У пошуках ляхавіцкай “Атлантыды”. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што гэты кавалачак зямлі Брэстчыны нібыта абдзелены выдатнымі мясцінамі і знакамітымі людзьмі
11.02.2010
—
Новости Культуры
|
Знаходжанне паміж Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнамі сапраўды зрабіла Ляхавічам у гэтым сэнсе мядзведжую паслугу: некаторыя расійскія і польскія турысты моцна здзіўляюцца, што адміністрацыйная адзінка з такой назвай наогул існуе! Аднак не трэба спяшацца з вывадамі. “Изюминка” Ляхавіччыны — у цэлай гронцы старадаўніх паркавых ансамбляў, гістарычных валуноў і фамільных капліц. Нават тое, што засталося ад некалі ўражваючых сучаснікаў будынкаў, і зараз дорыць нам эстэтычнае перажыванне... Петрапаўлаўскі касцёл Касцёл святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы — адзін са старажытнейшых на Беларусі. Па меркаванні даследчыкаў, ён быў пабудаваны ў сярэдзіне XV стагоддзя! Драўляны храм праіснаваў да пачатку 1900-х гадоў. Апошняе набажэнства ў ім было адпраўлена 13 жніўня 1906 года. Потым на месцы драўлянага касцёла вырашылі збудаваць новы мураваны. Вернікі сабралі каля 60 тысяч рублёў. Праект новай святыні распрацаваў вядомы на той час польскі архітэктар Стэфан Шылер. Будаўніцтва было скончана ў 1908 годзе. Сёння ў касцёле знаходзяцца іконы XVIII — XIX стагоддзяў, яго ўпрыгожвае паліхромная разьба па дрэве. Храм уключаны ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Родам з Федзюкоў У гэтай вёсцы ў 1943 годзе з’явіўся на свет будучы беларускі кінарэжысёр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук. Яго творчасць, асноўнай тэмай якой быў подзвіг беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны, добра вядома і старэйшаму, і маладому пакаленню нашых суайчыннікаў. Міхаіл Пташук стварыў фільмы па аповесцях Івана Шамякіна “Вазьму твой боль”, Васіля Быкава “Знак бяды”, Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”. Апошні фільм Пташука — “У жніўні 44-га”. Кінарэжысёр загінуў у аўтакатастрофе ў 2002 годзе.У яго гонар названа вуліца ў Ляхавічах, на першым доме якой плануецца ўстанавіць мемарыяльную дошку з надпісам. У вёсцы Федзюкі, дзе знаходзіцца бацькоўскі дом Міхаіла Пташука, таксама хутка з’явіцца такая дошка. Абраз з выявай Маці Боскай Падлескай Святадухаўская царква ў вёсцы Падлессе, пабудаваная ў другой палове XVIII стагоддзя, з’яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага народнага дойлідства. У 1879 годзе ў царкве быў зроблены трох’ярусны іканастас, які ўпрыгожвалі сем абразоў старадаўняга і пяць абразоў больш позняга пісьма.Вельмі цікавы твор — абраз з выявай Маці Боскай Падлескай. Гэты абраз карыстаўся сярод вернікаў асаблівай павагай і лічыўся цудадзейным (яго нельга здымаць на фотаапарат).Мясцовая легенда расказвае, што нібыта абраз з’явіўся на камені, які ляжыць каля прыдарожнага крыжа па дарозе Падлессе — Зарытава. А знайшла яго сляпая ад нараджэння дзяўчына. Патапавіцкія валуны У звод помнікаў краіны занесены валуны з высечанымі каталіцкімі і праваслаўнымі крыжамі, што стаяць уздоўж дарогі ў вёсцы Патапавічы. На некаторых з іх вядомы беларускі археолаг Міхась Чарняўскі выявіў лічбы “1683” і выказаў меркаванне, што патапавіцкія валуны сведчаць пра ўдзел беларускіх ваяроў, у тым ліку і жыхароў вёскі Патапавічы, у разгроме туркаў пад Венай, дзе ў 1683 годзе адбылася адна з самых значных бітваў у гісторыі Еўропы. Верагодна, патапавіцкія воіны там загінулі, а на іх радзіме былі ўстаноўлены мемарыяльныя валуны з выявамі крыжа і датай гібелі.Пацвярджэнне такому меркаванню знайшоў беларускі гісторык Уладзімір Емяльянчык. Ён адшукаў у архіве згадку пра ўдзел у венскай бітве дзеда нацыянальнага героя Польшчы і Беларусі Тадэвуша Рэйтана. Рэпіхаўскі паркавы ансамбль Рэпіхава лічыцца адным з самых старадаўніх пасяленняў нашых мясцін. Назва “Рэпухаў” прыгадваецца ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага за 1481 год. Пасля Ільінічаў, Радзівіла Сіроткі, Нясвіжскага калегіума езуітаў, Тызенгаўзаў гаспадарамі Рэпіхава сталі вядомыя дваране Патоцкія.Сёння парк з воднай сістэмай займае 6 гектараў. Будынкі не захаваліся. Застаўся толькі склеп, выкладзены цэглай. Больш за 600 гадоў самаму высокаму дрэву Рэпіхаўскага парку — веймутавай сасне. Яна выцягнулася да нябёс на 32 метры! Брызгліна еўрапейская, свідзіна чырвоная, чаромха позняя, чубатка, званочак шыракалісты, старасцень дняпроўскі, барвінак... Усё гэта засталося нам у спадчыну ад графа Патоцкага, які быў гаспадаром маёнтка ў Рэпіхаве. Стары граф любіў прыроду, быў фанатам экзотыкі.Пад яго пільным наглядам у другой палове XIX стагоддзя адбывалася фарміраванне прыроднага натуральнага архітэктурна-паркавага ансамбля. Адзін час у Рэпіхаве працаваў аканомам Тадэвуш Чачот — прадстаўнік старажытнага, але збяднелага шляхецкага роду. Яго сын Ян, чые дзіцячыя гады прайшлі сярод рэпіхаўскага хараства, стаў беларускім і польскім паэтам, фалькларыстам, сябрам Адама Міцкевіча. Сёння пра сувязі Яна Чачота з Рэпіхавам сведчыць устаноўлены ў парку памятны знак. Фамільная капліца роду Рэйтанаў На адлегласці 1,5 кіламетра ад Ляхавіч знаходзіцца вёска Грушаўка. Яна вядома як месца, звязанае з імем Тадэвуша Рэйтана, чыё жыццё ўвайшло ў гісторыю як прыклад самаахвярнага служэння Радзіме. Сёння ад былога маёнтка мала што засталося. Цікавасць выклікае фамільная капліца роду Рэйтанаў, пабудаваная наводдаль ад сядзібы, на месцы, дзе абарвалася жыццё апошняга прадстаўніка роду — Юзафа. Сюды ў 1930 годзе быў перанесены і прах Тадэвуша Рэйтана. Тут ён заставаўся да 1939 года. Капліца пабудавана ў канцы XIX стагоддзя ў выглядзе мініяцюрнага гатычнага храма. Гэты будынак лічыцца адным з лепшых прыкладаў неаготыкі на Беларусі.Да капліцы вядзе старая алея з лістоўніц. Дрэвы пасаджаны парамі, і іх рост плаўна павышаецца ў кірунку да капліцы. Амаль стагоддзе існуе гэта алея, а дрэвы так і не змянілі свой зададзены першапачаткова рост: у пачатку алеі яны амаль на палову ніжэйшыя за тыя, што растуць у канцы. Алея каля капліцы сімвалізуе сабой лесвіцу, па якой ідзе шлях ад зямнога быцця чалавека да новага, нябеснага жыцця. Нача Брындзоўская Нача згадваецца ў гістарычнай літаратуры з XV стагоддзя. Сядзібны дом пабудаваны Міхалам Чарноцкім у 1810—1815 гадах. Ансамбль мае восевую планіроўку: у цэнтры мураваны палац, з двух бакоў якога размешчаны гаспадарчыя пабудовы. Пейзажны парк, аб’яднаны з пладовым садам, размешчаны за палацам.У заходняй частцы парку стаіць незвычайны акруглы стол, які складаецца з гранітных круглых пліт, устаноўленых на кароткай тоўстай ножцы. Ва ўсходняй частцы размешчана кампазіцыя ў выглядзе клумбы, дыяметр якой 7 метраў і якую называюць сонечным гадзіннікам. У цэнтры круга расла старая лістоўніца польская; пазней па кругу высаджаны 12 лістоўніц еўрапейскіх (сёння, на жаль, ёсць толькі чатыры). Таксама тут маецца восем валуноў. Адзін урос у ствалы ліп, паміж якімі быў устаноўлены. Сімвалічнае значэнне іх, разводзяць рукамі гісторыкі, вызначыць складана. Магчыма, яны выражалі памяць аб загінуўшых удзельніках паўстання Кастуся Каліноўскага 1863—1864 гадоў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знаходжанне паміж Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнамі сапраўды зрабіла Ляхавічам у гэтым сэнсе мядзведжую паслугу: некаторыя расійскія і польскія турысты моцна здзіўляюцца, што адміністрацыйная адзінка з такой назвай наогул існуе! Аднак не трэба спяшацца з вывадамі. “Изюминка” Ляхавіччыны — у цэлай гронцы старадаўніх паркавых ансамбляў, гістарычных валуноў і фамільных капліц. Нават тое, што засталося ад некалі ўражваючых сучаснікаў будынкаў, і зараз дорыць нам эстэтычнае перажыванне...
|
|