Сёння ў Кіеве пройдзе фінал Міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу “Еўрабачанне-2009”
Першы Нацыянальны і спутнікавы канал “Беларусь-TV” будуць весці прамую трансляцыю з месца падзеі. Амаль што тыдзень беларуская дэлегацыя -- і тэхнічная, і творчая -- знаходзіцца ў сталіцы Украіны.
Напярэдадні свята карэспандэнту “БН” дала інтэрв'ю выканаўчы прадзюсар тэлеканала “Лад” Людміла Барадзіна. Яна цяпер таксама падтрымлівае беларускую каманду ў Кіеве. -- Ужо прайшлі запланаваныя рэпетыцыі. Наш выканаўца Юра Дземідовіч і яго паплечнікі, можна сказаць, асвоіліся на сцэне, -- паведаміла Людміла Барадзіна. -- І мне здаецца, што нумар атрымліваецца выдатны. Юра ўдала “прымерыўся” да мікрафона, а калі і ёсць пэўныя недахопы, то іх трэба паправіць не дзецям, а дарослым! Пэўныя карэктывы пасля некалькіх рэпетыцый былі ўнесены ў нумар. Сёння мы пакажам, на што здольныя. Настрой баявы! Людміла Барадзіна таксама адзначыла, што для дзяцей конкурс -- моцная стрэсавая сітуацыя. Таму ім трэба выказваць толькі пажаданні: зразумела, псіхалогія дзяцей адрозніваецца ад псіхалогіі дарослых. Дарэчы, у складзе творчай дэлегацыі ад Беларусі -- маці Юры Дземідовіча Таццяна Міхайлаўна. Падтрымліваць беларускага “чароўнага трусіка” разам з мамай будуць гледачы Першага Нацыянальнага і спутнікавага канала “Беларусь-TV”. Шоу пройдзе ў кіеўскім Палацы спорту, і весці яго будуць Ані Лорак, Цімур Мірашнічэнка і Дзмітро Барадзін. Конкурсную праграму распачне Швецыя. Юра Дземідовіч выступіць дванаццатым па ліку з трынаццаці ўдзельнікаў песеннага форуму. Каменціраваць конкурс будзе Дзяніс Кур'ян, а балы ад Беларусі, якія паставяць нашы гледачы, аб'явіць Арына Аляшкевіч, вучаніца шостага класа Мінскай лінгвістычнай гімназіі-каледжа № 24. Чаго ж чакаць ад Беларусі ў Кіеве? Насамрэч, састаўляць нейкія рэйтынгі і даваць пэўныя прагнозы ў “Еўрабачанні” -- безвынікова. Конкурс адрозніваецца ад ішых сваёй непрадказальнасцю. Выключэнне -- трыумфатар дарослага конкурсу гэтага года Аляксандр Рыбак. Людміла Барадзіна дадала, што самае галоўнае, каб нашы выканаўцы не перахваляваліся перад выхадам на сцэну. Што ж, усе трымаем кулачкі за Юру Дземідовіча. Хто ведае, можа, яго “эціс, аціс, анімаціс” зачаруе ўсю Еўропу? Глядзім сёння прамую трансляцыю ў 21.15. Таццяна УСКОВА, “БН”. НА ЗДЫМКУ: юны артыст на адной з рэпетыцый у Кіеве. Фота БЕЛТА.