Белая яблыня грому. 21.by

Белая яблыня грому

10.03.2010 15:15 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


«Белая яблыня грому» — новы аўтарскі праект Лявона Вольскага. Складанка з 12 песень, напісаных на вершы класікаў XIX-XX стст.: ад Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча праз Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа да Максіма Танка, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна. Класіка класікай, але музычнае суправаджэнне сучаснае: блюз, рок, рэп і хэві-мэтал. Вольскі спадзяецца, што гэты праект дапаможа сучаснай публіцы наноў адкрыць для сябе творы ўсім вядомых паэтаў.

«НН»: Танк, Панчанка, Куляшоў... Лявон, мы нешта прапусцілі ў савецкай беларускай літаратуры? Вы знайшлі нейкі новы лірычны пласт вершаў?

Лявон Вольскі: Нам напачатку дапамагалі выракацца сваёй спадчыны, а цяпер мы й самі навучыліся. Раней мы былі малапісьменныя, і не чыталі, затое цяпер мы настолькі адукаваныя, што з пагардаю глядзім на гэтых «паэцікаў», маўляў, хто яны такія?! Мы ж цяпер умеем пісаць лепей, чымся яны! Прынамсі, нам так падаецца. Тым часам, дзяржава з радасцю падтрымала гэткае стаўленне — каб не нараджаць куміраў (у савецкі час літаратараў народ шанаваў), і вось ужо й народу ня трэба (шырокім масам), і нам — выкшталцоным і вытанчаным натурам. Лірычны пласт… Дык ён заўжды быў. І шукаць ня трэба.

«НН»: Вось Сяргей Дубавец у сваім колішнім эсэі «Ружовы туман» прапануе наагул забыць савецкую беларускую літаратуру праз яе бесхрыбетнасць і няздатнасць выхоўваць пачуццё нацыянальнага. А як на вашу думку, ці варта гэта рабіць?

ЛВ: Гэта рабіць дакладна ня трэба. У тагачаснай літаратуры безліч твораў яскравых і таленавітых. Як мне сказаў калісьці спадар Някляеў: «Гэтае пакаленне яшчэ ніхто не перапісаў». Такі вось іншы погляд на гэтую рэч.

Канцэртная прэзентацыя праекту адбудзецца 23 сакавіка ў Тэатры імя Янкі Купалы. Канцэрт будзе складацца з двух частак: першая частка — непасрэдна, «Белая Яблыня Грому» — 12 песень у розных стылях. Акампануе новы склад, Лявон спадзяецца, што ніякія тэрміновыя справы не перашкодзяць Аляксандру Памідораву выканаць пакладзены на рытмічную глебу рэпу верш Францішка Багдановіча «Немец», а Ганне Хітрык заспяваць з ёй дуэтам. У другой частцы паводле Лявонавых словах розныя нечаканыя песьні — сольныя,народныя, сумныя й вясёлыя.

«НН»: Вось паслухаўшы ваш канцэрт, моладзь кінецца да тамоў паэзіі, у пошуках нейкіх адкрыццяў і рокавай шчырасці, а там суцэльны «сцяг брыгады»: Паўлікі Марозавы, камсамол, хваласпевы кампартыі? Наагул, як на вашу думку, ці магчыма аддзяляць збожжа ад пустазелля ў савецкай паэзіі?

ЛВ: Я, калі пачынаў праект, таксама скептычна пацягнуўся да паэтычных тамоў. Я ніколі не чытаў Куляшова па-за школьнай праграмай. Тое , што я чытаў калісьці з Танка і Панчанкі, на цяперашні час ляжала ў забыцці. Тым большы быў эфект ад прачытаных вершаў — моцных, пранікнёных, музычных, шчырых, шэрых і апромненых, пафасных і панурых, маляўнічых і чорна-белых — такія вершы пішуцца ў любую эпоху... Хто захоча сабе нешта знайсці ў гэтых кнігах — немінуча знойдзе. Пры кожнай уладзе паэты вытрымлівалі розныя правілы гульні. Геніяльныя паэты - таксама. І цяпер вытрымліваюць.

Да канцэрту мусіць выйсці і CD-кружэлка. На ёй, акрамя 12 песень, тэксты (так, як яны яны друкаваліся ў часы пісьменнікаў — тымі самымі правапісамі), графічныя асацыяцыі Вольскага да кожнага вершу, зробленыя вуглём, а таксама партрэты гэтых дванаццаці пісьменьнікаў. Кожнаму паэту паэт Глеб Лабадзенка напісаў міні-біяграфію.

«НН»: Як вам узровень паэзіі ў песнях беларускіх гуртоў наагул? Бо, здаецца, планка патрабаванняў паніжаная: сярод мора рускамоўя, абы спяваў па-беларуску…

ЛВ: Ну то й хочацца даць прыклад — можна карыстацца паэтычнай спадчынай, і гэта зусім ня значыць, што будзе кандова. Каструбавата, наадварот, атрымліваецца, калі ты спрабуеш скласці думкі ў словы, а яны выпадаюць і развальваюцца. І словы, і думкі. Але мне цяжка крытыкаваць сваіх калегаў, бо, я разумею, што ў нашай краіне рок і рэп ня маюць развіцця, перспектывы. Таму тое, што можна ў іншай дзяржаве выкшталтаваць, выгартаваць цягам гадоў, у нас застаецца ў першапачатковым стане.


***

Чытаць яшчэ:

Рыгор Барадулін

Белая яблыня грому

    Белая яблыня грому
    Чорных cадоў ліхалецця.
    Яблык яе нікому
    Не пажадаю на свеце.
    Голая яблыня грому
    Жахам жагнала прысмерк.
    Пэўна, што д’яблу самому
    Помніцца горкі прысмак.
    Светлая яблыня грому
    З салаўінае усяночнай.
    Ласкавага яблыка стому
    Я надкусіў аднойчы.
    Ціхая яблыня грому,
    Першага мілага гневу.
    Позірку маладому
    Праглася бачыць Еву.
    Добрая яблыня грому,
    Радасцю поўні наўколле!
    Хай жа ня будзе злому
    Голлю твайму ніколі.
    Белая яблыня грому,
    Клопатам, гаманою
    І на апошнюю строму
    Светла ўзыдзі са мною.

1977

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Багушэвіч, Куляшоў, Барадулін... Рэп, рок, блюз... Пра новы аўтарскі праект «Белая яблыня грому» гутарка з Лявонам Вольскім.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика