Знакі прыпынку
19.03.2010 14:49
—
Новости Культуры
|
Уладзімір Някляеў. Запісы. Пра Якубовіча, Філарэта, Гілевіча, Мартысевіч, Тарасава
2 красавіка 2009 года, гэта якраз на вербніцу, Алене Аляксандраўне Магер, маці маіх стрыечных братоў Івана, Лявона і нябожчыка Яўгена, восемдзесят гадоў. Святкаваць (бо пост) вырашылі на Вялікдзень. Як і чым павіншаваць?.. Яна ў Крэве першая верніца, пяе ў царкоўным хоры, крэўскі поп яе ўсяляк расхвальвае. Яна ўдава майго дзядзькі, найстарэйшая (хоць сама і не Магер) у крэўскай радні. І я падумаў: можа, надрукаваць на Вялікдзень паэму «Вялікдзень» з прысвячэннем і віншаваннямі, дык і някепскі будзе падарунак? А дзе надрукаваць? У якой газеце, каб тую газету поп дазволіў у царкву занесці? У «Народнай волі»? Дык разам з «Народнай воляй» поп і верніцу з царквы папрэ. Патэлефанаваў Паўлу Якубовічу. Сустрэліся — і ён на дзіва лёгка згадзіўся паэму надрукаваць. «Толькі…» — пачухаў патыліцу. «Канешне, — падняў я рукі, — пад псеўданімам. Але тады арганізуй блаславенне…» Павал Ізотавіч паслаў ганца з паэмай да Філарэта — і той напісаў блаславенне. А назаўтра нехта настукаў мітрапаліту, што падпісаў ён блаславенне не Уладзіміру Магеру (для псеўданіма я ўзяў прозвішча маці), а Уладзіміру Някляеву. І як лёгка падпісаў Філарэт блаславенне, гэтак жа лёгка адазваў яго… Бог даў — Бог забраў. Я падумаў, што і Якубовіч сваё рашэнне адзаве. Але не, паэма на Вялікдзень у газеце «Советская Белоруссия» была надрукаваная. З прысвячэннем крэўскай царкве, з каляровым фотаздымкам Алены Аляксандраўны, з віншаваннем… Праз гэта Чаргінец напісаў на Якубовіча… ну, так скажам, інфармацыю ў прэзідэнцкую Адміністрацыю. Што той Някляева друкуе… Кожны піша і друкуе сваё. * * * З Аляксандрам Казуліным сёння (11.04.09) былі спачатку ў Барадуліна, а пасля ў Гілевіча з прапановай увайсці ў аргкамітэт па стварэнні «Беларускага дома». Выглядаюць абодва, на жаль, не так, як у найлепшыя гады… У Барадуліна правая рука пакалочваецца, у Гілевіча да ўсяго пасляінсультнага яшчэ і цукроўніца дадалася. Гілевіч пытаецца ў Казуліна: «Як вам мая кніга мемуараў?..» Той, засаромеўшыся, адказвае: «Выбачайце, не чытаў…» «Ну, нічога, будзе час — прачытаеце…» — кажа Гілевіч. «Калі буду мець кнігу…» — намякае на аўтограф Казулін, і Гілевіч здзіўляецца: «У вас жа яна павінна быць, я праз Алеся Пашкевіча перадаваў!» Казулін разводзіць рукамі… «Вось жа нягоднік малы — без злосці абураецца Гілевіч, — у каторы раз падводзіць! Папрасіў яго, калі ён у Кіеў ехаў, каб Уладзіміру Яварыўскаму кнігу завёз. Пасля пытаю пры сустрэчы: «Алесь, з’едзілі вы ў Кіеў, завезлі кнігу?..» «З’ездзіў, Ніл Сымонавіч, завёз. Яварыўскі так вам дзякаваў!..» А праз паўгода тую кнігу з маім аўтографам пляменнік ад букіністаў мне прынёс. З кнігарні на Нямізе…» Я хоць і звык да неабавязковасці Алеся, але выказваю сумнеў, што такое магло быць. «Дык паглядзіце, — падае кнігу Гілевіч. — Бачыце, кошт алоўкам пазначаны: 25 тысяч». «Ну…— не ведаю я, што сказаць… — хоць кошт нармалёвы». І Гілевіч кажа амаль задаволена: «Кошт нішто сабе, таму і злуюся не надта…» * * * Тэлефануе Марыйка Мартысевіч і кажа, што яны (не ўдакладняючы, хто з ёй) збіраюцца выдаць каляндар з аголенымі беларускімі паэтамі і не маюць сумневу, што Някляеў пагодзіцца сфоткацца галяком і як аўтар «Лабуха» той каляндар адкрые, будзе ў ім месяцам студзенем… Голас у яе вясёлы, — а што, такі прыкол, хіба не?.. хто не разумее — лох!.. — і яна перакананая, што мне таксама павінна быць весела: «Ну, што, калі вы прыйдзеце ў студыю?.. Можна, калі хочаце, сфоткацца на пару, ёсць заяўкі на вас…» — а я вось не адчуваю, што мне гэтак жа весела, як ёй, і даўно б паслаў яе, калі б не была яна слаўнае дзяўчо, якое піша файныя вершы — хоць бы пра пісьменніка Кастуся Траўня… Вось яго б і сфоткала. * * * Назаўтра па даручэнні Марыйкі [Мартысевіч — Рэд.] тэлефануе ўжо Валерыя Кустава: «Згаджайцеся, сфоткайцеся, гэта ж які прыкол!..» Кажу ёй, што згодны, калі фэйс будзе мой, а торс — Шварцэнегера. Хіба не прыкол?… Так, маўляў, Марыйцы і перакажы. Пераказала… Зноў тэлефануе: «Марыйка прыколу вашага не зразумела. Кажа, што трэба, каб і ўнізе было ўсё вашае». * * * Кастусю Тарасаву цяжка пасля інсульту, ён саромеецца сябе самога, хворага. Жонка ад яго, па сутнасці, адмовілася, толькі дачка трохі даглядае, а ён піша і піша… І не абы‑што, як сведчыць аповесць «На вайне». Я спытаў яго, калі ён (амаль адразу пасля шпіталя) у нас на Карла Маркса жыў: «Косця, што ж ты цяпер рабіць будзеш?..» Ён адказаў, ледзьве выгаварыўшы: «П‑п‑п‑пі‑саць…» * * * З арыштам жыццё найчасцей сканчаецца, але зрэдку бывае, што пачынаецца… Юрыя Рытхэу, першага чукоцкага пісьменніка, арыштавалі ў 14 гадоў. Ні за што. Проста трэба было некаму аэрадром будаваць каля бухты Лаўрэнція, зэкаў не хапала — вось і арыштавалі хлапчука разам з усімі мужыкамі пасёлка Уэлен. Калі б не арыштавалі, ён так і памёр бы ў тым Уэлене нікому невядомым чукчам. Хутчэй за ўсё, спіўся б. Ды лёс ёсць лёс. З Чукоткі ён патрапіў у Ленінград, дзе ў 1957 годзе атрымаў тэлегараму ад Хэмінгуэя: «Так трымаць, Рытхэу!» Так, як пажадаў яму Хэмінгуэй, трымаў Рытхэу не надта доўга. Але гэта ўжо не лёс, а ўсяго толькі ягоная асабістая праблема. * * * Мая бабуля любіла сядзець на валуне на ўскрайку нашага поля. Валун быў такі, што трэба было прыстаўляць лесвіцу, каб на яго ўзабрацца. Бабуля ўзбіралася і падоўгу на камені тым сядзела. Звычайна рабіла яна гэта на захадзе сонца. Глядзела, нерухомая, як яно сядае, завальваецца, палаючы, за Багушоўскі лес… Я спытаў аднойчы: «Навошта ты на камені гэтым сядзіш і сядзіш?» Яна адказала: «А там, пад ім, мае костачкі». Пакуль бабуля была жывая, дзіўнаваты адказ яе здаваўся мне дурнотай. Калі памерла, ён здаўся мне загадкай. Цяпер здаецца метафарай. Літаратурай. * * * Сто, калі не тысячу, разоў мне казалі, што я не на тым шляху, не на тым баку, бо ўсяму беларускаму, найперш мове з літаратурай, наканавана скананне. Няхай так. Але я ў тым не буду вінаваты. * * * Усё часцей стамляюся пасярэдзіне шляху. Процілегласць смерці — не жыццё, а жаданне жыць. * * * Людзі — соль жыцця. Але пасыпаная па вадзе. * * * Вяртаючыся ў мінулае, шкадуеш пра няздзейсненае. Больш там няма чаго рабіць. Пасля ўсім расказваеш, нібы ні пра што ў мінулым не шкадуеш. * * * Як толькі пацягне раскрыцца, расхрыстацца, так і згадваецца запавет Канфуцыя: «Ніколі не распавядайце пра сябе ні добрага, ні кепскага. У першым выпадку вам не павераць, у другім — прыўкрасяць». * * * З усяго, што было, згадваюцца найчасцей крэўскія пагоркі, па якіх іду, маленькі, і нанізваю на сцяблінку мятліцы сонейкі суніц. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладзімір Някляеў. Запісы. Пра Якубовіча, Філарэта, Гілевіча, Мартысевіч, Тарасава.
|
|