Дзе рымейк, Білі?. 21.by

Дзе рымейк, Білі?

25.02.2010 13:27 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 2010 годзе ў свеце і ў Беларусі сцэнар кіназдымкаў будзе ранейшы: у распрацоўку трапяць падноўленыя версіі старых, правераных часам блокбастэраў, а таксама сюжэты паводле класічных твораў. «Востраў скарбаў», «Франкенштэйн» і «Каласы пад сярпом тваім». Навіны кінематографа.

1. Дзе рымейк, Білі?


Не толькі Франкенштэйн замысліў вяртанне ў сучасным фармаце. Паводле кінематаграфічнага часопіса Empire, «Востраў скарбаў» — класічная кніга Роберта Льюіса Стывенсана — можа адведаць кінатэатры ў адноўленай версіі.

З 1920 г., калі выйшла першая нямая кінематаграфічная версія кнігі, нямала рэжысёраў і мультыплікатараў спрабавалі сваё шчасце і пераапрацоўвалі паспяховы раман у кінастужкі і тэлесерыялы. Натхнёныя шалёным поспехам іншай пірацкай гісторыяй апошніх гадоў, «Піратамі Карыбскага мора» ў брытанскай студыі Ecosse Films рыхтуюць і абяцаюць крыважэрным марскім рабаўнікам камбэк, апгрэйд-доступ да сучаснай моладзі.

Аднаногага Сільвера сыграе Шэрлак Холмс-2010, ён жа Роберт Даўні-малодшы.

2.Франкенштэйн-2010


"Франкенштайн"94"

У 2004 годзе аўтар літаратурных трымценнікаў Дына Кунц ажывіў трохі памярцвелы вобраз пачвары Франкенштэйна. Каб пачвара трохі акліматызавалася ў нашым свеце пасля дэкадаў забыцця, ён адправіў пякельную істоту ў Новы Арлеан нашых дзён.

Цяпер, выглядае на тое, што кніжная серыя з трох кніг здолела працярэбіць шлях да вяртання Франкенштэйна ў кіно: часопіс Variety паведамляе, што прадусары Ральф Вінтэр і Тэры Бутвік рыхтуюць кінематаграфічную апрацоўку для першай кнігі.

Самае пацешнае, што самі кнігі нарадзіліся з тэлевізійнага серыяла, які так і не выйшаў на экраны. Кунц і яго суаўтар Кевін Джэй Андэрсан напісалі апавяданне як падмурак для серыяла, які здымаў Маркус Ніспель. Але аўтарам не спадабаўся пілотны праект, і Ніспель вырашыў за лепшае не звязвацца з кіношнікамі.

3. Зноў бунт!


Гістарычны бунт у амерыканскай вязніцы «Атыка» ў верасні 1971 г. ужо засвяціўся на экранах. У 80-я былі знятыя тэлесерыялы пра гвалтоўны пратэст вязняў, а кліч адтуль: «Атыка, Атыка!» ў ЗША ўвайшоў у фальклор. Сёлета бунт мае ператварыцца ў паўнавартасны фільм. Дуг Лайман, які пазнаёміў нас з «Сп-ром. і сп-няй Сміт», а Анджаліну Джолі - з Брэдам Пітам, цяпер спрад"юсуе і зрэжысуе стужку, якая будзе называцца па-просту «Атыка». Сцэнар да яе напісаў Джэфры Флетчэр, які цяпер ходзіць у намінантах на «Оскар» за сцэнар да фантастычнага фільма Лі Дэніэлса Precious/«Пятае вымярэнне» (2009).

Лайман мае наўпроставае дачыненне да самой гісторыі бунту ў турме: яго бацька быў у камісіі, якая расследвала прычыны бунту, а таксама з’яўляўся адным з падпісантаў канчатковай справаздачы, у якой віна за дзесяткі смерцяў часткова ўскладалася на губернатара штата Нью-Ёрк і турэмныя службы.

Пакуль няясна, калі выйдзе фільм, і пакуль што можна задаволіцца іншай стужкай Лаймана, якая выйдзе да лета, баевіком «Справядлівая гульня» з Шонам Пэнам у галоўнай ролі.

4. Цяжкія ментальныя канструкціі


Крыху кур’ёзнага. Пасля «Манаполіі», Lego і «Трансформераў» адной дзіцячай забаве было неяк не вельмі бавіцца без свайго кінематаграфічнага ўвасаблення. Гутарка ідзе пра канструктар з жалезных дзіркаватых пласцінак, пры дапамозе якога дзеці ўсяго свету робяць свае першыя крокі ў інжынерыі і будаўніцтве. Амерыканская прад"юсарская кампанія Helix Films мае намер зняць сямейны фільм паводле канструктара, што вядомы ў Еўропе па найменні Meccano, ды які быў вынайдзены ў пачатку мінулага стагоддзя. Які сюжэт, спытаеце вы? Збытнае пытанне, галоўнае, будучыя стваральнікі фільма пакуль адкрылі, што гэта будзе 3-D ды фільм будзе напоўніцу выкарыстоўваць гандлёвы патэнцыял брэнду.

5. Каласы пад сярпом тваім. The Movie.


сцэна са спектаклю "Каласы пад сярпом тваім"

Перанесці гістарычна-прыгодніцкі раман «Каласы пад сярпом тваім», які ўпершыню быў апублікаваны ў 1965 годзе і стаўся адным з нарожных камянёў справы нацыянальнага выхавання моладзі, у больш відовішчны фармат спрабаваў шмат хто. Спярша ў канцы 80-х на Беларускім Радыё была зроблена шматгалосавая радыёпастаноўка рамана. Кіраўніком галасавой трупы тады выступіў тэатральны рэжысёр Валерый Анісенка. У 2007-м ужо без музыкі і адным голасам, але не менш паліфанічна і драматычна, «Каласы» агучыў знаны моўны педагог, вядомы чытальнік беларускай класікі, прафесар Андрэй Каляда. Выйшла CD-кружэлка з поўным тэкстам рамана, які гучыць цягам 40 гадзінаў. Усё роўна як аўтар раману, Уладзімір Караткевіч, які пісаў раман больш за 12 гадоў, тэатральны рэжысёр Анісенка доўгія гады выношваў і абдумваў ідэю паставіць раман на сцэне. І толькі ў 2008 на падмостках Тэатра беларускай драматургіі ён спраўдзіў сваю мару, урэшце зрабіўшы тэатральную пастаноўку паводле рамана.

Спектакль «Каласы пад сярпом тваім» — пастаноўка не толькі глыбокая, але і відовішчная. Яна найбольш набліжаная да кінастужкі: вялікая, кіношная масоўка (на сцэне побач здасведчанымі акторамі выступаюць і першакурснікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтва), багатыя светлавыя эфекты і паралельны відэашэраг, што дае магчымасць гледачу больш аб’ёмна успрымаць тое, што адбываецца на сцэне.

І вось 2010 год — аўтар шчымлівага прачытання «Тутэйшых» і «Сялянкі» Мікалай Пінігін будзе здымаць «Каласы пад сярпом тваім» на «Беларусьфільме». Фармальна кінастужка прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння Караткевіча. Над сцэнаром фільма працуе Аляксандр Канановіч, аўтар эксцэнтрычнай камедыі (там на галаву галоўнаму герою валіцца каляровая карова) «Колер Кахання».

Такім чынам, «Тутэйшыя»+«Колер Кахання»=«Каласы пад сярпом тваім»?

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якія фільмы будуць здымацца ў 2010-м? «Востраў скарбаў», «Франкенштэйн» і «Каласы пад сярпом тваім». Навіны кіно са свету і з Беларусі. Піша Ліза Кавальчык.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика