Гэта элементарна, Рычы!
23.12.2009 19:15
—
Новости Культуры
|
Гай Рычы надта цудоўна ведае, што па часе багата хто будзе прыгадваць яго толькі як былога мужа Мадонны, які ў выніку разводу атрымаў 60 мільёнаў фунтаў. Таму, зрабіўшы свой свежы трымценнік, 41-гадовы рэжысёр хоча пераканаць нас у адваротным, настояць, што варты ўвайсці ў гісторыю кінематографа, а не свецкай хронікі. У той самы момант, калі яго кар’ера і жыццёвы шлях ператварылася ў цмяную таямніцу, ён звярнуўся па дапамогу да самага знакамітага сышчыка ў свеце. Ці ж «Шэрлак Холмс», новая стужка Гая Рычы, якая выйдзе ў апошні дзень старога года ў пракат, верне рэжысёра ў вышэйшую лігу топ-прадусараў? Пачатак кар’еры абяцаў Гаю Рычы шмат: першая ж паўнаметражка – шалёны поспех. Тое былі «Карты, грошы, дзве рулі», што выйшлі ў 1998. Фільм уключаў сцэны з шыкам снятага гвалту, невялічкія, але трапныя эратычныя эпізоды, а таксама мілыя сэрцу кожнаму брытанца кадры з папулярным футбалістам Ўіні Джонсам (той дастаў ролю ваўкаватага рэкеціра). Прыгоды чатырох сімпатычных (і знутры і звонку) няўдачнікаў выклікала буру захаплення і хвалю падражанняў па ўсім свеце. Фільм быў зняты за які мільён, а прынёс у 25 разоў больш. Для Галівуда, вядома, не вельмі што, але дастаткова, каб пераканаць амерыканцаў даверыць Гаю Рычы і большыя праекты.
У дадатак падчас запісу гукавай дарожкі да фільма, Гай Рычы пазнаёміўся з Мадоннай. Вяселле не марудзіла з прыходам, і вось пры канцы 2000 году рэжысёр мае ў наяўнасці народжанага сына і шатландскі замак з жонкай-зоркай у камплекце. Падсцёбнуты побытавай уладкаванасцю і творчымі дасягненнямі, у той жа год Рычы здымае «Снэч» (рас. «Большой куш»), баявік, які таксама засяродзіўся на праблемах размеркавання з цяжкасцю нажытых мафіёзных капіталаў. Гэтам разам магчымасці кастынгу ў Рычы былі шырэйшыя: вось вам і Брэд Піт, і Бенісіё Дэль Тора. Да таго ж рэжысёр не забыў сваіх братоў па колішняй нізкабюджэтнасці: Джонса і Джэйсана Стэтгэма, які з часоў «Двух руляў» зрабіўся зоркай прыгодніцкіх стужках, як то «Італьянская праца» і «Перавозчык». І зноў, зноў поспех. «Ракенрольшчык», зняты ў 2008 паводле тых жа страляй-даганяй рэцэптаў не ўразіў ані крытыкаў ані прыхільнікаў. Першыя сказалі, што першынцы былі дасціпнейшыя: «Ракенрольшчык» жа бракавала свежасці і непасрэднасці, зноў гэтыя проціпастаўленні брыдкіх мафіянераў-верхаводнікаў і сімпатычна-мройных «шасцёрак», ды колькі можна адно і тое ж!... А публіка прагаласавала нагамі: ці то чорны гумар крымінальнікаў набіў аскомы, ці то вока замылілася ад красуноў з «узі», і таму гледачы палічылі за лепшае застацца дома.
Крытыкі і шараговыя кінаманы пагаджаюцца: 140-хвілінны і 60-мільённы «Шэрлак Холмс» - гэта цудоўная магчымасць Рычы давесці шырокай публіцы, што яму па-ранейшаму ёсць што прапанаваць свету як творцу і што ён у стане змяніць заеджаную пласцінку. Хаця Гай Рычы кажа, што яго Холмс будзе сугучны нашаму часу, ды хутчэй будзе нагадваць не замкнёнага дамасяда, а счаснага трылернага прайдзісвета. Па-першае, Холмс будзе прадстаўлены вялікім Жыгала, якому не чужое ўсё мужчынскае (то бок, жаночае). Па-другое, сышчык заўсёды гатовы кінуцца ў галавакрутны экшн: ён не толькі выкрывае злачынствы паслугуючыся высілкамі ўласнага клёку, але і ганяецца за злачынцамі, дзякуючы сваім натрэніраваным цягліцам. Цяпер Шэрлак і Ватсан будуць высвятляць адносіны, не седзячы ля каміна і дадаючы да кожнага сказу прыдомак «сэр», а махаючы на баксёрскім рынгу кулакамі. У дадатак фільм пастаўлены не паводле Конан Дойлевых твораў, а па вытворнай, графічным рамане, а па-просту коміксу, які напісаў Лаянэл Віграм. Ці Шэрлак Холмас - каласальны поспех або татальная параза Гая Рычы, пабачым: з 31 снежня ў беларускіх кінатэатрах. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У той самы момант, калі яго кар’ера і жыццёвы шлях ператварылася ў суцэльную таямніцу, ён звярнуўся па дапамогу да самага знакамітага сышчыка. Ці ж «Шэрлак Холмс», новая стужка Гая Рычы, верне рэжысёра ў вышэйшую лігу топ-прадусараў?
|
|