Перабудова! У Нясвіжскім замку адновяць вежу з гадзіннікам, якую… памылкова разбурылі
23.01.2010
—
Новости Культуры
|
23.01.2010
Шэсць гадоў таму ў рэзідэнцыі Радзівілаў здарыўся скандал, які ўзрушыў усю краіну. Замест вежы з гадзіннікам, накрытай бронзавым барочным шатром, над замкам узнеслася “вышка”, увянчаная залатой цыбулінай. “Прыгожа!” – усклікнулі адны, уражаныя залатым бляскам. “Фальшыва!” – адказалі, прыхільнікі сівой даўніны. Вежа, якая была архітэктурнай дамінантай Нясвіжскага замка, раптам кардынальна змяніла сваё аблічча. “Напалеонаўскія” сто тысяч Арыгінальны твор дойлідства, які ўпрыгожваў магнацкі дом з сярэдзіны XVIII стагоддзя, які ў XIX адлюстраваў Напалеон Орда (і цяпер гэта выява аздабляе нашу стотысячарублёвую купюру), які суправаджаў жыццё Радзівілаў у замку да 1939 года, фактычна ж зруй-на-ва-лі!На месцы верхніх ярусаў вежы пабудавалі нешта зусім дзівоснае. Адразу ж усчалася дыскусія: а адкуль увогуле ўзялася гэтая будыніна з цыбулінай?Усе мы ведаем класічны выгляд Нясвіжскага палаца. Будынак дайшоў да нас у нязменным выглядзе з апошніх двух стагоддзяў. І тут раптам такая сур’ёзная змена ў абліччы! Аказалася, што вежа — не чыясьці прыдумка, а ёй “вярнулі” рэнесансны выгляд, які тая мела яшчэ ў канцы XVI стагоддзя, калі Радзівілы акурат і пабудавалі свой замак.Выяву вежы скапіравалі “ў натуры” з гравюры, выкананай у XVII стагоддзі вядомым мастаком Тамашом Макоўскім. На той гравюры відаць панарама Нясвіжа і Нясвіжскага замка. Вежа замка сапраўды падобна да сённяшняй. Але спецыялісты паставілі пытанне рубам: нашто было нішчыць канструкцыю XVIII стагоддзя? Бо XVI стагоддзе ўжо ніяк не вернеш, а навабуд — помнік ужо нашага веку, XXI. Рэнесанс не ўпісаўся ў барока Праблема не раз ставілася на пасяджэннях Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. І вось рада пастанавіла: вежы вярнуць яе барочны сілуэт. Гэта значыць, дамінанта замка зноў стане такой, якой была на працягу апошніх двух з паловай стагоддзяў і якой мы яе бачым на купюры Нацыянальнага банка.Прапанову вярнуць вежы яе ранейшыя абрысы выказаў Сяргей Друшчыц, навуковы кіраўнік рэстаўрацыйных работ у Нясвіжскім замку: “Я выказаў меркаванне пра мэтазгоднасць прывядзення палацавага ансамбля да адзінага стылявога рашэння — у стылі барока. Дзеля гэтага трэба выправіць памылку, дапушчаную раней, калі была перабудавана гадзіннікавая вежа. З гэтай прапановай згадзіліся, бадай, усе спецыялісты. На жаль, рэканструкцыя вежы пачыналася да 2002 года, калі я прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. У час працы над праектам рэстаўрацыі замка мне стала адразу відавочна, што новая вежа не ўпісваецца ў ансамбль. Больш за тое, мой калега Уладзімір Бачкаў, які выканаў архітэктурны праект новай пабудовы паводле гравюры Макоўскага, карыстаўся не арыгіналам гэтай выявы, а копіяй, змешчанай у кнізе гісторыка Таўрагінскага, выдадзенай да Другой сусветнай вайны. Цяпер я маю электронную копію арыгінала гравюры і мушу сказаць, што цяперашняя вежа і яе прататып не супадаюць”. Прафесія — рэстаўратар Трэба сказаць, што вежу перабудоўвалі пад кіраўніцтвам арганізацыі “Грамадзянпраект”, а спадар Друшчыц з камандай прафесіяналаў прыйшоў у замак разам з арганізацыяй “Праектрэстаўрацыя”. Відавочна, што калі б справу адразу даручылі знаўцам — рэстаўратарам, а не майстрам звычайнага грамадзянскага дойлідства, не было б памылкі, адпаведна не было б патрэбы яе выпраўляць.Сяргей Аляксандравіч між тым падкрэслівае: “На перабудову вежы былі выдаткаваны вялізныя сродкі. Цяпер мы стаім перад гэтым фактам. І зразумела, што адразу памылку не выправіш”.— Трэба спярша давесці да канца рэстаўрацыйныя работы, насыціць інтэр’еры замка экспанатамі, а тады падысці да праблемы вежы, — прапануе дзейнічаць разважліва Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры. — Падкрэслю, што рада згадзілася з кірункам далейшых работ, які прапанаваў спадар Друшчыц. Сяргей Аляксандравіч прааналізаваў вялікую колькасць матэрыялаў, ён выйшаў на высокі ўзровень у даследаванні гісторыі Нясвіжскага замка. Улічваючы назапашаны і прадстаўлены радзе матэрыял, падыход навуковага кіраўніка прызнаны правільным. Цяпер мусіць быць распрацаваны архітэктурны праект, у прыватнасці, па вежы. Рада дала б рады... Калі ж праект будзе распрацаваны і пагатоў ажыццёўлены? На гэта пытанне адказу пакуль што няма. Але перспектыва вядома: у будучыні вежы быць такой, якой яна і была — прынамсі, на вачах і ў памяці апошніх пакаленняў.Але застаецца без адказу, бадай, самае істотнае пытанне, якое высвятляе першапрычыну ўзніклай праблемы. Як удалося даведацца, рашэнне па перабудове вежы з яе аўтэнтычнага барочнага выгляду ў “рэканструяваны рэнесансны” калісьці прымалася без ведама рады!Дык мо трэба ўсё ж спярша радзіцца, а пасля прымаць гістарычныя і лёсавызначальныя пастановы, панове спецыялісты? Вельмі цікава, ці не акажацца праз некалькі гадоў, што “памылкова” была разбурана яшчэ і галерэя Нясвіжскага замка. Нагадаю, што яе тэхнічны стан быў прызнаны крытычным, і адзін з корпусаў радзівілаўскай рэзідэнцыі знеслі, а пасля адбудавалі наноў. Натуральна, што нічога радзівілаўскага ў гэтай частцы палаца цяпер няма. З такім “раздзяўбайствам” неўзабаве ад нашай спадчыны застануцца толькі раскіданыя камяні ды пытанні, на якія ніколі не прагучаць адказы.Але ёсць і аптымістычная навіна. Як паведаміў Сяргей Друшчыц, паводле плана рэстаўрацыйныя работы павінны скончыцца ў наступным годзе. Між тым ужо цяпер асноўныя работы практычна завершаны: ад даху да замкавых пакояў. Усюды ўжо праведзены ацяпленне і электрычнасць. Летам па ўсім вялікім доме Радзівілаў можна будзе вадзіць экскурсіі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шэсць гадоў таму ў рэзідэнцыі Радзівілаў здарыўся скандал, які ўзрушыў усю краіну. Замест вежы з гадзіннікам, накрытай бронзавым барочным шатром, над замкам узнеслася “вышка”, увянчаная залатой цыбулінай. “Прыгожа!” – усклікнулі адны, уражаныя залатым бляскам. “Фальшыва!” – адказалі, прыхільнікі сівой даўніны. Вежа, якая была архітэктурнай дамінантай Нясвіжскага замка, раптам кардынальна змяніла сваё аблічча.
|
|