Рыгор Барадулін пра Лявона Баразну. Успаміны
24.02.2010 21:34
—
Новости Культуры
|
Ускруціўся ні свет ні зара Ускруціўся ні свет ні зара. Звычайна кажуць пра тых, каму не спіцца, хто не дае спаць іншым, спаць спакойна і мякка. I Лявон Баразна ўскруціўся ні свет ні зара. Ён не даваў спаць усім, хто праспаў нацыянальную свядомасць, нацыянальную памяць, хто праспаў беларушчыну. Ён быў мулкі ўсім тым, хто прамяняў сумленне беларуса на інтэрнацыянальную ўтульнасць, хто, як сабака перад пастухом, перадкаваў перад ахвосцем з метраполіі чырвонай імперыі. Ён быў скразняком, які ўрываўся ў душныя ад пакоры і дабрабыту душы, які кудлаціў бальшавіцкае ўчасанне мазгоў пярэваратняў, ваўкалакаў. Ён быў смаляком, які гарэў жарка, каб адтавалі заінелыя шыбіны абражаных надзей. Ён вяртаў менавіта наскія, беларускія строі, бо не хацеў, каб хай сабе толькі назваю нацыянальныя калектывы мастацкае самадзейнасці і прафесіяналы насілі абноскі вялікадзяржаўніцкага крою. Любы чысты кавалачак паперы прыдаваўся на замалёўку арнаменту, убору, паставы. Бо і ў самой паставе праяўляецца дух натуры, нацыянальны гонар. Пра арнамент — касмічныя пасланні продкаў нашых — і казаць не даводзіцца. Злавіць Лявона было цяжэй, чымся іншапланецяніна. Удзень і ўночы ў клопаце. Заказы. Касцюмы. Паездкі па зборы матэрыялу. Некалькі разоў пашчасціла мне пабыць у майстэрні Лявона на Нямізе. Драўляная. На другім паверсе. Уся ў палотнах, падрамніках. Дазваляў сабе іншы раз расслабіцца — са слоікаў пілі і царкоўны кагор, і нешта мацнейшае. …У майстэрні ўражвала мяне тады, у змрочныя гады наступу на ўсё нацыянальнае, беларускасць карцін Лявона Баразны. Гэта ягоная Марыська сядзела на пяньку ў лесе. Беларуская русалка. Гэта з палотнаў Лявона Баразны глядзелі на мяне беларусы і казалі, наказвалі: «Будзь беларусам! Дзе Беларусь, там — вячніна». Дарэчы, і Марыська ў Лявона была чыстай вады беларуска. Мама мая назвала яе па-сялянску пашанліва, па-гаспадарску любоўна — бульбінка. Як толькі Лявон вымаўляў «Марыська», мне адразу ішлі на памяць радкі верша Кастуся Каліноўскага. Бо калі добра ўгледзецца, Лявон быў нечым нават вонкава падобны да навальнічнага Кастуся. Не дзіва, што цягнуліся адзін да аднаго Лявон Баразна і Уладзімір Караткевіч. I вясёлыя, і смешныя здарэнні былі. Недзе ў годзе ў 72-м Уладзімір Караткевіч быў запрошаны на хрэсьбіны дачкі Лявона на радзіму Марыські (дзявочае прозвішча яе ласкава-скоклівае — Тананушка) у вёску Збляны на Гродзеншчыне. Наогул, Уладзімір Караткевіч любіў быць хросным бацькам. Наколькі я ведаю, быў ім і ў латыша Ераніма Стулпана, і ў Васіля Сёмухі. Адпаведна ўрадна апрануўшы нацыянальную вышыванку, хросны бацька вёў рэй. Але з хрэсьбінаў вярнуўся сумны. Пакусаў сабака. Бо хроснаму бацьку ў вышыванцы захацелася залезці ў будку да сабакі. Відаць, праверыць санітарныя ўмовы. Гаспадару будкі гэта яўна было не ў нос. I вось сумны сябра мой жаласным голасам кажа, што давядзецца рабіць сорак уколаў ад шаленства. I што самае страшнае — нельга піць сорак дзён. На што я запярэчыў, што сабака гаспадарскі здаровы. А што тычыцца забароны, то давай, кажу, у запісную кніжку-дзённік напішу табе на адпаведным дні гарантыю, што будзеш жыць. На тым і пагадзіліся. I яшчэ раз адзначылі народзіны дачушкі Лявона. Памятаю, патроху пачалі бурыць услед за Нямігай раён Юбілейнага рынку. На ўзгорку стаяў асабнячок. Яго павінны былі зносіць. Лявону дужа ўпадабаўся куты хвартушок над ганкам. Выдатная кавальская праца. I грошы гаспадарам прапаноўвалі, і гарэлку. Не згадзіліся прадаць. Так недзе і прапала, як і балконнае ліццё з выявай коннікаў з будыніны Гарадскога тэатра па Рэвалюцыйнай, 28 (разам з будынінай). У абарону гэтага гістарычнага дома выступаў і Уладзімір Караткевіч. Як самую дарагую памяць, берагу я тканы нацыянальны гальштук-жычку, што мне падараваў Лявон. У паездцы ў Францыю завязваў я яго ў самыя ўрачыстыя моманты. На вечар паэзіі, на прыём у пасольстве. I было ўсцешна, калі французы ў гадах прасілі дазволу бліжэй разгледзець незвычайны галыптук. I тлумачыў я, што гэта беларускі, што гэта ад нашага мастака Лявона Баразны. Незадоўга да трагічнае смерці (фактычна забілі тыя, каму быў косткай у горле няскораны беларускі нораў мастака) Лявон збіраўся з"ездзіць у Вушачу. Бо расказаў яму, што мяне вучыў настаўнік, празаік, былы партызан Канстанцін Баразна. Лявон вылічваў, вылічваў і вылічыў, што Канстанцін Паўлавіч не дужа і далёкая радня. Рэдкае гэта прозвішча — Баразна. Хлебаробнае, хлебароднае. Дарагое аратайнай душы. Як і Скарына... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ускруціўся ні свет ні зараУскруціўся ні свет ні зара. Звычайна кажуць пра тых, каму не спіцца, хто не дае спаць іншым, спаць спакойна і мякка.I Лявон Баразна...
|
|