У Мінску з’явяцца бігборды з партрэтам Караткевіча
25.02.2010 14:29
—
Новости Культуры
|
Міністэрства культуры Беларусі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім пералічвае мерапрыемствы, што рыхтуюцца да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Аблвыканкамы сумесна з Мінскім і Аршанскім гарвыканкамамі плануюць мемарыялізаваць і добраўпарадкаваць мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю пісьменніка. Працы тут шмат. Бо толькі на адной Рагачоўшчыне, да прыкладу, іх захавалася з дзесятак. Адны ён перанёс у свае творы, іншыя — паспрыялі стварэнню тых твораў. У Рагачове захавалася хата дзядзькі пісьменніка, у якой былі напісаныя «Ладдзя роспачы», «Сівая легенда». Але на ёй няма ніякай шыльды, якая б распавядала пра Караткевіча. У хаце можна было б стварыць і асобны музей. Бо ў пакойчыку ў мясцовым краязнаўчым музеі, адведзеным пад літаратуру краю, пісьменніку прысвечана толькі пара стэндаў. Гэтага, зразумела, недастаткова. Але гаспадар, стрыечны брат Караткевіча Сяргей, адмовіўся вызваліць хату і пераехаць у кватэру, якую яму прапаноўвала дзяржава. Пакуль адзіная прыемная навіна — вуліца Чкалава, на якой знаходзіцца хата, будзе перайменавана ў гонар Уладзіміра Караткевіча. Сёлета ў Кіеве, дзе пісьменнік вучыўся на філфаку універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, паўстане яму помнік. Па ініцыятыве Міністэрства культуры і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі прадугледжана выданне твораў Караткевіча на замежных мовах. А таксама іх прэзентацыя ў сталіцах некаторых краін. На кінастудыі «Беларусьфільм» распачалі працу над стварэннем 4-серыйнага тэлевізійнага мастацкага фільма па кнізе «Каласы пад сярпом тваім». А летась старшыня ТРА саюзнай дзяржавы Ігар Угольнік паведамляў, што будзе зняты таксама фільм па матывах рамана «Чорны замак Альшанскі». Акрамя гэтага запланавана правядзенне мастацкіх выстаў, канферэнцый. А на вуліцах Мінска з’явяцца бігборды з партрэтам пісьменніка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міністэрства культуры Беларусі распаўсюдзіла прэс-рэліз, у якім пералічвае мерапрыемствы, што рыхтуюцца да 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча. |
|