Залатая сярэдзіна Івана Хруцкага. 21.by

Залатая сярэдзіна Івана Хруцкага

02.03.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На юбілейным вернісажы Івана Хруцкага ў Нацыянальным мастацкім музеі было шматлюднаДвухсотыя ўгодкі знакамітага земляка — юбілейная дата
ў міжнародным календары ЮНЕСКА

Яго душа і розум адчувалі самыя розныя культурныя ўплывы. “Паляк па нацыянальнасці, беларус па месцы нараджэння, канчаткова сфарміраваўся як мастак у плыні рускай акадэмічнай школы…” — чытаем пра Івана Фаміча ў адной з біяграфій. І пры ўсім тым — аніякіх затрымак, як сказалі б цяпер, на старце жыцця: ужо ў 1838-м дзве работы Івана Хруцкага адзначаны малым залатым медалём Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу. А праз год за нацюрморт “Кветкі і садавіна” наш зямляк “узведзены ў званне акадэміка як мастак, што набыў вядомасць сваімі папярэднімі работамі”. Гонар жа быць месцам нараджэння “аднаго з лепшых рускіх жывапісцаў неадушаўлёнай прыроды, які таксама з поспехам займаўся партрэтным жывапісам”, выпаў мястэчку Ула тагачаснага Лепельскага уезда Віцебскай губерні (цяпер гэта Полацкі раён).
Талентам такога маштабу ўвогуле цеснавата ў любых рамках і вызначэннях. А спецыялісты лёгка знойдуць у яго светлых, сонечных, радасных нацюрмортах, партрэтах і ўплывы еўрапейскіх школ жывапісу. Дарэчы, мастацтвазнаўца з Віцебска Людміла Вакар ужо рабіла цікавыя паведамленні наконт таго, што ў творчасці Івана Хруцкага арганічна ўжыліся такія адметныя мастацкія стылі, як славянскі барочны сарматызм і аўстра-нямецкі бідэрмеер. Зрэшты, пакінем пра тэорыю: шырокая публіка убачыла, прыняла, ацаніла жыццярадасныя творы мастака і без глыбокіх абагульненняў. Прыгожа, зразумела — і ўвесь тут сказ.
Як мне падаецца, удалося чуйнай душы Івана Фаміча знайсці, акрэсліць рысамі і фарбамі гэткую залатую сярэдзіну. Паміж небам і зямлёй, паміж Захадам і Усходам… Ён і наднацыянальны і, я б сказаў, надсацыяльны — бо зразумелы і ў царскіх пакоях, і ў вясковых хатах. Творы Хруцкага мелі вялікі поспех, спара-дзілі хвалі перайманняў. Так, ён свядома працаваў “на рынак”, арыентаваўся на густы самай шырокай публікі — але ж рабіў гэта эфектна, майстарскі. І ёсць мудрая логіка жыцця ў тым, што ў юбілейны год “імя беларускага мастака Івана Хруцкага вяртаецца ў культурную прастору Еўропы” — так сказаў на нядаўняй урачыстасці, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння жывапісца, міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Такое вяртанне стала магчымым, бо ЮНЕСКА аб’явіла 2010 год Годам Івана Хруцкага — імя нашага земляка ўнесена ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА.
Гэтым зусім юным мастакам ёсць у каго павучыцца майстэрствуБеларусь, вядома ж, годна святкуе гэты юбілей. У прыватнасці, 24 арыгінальныя творы Івана Фаміча прадстаўлены на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Там жа праходзіць выстава жывапісу таленавітай праўнучкі мастака, нястомнай збіральніцы яго творчай спадчыны Ядзвігі Мацяеўскай. Можна пабачыць і прысвечаныя Івану Хруцкаму творы медальернага мастацтва, зробленыя Алесем Шацілам. Прайшла таксама прэзентацыя памятнага канверта з маркай і сярэбранай манеты, выпушчанай Нацбанкам Беларусі спецыяльна да 200-х угодкаў мастака.
У міністэрстве культуры паведамілі, што і на радзіме майстра, у Полацку, які сёлета абраны культурнай сталіцай Беларусі, пройдуць выставы яго работ, а таксама канферэнцыі, пленэры, конкурсы маладых мастакоў. На Полаччыне плануюць устанавіць бюст знакамітага земляка.
І яшчэ адзін юбілейны штрых, які надае падзеі міжнароднае гучанне: карціны Івана Хруцкага сёлета будуць выстаўлены ў Луўры, а таксама ў штаб-кватэры ЮНЕСКА. Прычым, як свярджаюць знаўцы, у знакамітым Луўры гэта будзе наогул першая беларуская выстава.

Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Двухсотыя ўгодкі знакамітага земляка — юбілейная дата
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика