Тут гукні — адгукнецца Расія!
09.12.2009
—
Новости Культуры
|
09.12.2009
Краснапольскі раён займае паўднёвую частку Аршанска-Магілёўскай раўніны. Плошча яго — звыш 120 тысяч гектараў, з іх лясы — 52 132 гектары. Тут працякаюць прыгожыя рэкі Тур’я, Ельня, Галуба, Покаць, Палуж... Большай часткай раён мяжуе з Бранскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. Першыя звесткі аб узнікненні гандлёва-рамеснага паселішча на месцы сённяшняга райцэнтра датуюцца 1707 годам. Два гады назад гарадскі пасёлак святкаваў сваё 300-годдзе. Краснапольскі раён афіцыйна ўтвораны 17 ліпеня 1924 года. Паэзія мужнасці і дабрыні Аляксея ПЫСІНА Паэт нарадзіўся ў вёсцы Высокі Борак. У музеі мясцовай школы ўспамінаюць Аляксея Пысіна, які гаварыў, што яму часам хочацца пехатою прайсці з Краснаполля да сваёй роднай вёсачкі. Родная дарога — адкрытая кніга, якую можна чытаць бясконца.Паэтычны талент Аляксея Пысіна — талент ад Бога. Яго паэзію аб вайне прыраўнялі да прозы Васіля Быкава. Сёння імя Пысіна вучоныя, даследчыкі і літаратары ставяць побач з імёнамі Баратынскага, Цютчава, Блока, Твардоўскага, Купалы, Танка, Куляшова, Панчанкі і іншых выдатных паэтаў.З 1941 па 1945 год Аляксей Пысін ваяваў на фронце, быў двойчы паранены. З 1946 года працаваў у раённым друку, “Магілёўскай праўдзе”. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968 г.) за кнігу вершаў “Твае далоні”. Аляксей ПЫСІН КраснаполлеРасступаюцца сосны, і полеМне прыносіць жытнёвы паклон.Добры дзень, добры дзень, Краснаполле,Салаўіны, глыбінны раён. Бачу нівы, лугі і лясы я,Чую песню дзяўчат на зары.Тут гукні — адгукнецца Расія,Рэха вернецца з Краснай Гары. Помню сам, як кацілася рэхаЗ гулам, звонам да нас напрасткі.Услед за рэхам у вёску прыехаўПершы трактарАдтуль,З-за ракі. Перасыпана гліна пяскамі,З гэтай гліны збаны —Як званы.На прасторах збанкамі-званкаміЗалацістыя звоняць ільны. Край бацькоўскі, раўнінна-гарысты,Аніколі цябе не мінеш.Ты лістком, ты расінкаю чыстайІ дымком сваім сэрца кранеш. Жывыя сведкі гісторыі У гэтых мясцінах у VI—VIII стагоддзях пасяляліся плямёны радзімічаў. У 885 годзе край радзімічаў уваходзіў у склад Кіеўскай Русі. У курганах таго часу каля вёсак Князеўка, Клясіна, Леніна і іншых знаходзяць каменныя малаткі, нажы, упрыгожанні, шмат іншых рэчаў.Дырэктар гісторыка-этнаграфічнага музея Алена Васількова расказала нам, што ў 1846 годзе мястэчка Краснаполле было прызнана буйным гандлёва-рамесным цэнтрам усходняй Магілёўшчыны, куды з’язджаліся нават расійскія і ўкраінскія купцы, асабліва ў дні ярмарак.Да сённяшніх дзён захаваліся такія традыцыйныя рамёствы, як ткацтва і ганчарства.Кацярына Фёдараўна Бадунова прадэманстравала, якія прыгожыя рэчы можна ткаць на кроснах. Залатыя Зоркі братоў Жлобаў Наўрад ці ў гісторыі Беларусі ёсць такі прыклад, каб двум родным братам было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.А вось Юлій Ягоравіч і Яўген Ягоравіч Жлобы маюць Зоркі Герояў. Працуючы ў калгасе імя Калініна, яны дабіліся высокіх паказчыкаў на вырошчванні бульбы. Было гэта ў 60—70-я гады, калі вядомыя ў рэспубліцы звеннявыя атрымлівалі з гектара па 320 і больш цэнтнераў бульбы. Дзяржава дастойна адзначыла заслугі вядомых на ўсю краіну бульбаводаў.Зараз браты Жлобы жывуць на Краснапольшчыне, жыхары якой дагэтуль ганарацца землякамі-героямі. Ясеневы гай і Іванаў хутар Гэтымі найпрыгажэйшымі куткамі ганарацца жыхары Краснапольшчыны. Урочышча “Ясеневы гай” лічыцца ландшафтным заказнікам мясцовага значэння. Плошча — 4,3 гектара. А знаходзіцца ён у яшчэ адным знакамітым месцы — урочышчы “Касцёл”, што ў пойме ракі Палуж. Побач маюцца рэшткі помніка ваяводзе Вялікага княства Літоўскага, які загінуў у час Грунвальдскай бітвы (1410 г.).Батанічны сад “Іванаў хутар” у вёсцы Брылёўка — помнік прыроды мясцовага значэння. Заснаваў яго вучоны-батанік з Расіі Іван Ізотавіч Зотаў. Ён нарадзіўся ў гэтых мясцінах і часта сюды наведваецца. Кожнае дрэўца дзесяцігектарнага батанічнага саду пасаджана рукамі Івана Ізотавіча. Тут больш за 30 відаў экзатычных дрэў з Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі. Народны тэатр — візітная картка раёна Год яго нараджэння — 1918-ы, год творчай сталасці — 1962-і, калі тэатру было прысвоена высокае званне “Народны самадзейны калектыў”.Дырэктар народнага тэатра расказвае:— За час існавання творчага калектыву ў ім былі выхаваны цудоўныя выканаўцы, якія тут атрымалі пуцёўку ў вялікае мастацтва: Людміла Разумава, артыстка Мінскага тэатра юнага гледача, Людміла Лаўрыновіч, якая стала заслужанай артысткай Расійскай Федэрацыі, і іншыя.Ля яго вытокаў стаяў настаўнік Краснапольскай адзінай працоўнай політэхнічнай школы 2-й ступені Аляксандр Грубе, вядомы потым як народны мастак БССР. А яго памочнікамі былі браты Васіль і Андрэй Шашалевічы, якія пазней сталі вядомымі беларускімі пісьменнікамі.Многія спектаклі Краснапольскага народнага тэатра, асабліва “Лявоніха на арбіце”, “Папараць-кветка”, “Трыбунал”, “Паўлінка”, “Парог”, “Вечар” і іншыя, вядомы тэатральнай грамадскасці Беларусі. Маладзёжны цэнтр “Міраж” Гэты незвычайны культурны асяродак з’явіўся ў Краснаполлі зусім нядаўна. Цяпер у моладзі з’явілася магчымасць для адпачынку, творчых спраў і захапленняў.Сюды будуць прыязджаць маладзёжныя дэлегацыі з Краснагорскага раёна Браншчыны, Чачэрскага раёна Гомельшчыны, каб абмяняцца вопытам, падзяліцца творчымі і працоўнымі дасягненнямі. Першы помнік Леніну ў СССР Цікава, што першы помнік правадыру пралетарыята Уладзіміру Ільічу Леніну ў СССР з’явіўся ў Краснаполлі. Пра гэта ведаюць нават не ўсе жыхары райцэнтра.А было гэта ў далёкім 1922 годзе, яшчэ пры жыцці рэвалюцыянера № 1. Помнік Ільічу быў выкананы з гліны скульптарам Аляксандрам Грубе.Гэта той самы Грубе, які ў 1925 годзе стаў аўтарам мінскага помніка Леніну, устаноўленаму ў 1933 годзе перад Домам урада.Вядома, што манумент з гліны да нашага часу не захаваўся.Мы не змаглі даведацца, у якім месцы стаяла першая скульптура правадыра.Аднак помнік Леніну ў Краснаполлі ёсць. І стаіць ён зараз на галоўнай плошчы райцэнтра каля райвыканкама. ПасляслоўеЯк зазначыла нам пасля цікавага падарожжа па Краснапольшчыне намеснік райвыканкама Тамара Каваленка, у раёне не сем, а дваццаць сем цудаў. У іх пераліку — царква Дзмітрыя Растоўскага ў вёсцы Выдранка, узведзеная ў 1905 годзе, праваслаўны Свята-Успенскі храм у Краснаполлі, Палужскае вадасховішча, стаянкі людзей дзесятага стагоддзя, старажытныя курганы і г.д. Асаблівым радком акрэсліла Тамара Каваленка знакамітага земляка краязнаўца і літаратара Леаніда Лабаноўскага, які выдаў “Краснапольскую хроніку”.Краснапольская зямля шмат дала Бацькаўшчыне — прафесійнага рэвалюцыянера Я.Зевіна, легендарнага доменшчыка М.Кураку, пісьменнікаў А.Пысіна, А.Мрыя (Шашалевіча), С.Кухарава, М.Ткачова...А колькі талентаў у навуцы, тэхніцы, мастацтве! Гэта — член-карэспандэнт Акадэміі навук, Герой Сацыялістычнай Працы грунтазнаўца М.А.Цытовіч, член-карэспандэнт Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Ф.П.Коршунаў, кінаактрыса Н.Зорская, эстрадная спявачка М.Пахоменка, заслужаныя артысты М.А.Багданаў, У.І.Слодкі, А.А.Яфрэменка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Краснапольскі раён займае паўднёвую частку Аршанска-Магілёўскай раўніны. Плошча яго — звыш 120 тысяч гектараў, з іх лясы — 52 132 гектары. Тут працякаюць прыгожыя рэкі Тур’я, Ельня, Галуба, Покаць, Палуж... Большай часткай раён мяжуе з Бранскай вобласцю Расійскай Федэрацыі. Першыя звесткі аб узнікненні гандлёва-рамеснага паселішча на месцы сённяшняга райцэнтра датуюцца 1707 годам. Два гады назад гарадскі пасёлак святкаваў сваё 300-годдзе. Краснапольскі раён афіцыйна ўтвораны 17 ліпеня 1924 года.
|
|