Тры дзяўчыны вырашылі паваражыць… + фоты. 21.by

Тры дзяўчыны вырашылі паваражыць… + фоты

06.01.2010 13:25 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З 7 па 19 студзеня ў Беларусі адзначалі святкі, ці Каляды.




З 7 па 19 студзеня ў Беларусі адзначалі святкі, або Каляды. На працягу гэтых двух тыдняў увечары забаранялася працаваць, асабліва шыць, плесці, рабіць што-небудзь крывое, а таксама секчы сякерай. Як расказала карэспандэнту БЕЛТА старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Таццяна Кухаронак, святкаваць святкі пачыналі яшчэ з вечара 6 студзеня.

Да Каляд рыхтаваліся загадзя: забяспечвалі сябе прадуктамі, гаспадыні старанна прыбіраліся ў хаце, моладзь майстравала маскі і карнавальныя касцюмы, усе мыліся ў лазні, апраналі святочнае адзенне.

Галоўнай стравай на святочным стале ў ноч на Каляды была куцця. Яна гатавалася з ячменю або іншых круп з алеем або мёдам. Есці куццю пачыналі са з’яўленнем на небе першай зоркі. Калі ўсе размяшчаліся за сталом, гаспадар браў першую лыжку куцці і запрашаў мароз у госці: «Мароз, мароз, прыходзь куццю есці, каб ты не марозіў ячмень, пшаніцу, гарох, сачавіцу, проса, грэчку і ўсё, што мне Бог дасць пасеяць». Гаспадыня ад свайго імя запрашала мароз у госці і прасіла, каб ён не марозіў расаду морквы, гарбузоў, буракоў.

У гэту ноч сачылі за станам надвор’я, каб даведацца прагноз на год. Шмат зорак на небе прадказвала багаты ўраджай пшаніцы, грыбоў, добры прыплод свойскай жывёлы. Калі з-за адлігі чарнела дарога, беларусы верылі, што летам вырасце шмат грэчкі. А вось калі ў гэту ноч за вокнамі моцна мяло, чакалі лета з градам. Шмат шэраню на дрэвах прадказвала багатае ва ўсіх адносінах лета. Аб ураджайным годзе сведчыла і цёплае надвор’е, з невялікім снегам і туманам.

Першы дзень Каляд, або Раство, святкавалі ад душы. У госці запрашалі родных, сяброў, суседзяў. А ўвечары моладзь пачынала калядаваць. Выходзілі калядаваць на вуліцу з шумам, музыкай і песнямі, убраныя ў самыя розныя касцюмы і маскі. Самым вядомым персанажам у калядоўшчыкаў была каза, якая сімвалізавала ўрадлівасць, дабрабыт і пладавітасць. Як правіла, ніводны дом не заставаўся без увагі вясёлага і шумнага людскога натоўпу. І ў кожным доме іх чакалі з нецярпеннем: згодна з народным павер’ем, візіт калядоўшчыкаў прынясе шчасце, здароўе, дабрабыт у сям’ю на ўвесь будучы год.

Вечар перад старым Новым годам (13 студзеня) называецца Шчодрым вечарам. Гэту назву свята атрымала ад шчодрай куцці (яе яшчэ называлі багатая другая куцця). На святочны стол ставіліся смажаныя каўбасы, свежаніна, сыр, яечня, бліны з падліўкай, крывянка, а ў цэнтры знаходзілася куцця. Усяго ж на стале павінна было быць 12 страў - па колькасці месяцаў у годзе.

Па традыцыі варожаць на працягу ўсіх дзён святак, аднак лічыцца, што самымі дакладнымі з’яўляюцца прадказанні, атрыманыя ў ноч з 13 на 14 студзеня: усё, што наваражылі, — спраўдзіцца. У народзе верылі, што ў святыя вечары прадстаўнікі іншага свету ходзяць па зямлі, і ў гэты час да іх было лягчэй звяртацца. Таму гэты перыяд лічыўся найбольш спрыяльным для прадказання лёсу, і ў прыватнасці замужжа.

Існуе мноства спосабаў дзявочай варажбы. Напрыклад, можна звярнуцца па дапамогу чыстага ліста паперы. Кожная дзяўчына (удзельнічаюць 2-3 варажбіткі) камячыць ліст і падпальвае яго на чыстай талерцы. Утвараецца горка попелу з рэшткамі спаленай паперы. Пры дапамозе свечкі трэба стварыць праекцыю ценяў на сцяне. Разглядаючы цені, можна ўбачыць розныя карціны, вобразы, сімвалы, па якіх і тлумачыцца будучае.

Варожаць таксама на імя будучага жаніха. Апоўначы дзяўчаты выходзяць на скрыжаванне. Тут кожная пытаецца імя першага сустрэтага мужчыны — яно і будзе імем нарачонага. Не менш распаўсюджаным спосабам варажбы было падслухоўванне пад вокнамі суседскіх дамоў. Калі ў доме размаўлялі спакойна - добрая прыкмета, а вось калі сварыліся або спрачаліся — замужняе жыццё абяцала быць неспакойным.

Сёння варожаць і на гаросе, арэшках і кававых зярнятах. Так могуць варажыць мужчыны і жанчыны. Варажбіт бярэ у жменю гарошыны, арэшкі або кававыя зярняты колькі зможа, устрэсвае іх некалькі разоў, затым выкладвае зярняты па адным на стол, прыгаворваючы па слову на кожнае зернетка. На апошнім, што вымавіце, тое і здзейсніцца. Прыгаворваць можна так: «Мельхіёр, латунь і злата, серабро, чыгун і вата, асабняк, палац, шалаш, хлеў, пятнаццаты паверх, «Форд», «Таёта» напракат, «Мерседэс» і самакат, «Вольва», «Шкода», «Запарожац», — што табе за ўсё даражэй?»

Завяршала калядны цыкл Вадохрышча. У гэты дзень усюды па Беларусі асвячалі ваду, а на рэках і азёрах праходзіў абрад вадохрышча. Дарэчы, набраная вада ў гэты дзень лічылася гаючай і мела ўласцівасць засцерагаць людзей ад хвароб і няшчасця.

У народзе лічылася, што калі на Вадохрышча вельмі холадна — на жніво будзе спёка. Снег на Вадохрышча абяцаў вялікі ўраджай грыбоў, калі ў гэты дзень цёплае надвор’е — збожжа ўзыдзе густа. Калі на Вадохрышча на небе аблокі, чакалі добрага года, неба чыстае — год будзе неўраджайным.

БЕЛТА, фота prosto-free.livejournal.com

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 7 па 19 студзеня ў Беларусі адзначалі святкі, ці Каляды.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика