Лявон Вольскі выдаe саўндтрэк беларускай паэзіі. 21.by

Лявон Вольскі выдаe саўндтрэк беларускай паэзіі

16.03.2010 14:05 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


23 сакавіка нас чакае яшчэ адзін «тэатральны» канцэрт: пасля выступаў гуртоў «J-Морс» і «Серебряная Свадьба», на сцэну Купалаўскага тэатру выйдзе Лявон Вольскі з музычнымі кампазіцыямі на вершы класікаў беларускай паэзіі. Дыск «Белая яблыня грому», на якім запісана 12 песень на вершы Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадуліна і іншых паэтаў, з’явіцца ў продажы ўжо неўзабаве. На ім магчыма будзе пачуць забытыя з школьных часоў творы ў рокавым, рэпавым, і нават хэві-металічным гучанні.



Апераджаючы ўсе анансаваныя падзеі, «Беларускія навіны» распыталі Вольскага пра яго яднанне з літаратарамі, а таксама пра тое, чаму беларусам заўжды ўсё не падабаецца, чаму беларускія класікі такія дэпрэсіўныя, і чаму супергурт N.R.M. выбірае цішыню замест пенсійных гастроляў.

— Складаецца ўражанне, што, запісваючы песні для «Белай яблыні грому», вы свядома падвышалі градус іранічнасці для таго, каб яны лепш слухаліся рознай аўдыторыяй. Дыск на вершы класікаў мог бы быць больш пафасным і сур’ёзным...

— Канцавы прадукт кожны ацэньвае, як ён ацэньвае, але ў мяне не было ніякай мэты зрабіць нешта іранічнае. Крыху іроніі, можа быць, гучыць у песні «Немец» на словы Багушэвіча: для нас проста на сёння не настолькі актуальная ўжо тая праблема, тая сітуацыя. А сітуацыя была страшэнная. Мяняліся польска-расейскія вярхі, прыязджалі чужыя людзі. Інтэлігенту Багушэвічу, мусіць, было вельмі балюча назіраць, як на яго вачах спляжваюцца ідэі паўстання. Што праўда, калі мы з Памідоравым чыталі рэп на гэтыя радкі, мы вельмі ўжываліся ў іх. Усё ж моцна дзейнічае магія Багушэвіча і яго словаў.

Рэч у тым, што адвольнае тлумачэнне класікі ў розных музычных стылях ужо само па сабе ўспрымаецца як нешта несур’ёзнае: маўляў, ну які можа быць кантры-вестэрн на словы Міцкевіча? Дарэчы, людзі пазабывалі ўжо, хто такі Міцкевіч, так што мы зрабілі нешта накшталт лікбезу.

— То бок, гэта такая кароткая музычная хрэстаматыя?

— Я не хачу наогул ніякай дыдактыкі. Я хачу, каб песні гучалі жыва, каб на канцэртах людзі танчылі. Не даходзіць праз галаву — дойдзе праз ногі, як у войску савецкім казалі. Не даходзіць праз вочы, хай дойдзе праз вушы!

— Значыць, вы распачынаеце маштабную і спланаваную акцыю?

— Нічога не планавалася. Усё выйшла раптоўна. Мы з жонкай прыехалі ў дзіцячы садок забіраць адтуль нашу дачку, але было яшчэ рана. Таму мы зайшлі ў кнігарню, і нечакана нам трапіўся зборнік Багушэвіча. Сталі яго гартаць — увесь перачыталі і зразумелі, што гэтыя вершы ідэальна кладуцца на рэп: памер увесь час мяняецца, радкі такія рваныя... Я ў той жа вечар патэлефанаваў Памідораву і зачытаў крыху. Ён адразу захапіўся: «Што гэта такое? Трэба тэрмінова рабіць!» Потым іншыя вершы дадаваліся. Напрыклад, «Пахне чабор» Пятруся Броўкі — аказваецца, з яго песню ўжо шмат разоў рабілі, што не дзіўна, бо вельмі спеўны, мілагучны верш. Дзіўна толькі, што ён так і не стаў такім хітом, як «Александрына».

— Чаму вы не абмежаваліся, напрыклад, адным зрэзам часу, калі выбіралі паэтаў, адной плынню, або не зрабілі ўсё стылістычна аднародным?

— Пасля таго, як мы вырашылі запісаць Багушэвіча, мы проста набылі хрэстаматыю для старэйшых класаў, і пачалі ўсплываць у мяне ў галаве прызабытыя ўсе «мілыя вобразы роднага краю», высветлілася, што я надзейна забыўся на ўсю дарэшты савецкую паэтычную спадчыну. Хаця калісьці я някепска ведаў паэзію, а зараз засталіся толькі ўрыўкі. Я падумаў, ну, калі ўжо я так, то што ж там з іншымі людзьмі робіцца?

— Відавочна, шмат засталося неахопленага, вы ўжо плануеце пісаць сіквэл?

— У бліжэйшых планах няма такога. Але я лічу, што найперш варта было б займацца менавіта плоймай рэпрэсаваных беларускіх паэтаў. Яны толькі давалі класны старт, а іх адразу на ўзлёце спынілі. Аднак пакуль што я не буду брацца за такую працу, бо гэтым трэба прасякнуцца — проста так узяць ды напісаць песні нельга. Вось я цяпер, калі запісваў альбом, чытаў біяграфіі тых, хто вершы да яго напісаў, а яны ўсе такія няшчасныя, у іх нават каханне гаротнае: не атрымалася, не сыйшлося, «выйду, гукаю ў маўклівы прастор», або ўжо, калі і атрымалася, то як у Багдановіча, «кінулась, cкрыкнуўшы, ў мора яна»... Праз гэта і альбом атрымаўся куды больш дэпрэсіўным, чым мае папярэднія кружэлкі. А Крапіву я пагартаў — усе гэтыя бараны, аслы зусім мне не пайшлі.

— Хто з паэтаў стаў для вас нечаканасцю?

— Вось адкрыццём для мяне стаў Пімен Панчанка. Ён сумленны быў чалавек, напрыканцы жыцця пачаў браць на сябе віну ледзве не за ўвесь Савецкі Саюз.

— А як вы лічыце, што для слухачоў можа стаць найбольшай вынаходкай, што найбольш нязвыкла можа загучаць?

— Гледзячы, пра які чалавечы слой казаць, бо калі казаць пра некаторую катэгорыю «беларуска арыентаваных людзей», дык ім нічога наогул не падабаецца. Ім Хадановіч ладзіць слэм — гэта абы-што, не паэзія, несур’ёзна, старэйшыя паэты чытаюць свае вершы — нудна, вось каб быў слэм, было б добра. І гэта, што самае дзіўнае, нашы людзі, яны па-беларуску размаўляюць, беларускую прэсу чытаюць. Я ўжо перажыў калісьці свае засмучэнні з гэтай нагоды, калі пачаў лазіць па інтэрцэце. Што ж нікому і нічога не падабаецца? Але я ўжо звыкся з гэтым, загартаваўся пэўным цынізмам. Будуць, безумоўна, тыя, хто скажа, што на гэтым дыску ўсё стылёва развальваецца, што гэта вельмі павярхнёва ўсё... Для мяне гэта — глыбока перажыты матэрыял. Я працаваў над ім няспынна палову года.

— А вось на «Рок-Каранацыі» падзеяй года назвалі толькі адзін ваш вечар — той, калі адбываўся канцэрт N.R.M. Ці для вас гэта таксама найвялікшая падзея?

— Гэта быў суперскі канцэрт, і вельмі шмат працы мы зрабілі для таго, каб ён такім атрымаўся: перааранжавалі ўсе песні, каб яны загучалі ў акустыцы. Зрабілі шмат сюрпрызаў, было вельмі цёпла, і, нягледзячы на перааншлаг, была камерная атмасфера вельмі, сакраментальны момант майго жыцця.

— Ці вернецца гэты мегагурт? Гэты СуперВольскі?

— Для мяне самае страшнае — сыйсці ў завядзёнку. Класная дзяляначка была б: сесці на N.R.M., вымучыць зараз альбомчык. І мы б ездзілі па ДК, потым састарыліся б, сталі пенсійнымі легендамі беларускага року... Ну але пакуль што ёсць яшчэ магчымасць рабіць, як вы кажаце, «падзеі года»...

Як стала вядома, народны паэт Рыгор Барадулін пахваліў песню на яго верш «Белая яблыня грому» і наогул увесь аднайменны альбом:

«Гэта вельмі цікавы альбом! — сказаў ён. — Здавалася б, такія вершы, на каторыя немагчыма напісаць. Напрыклад, напісаць на Багушэвіча — гэта толькі Вольскі мог! І якраз яна гучыць, гэтая песня! Наогул песні ўсе меладычныя, запамінаюцца. Ну, а што тычыць «Белай яблыні грому»… Не таму, што яна мая — я не з тых, хто толькі сваё любіць… Але мяне дужа ўразіла песня, Лявонаў падыход, меладычнасць песні. Дзякуй яму!»

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ікона беларускай музыкі распавядае пра рэп на вершы Багушэвіча, кантры на вершы Міцкевіча і няшчаснае беларускае каханне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика