамі. Падатковыя органы прайшлі значны шлях станаўлення. Мяняліся назва і структура, праводзіліся рэформы, якія, дарэчы, не спыняюцца і цяпер. Але заўсёды нязменнай заставалася галоўная задача — забеспячэнне поўнага і своечасовага паступлення падаткаў і збораў у бюджэт.
Шмат год адпрацавалі ў падатковай інспекцыі Ганна Антонаўна Макаранка, Фёдар Мікалаевіч Русецкі, Эдуард Уладзіміравіч Юдыцкі, Мікалай Анатольевіч Падагель і іншыя ветэраны дадзенай галіны. Першым начальнікам дзяржаўнай падатковай інспекцыі з’яўляўся Васілій Данілавіч Грамовіч. У 1995 годзе на гэтай пасадзе яго змяніў Фёдар Мікалаевіч Русецкі. З 2007 года начальнікам інспекцыі была Ірына Аляксандраўна Бурчык.
— У верасні 2017 года ў інспекцыі па падатках і зборах нашага раёна адбыліся змяненні, — кажа Таццяна Уладзіміраўна. — У выніку праведзенай рэарганізацыі ІМПЗ па Шаркаўшчынскім раёне ўвайшла ў склад інспекцыі Глыбоцкага раёна. У нашым гарадскім пасёлку застаўся толькі аддзел па рабоце з плацельшчыкамі, невялікі калектыў якога налічвае чатыры чалавекі.
Напярэдадні прафесійнага свята асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам, якія ў розныя гады і на розных пасадах працавалі ў інспекцыі. Увогуле, усім работнікам падатковых органаў жадаю, каб наша важная для грамадства праца прыносіла маральнае задавальненне і жаданне дасягнуць новых вышыняў. Падаткаплацельшчыкам дзякую за добрасумленнасць і вялікую адказнасць, разуменне і імкненне да партнёрскіх узаемаадносінаў. Жадаю ўсім трывалага здароўя, дабрабыту ў сем’ях, поспехаў у працы на карысць раёна.
Сяргей РАЙЧОНАК.