Куды знік Дзед-Барадзед? або БАЮ.By. 21.by

Куды знік Дзед-Барадзед? або БАЮ.By

21.01.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

21.01.2010

Мяркую, ніхто са мной не будзе спрачацца — убачанае і пачутае напачатку нашага жыцця застаецца ў памяці назаўсёды.

Не ведаю, як вы, а я ў сваім ружовым дзяцінстве заўсёды засынала пад “Калыханку”: мяне не бянтэжылі ні прымітыўная графіка, ні пашарпаныя лялькі. Героям, якія расказвалі захапляючыя гісторыі з экрана, я верыла, як любімай маме. Што ўжо казаць пра ўладара думак пакалення 90-х, легендарнага Дзеда-Барадзеда! Дарэчы, дзе ён цяпер? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні я вырашыла атрымаць з першых вуснаў.

Героі нашага часу

Адна з першых лялек “Калыханкі” — сабачка Цява. Калі памятаеце, у кадры ён паяўляецца з мудрым састарэлым дзядулем. Цява, як і многія лялькі-доўгажыхары, дагэтуль захоўваецца ў рэквізітарскай Белтэлерадыёкампаніі. Тэлевізійная кар’ера ва ўсіх розная. Адны не пратрымаліся на тэлеэкране і двух гадоў, іншых, насупраць, паклоннікі не адпускалі на спакой дзесяцігоддзямі. Усё вырашаюць рэйтынгі і колькасць пісьмаў ад гледачоў.У кожнага персанажа тут свая гісторыя: футравічка Вені, медзведзяняці Топы, парасяці Сені... Вобраз свінкі, дарэчы, у лялечнікаў атрымаўся крыху амерыканізаваны, таму ў пятачка паявілася шмат ворагаў. Бацькі закідалі рэдакцыю пісьмамі з просьбай надаць ляльцы больш традыцыйны выгляд і, галоўнае, — укараціць ёй надта доўгі, на іх думку, нос. Просьбу, як ні дзіўна, выканалі. А вось лялька Васілінка перажыла больш сур’ёзную “аперацыю”. Спачатку гэта быў хлопчык Бульбінка. Унісекс-рысы дазволілі без асаблівых праблем змяніць ляльцы пол. У вядучых “Калыханкі” таго перыяду быў проста ўнікальны сувядучы — робат-электронік. На сваім “блакітным” жываце ён паказваў дзецям мультфільмы, а таксама быў своеасаблівай машынай часу, мог перанесці Васілінку і Васілька ў любую эпоху і краіну. Адзін з найлюбімейшых герояў беларускай “баюкаўкі” Буслік настолькі палюбіўся публіцы, што голас актрысы, якая яго агучвала, дзеці пазнавалі ў грамадскім транспарце. Слава пра нашага Бусліка пайшла далёка, яго нават запрашалі ў іншыя краіны для сумесных тэлепраектаў. Старажыл дзіцячай рэдакцыі Алена Фурсава ўспамінае:— Буслік у нас і ў фантане купаўся, і плоў еў з узбекскімі дзецьмі... Дзеці сапраўды любяць нашы персанажы і, што важна, вераць ім. Здымалі мы неяк праграму ў музеі прыроды, я тады агучвала зайчыка. Падышла я з лялькай да аднаго малыша і пачала задаваць пытанні. Вы не паверыце, дзіця бачыла мяне, бачыла, як я тузаю за вяровачкі, размаўляю, але звярталася да лялькі.

Хто яго выкраў?

Забаўную песеньку пра ўсенароднага любімца Дзеда-Барадзеда дагэтуль памятаюць на памяць, нягледзячы на тое, што персанаж гэты даўно “выйшаў на пенсію”. Дарэчы, тэлевізійнай кар’еры Барадзеда можна пазайздросціць: ён укладваў спаць беларускіх дзетак з 1985 года! Лялькаводы запэўніваюць, што Дзед быў вельмі капрызлівым і патрабаваў да сябе асаблівай увагі. Абслугоўвалі яго тры акцёры: адзін тузаў за ручкі, другі — за ножкі, а трэці кіраваў мімікай. На той час гэта было сапраўдным прарывам: “дзядулю” запісвалі на рыр-экране (спецыяльны аднатонны фон), затым накладвалі камп’ютэрную графіку.— Яго больш любілі дарослыя, чым дзеці. Наўрад ці сённяшнім дзецям цікава, куды прапаў Дзед-Барадзед. Гэта цікавіць дарослых, якія тады былі дзецьмі, — расказвае кіраўнік аддзела падрыхоўкі тэлепраграм для дзяцей і юнацтва Алена Будрыцова.Сакрэт папулярнасці Барадзеда просты, гавораць стваральнікі. Лялька была сапраўды аўтэнтычнай, беларускай: нос бульбінкай, менталітэт і светапогляд родныя і зразумелыя нашаму гледачу. Падобных персанажаў на расійскім экране не існавала, таму герой сапраўды атрымаўся непаўторны. На жаль, расплатай за высокія рэйтынгі стала старасць. У Дзеда ўваліўся нос, ён знасіўся і патрапаўся. Рэдактары схавалі тэлевізійнага мэтра ў рэквізітарскай і не паказвалі прыйшоўшым на экскурсію дзецям. Фіналу гэтай гісторыі пазайздросціў бы Маркес! — Дзед-Барадзед бясследна знік.— Гэта дэтэктыўная гісторыя, пакрытая цемрай невядомасці, — расказвае нам Алена Фурсава. — Мянялася кіраўніцтва, праводзілася рэканструкцыя, многіх лялек спісалі і аддалі ў садкі і дзіцячыя дамы. Хто ведае, можа, небарака ажыў і сам вырашыў “абысці ўвесь белы свет”?

Сакрэт фірмы

Сёння “Калыханку” вядуць пяць герояў: Фея сноў (Алена Бікрэнева), Маляваныч (Аляксандр Ждановіч), лісічка Яна, медзведзяня Топа і Сплюшык, істота, якая з цяжкасцю паддаецца апісанню, падпольная мянушка якой — “блакітная тваруга”. Акцёр тэатра “Хрыстафор” Уладзімір Варанкоў іграе Топу ўжо шмат гадоў. На тэлебачанні з яго жартуюць: “У “Хрыстафоры” ты заўсёды сакратарка, а Топа — твая адзіная мужчынская роля”. А вось Сплюшнік, як гавораць на тэлекухні, вельмі падобны на актрысу Эмілію Пранскутэ. Менавіта яна сядзіць пад сталом на падушцы і рукой кіруе рухамі свайго персанажа. Праца гэта нялёгкая, хоць на прафесійныя хваробы лялькаводы не скардзяцца, прафесію сваю любяць. Дарэчы, гардэроб у лялек невялікі. Адзенне ім шыюць і вяжуць супрацоўнікі рэдакцыі або перадаюць удзячныя гледачы. З лялькамі трэба абыходзіцца вельмі акуратна. Фігуркі зроблены з пап’е-машэ і таму ў пральнай машыне ім “лазню” не наладзіш.— Неяк уключаю “Калыханку”, — расказвае Алена Будрыцова, — а там Яна штосьці лапамі трымае, а яны чорныя! Я тэлефаную дзяўчатам: “Вы што, звар’яцелі? Хутчэй Яне лапы мыць!”.Зрэшты, “калыханачныя” персанажы хутка зменяць сваё аблічча. Зараз спецыялісты працуюць над стварэннем прынцыпова новых лялек, якія змогуць не толькі адкрываць вочы і рот. Сапраўдныя міміруючыя істоты здольны на паказ цэлага спектра эмоцый! Так што душэўнасці і цеплыні ў любімай дзецьмі і дарослымі праграме стане яшчэ больш.

Топ-5

Рэйтынг папулярнасці герояў “Калыханкі”:1. Дзед-Барадзед2. Буслік3. Маляваныч4. Сеня5. Топа

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мяркую, ніхто са мной не будзе спрачацца — убачанае і пачутае напачатку нашага жыцця застаецца ў памяці назаўсёды. Не ведаю, як вы, а я ў сваім ружовым дзяцінстве заўсёды засынала пад “Калыханку”: мяне не бянтэжылі ні прымітыўная графіка, ні пашарпаныя лялькі. Героям, якія расказвалі захапляючыя гісторыі з экрана, я верыла, як любімай маме. Што ўжо казаць пра ўладара думак пакалення 90-х, легендарнага Дзеда-Барадзеда! Дарэчы, дзе ён цяпер? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні я вырашыла атрымаць з першых вуснаў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика