Цэнтральны музей гісторыі спажывецкай кааперацыі. 21.by

Цэнтральны музей гісторыі спажывецкай кааперацыі

23.03.2010 09:49 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Зайсці сюды можа кожны. Калі я адчыню".

Тусіць на вуліцы яшчэ холадна, сядзець у цёплай хаце - закалупала. Мы падрыхтавалі агляд самых нечаканых музеяў Менска, каб вы заўсёды маглі закасіць пад адукаванага і культурна падкаванага чалавека сталіцы. Сёння распавядзём пра Цэнтральны музей гісторыі спажывецкай кааперацыі. А што вы думалі - ёсць і такі!

Цэнтральны музей гісторыі спажывецкай кааперацыі хаваецца ад патэнцыйных наведвальнікаў у самым цэнтры Менска - на праспекце Пераможцаў, 17. У дзверы, потым - налева, потым яшчэ праз адны дзверы, потым - па лесвіцы, на другі паверх, а там - крама “Праспект”. І побач - хованка спажывецка-музейных экспанатаў. Калі вы іх знайшлі - цісніце на пімпачку званка і маліцеся, каб вас пачулі. Бо, як кажа дырэктар музея Уладзімір Мікалаевіч Басаў: “Зайсці сюды можа кожны, калі я дзверы адчыню, канечне”.

Калі вы падумваеце: “А ці не прагуляцца мне па музеі спажывецкай кааперацыі?” - падумайце яшчэ раз, а яно вам трэба? Тут рай для тых, хто цікавіцца архіўнымі дакументамі (копіі уставаў першых кааператываў, сотні бумажак і старых фотак усіх сэнсаў і памераў, білеты сябраў усіх магчымых кааператываў і г.д.) ды архіўнымі гісторыямі. 

Уладзімір Мікалаевіч фанацее ад спажывецкіх кааператываў і гісторыі, плануе выдаць кніжку пра развіццё гэтых самых кааператываў у Беларусі і самааддана гадзінамі распавядае пра гэту з’яву ўсім жадаючым.

Дарэчы, не так і шмат людзей ведае, што гэта за звер такі - спажывецкі кааператыў. У дасавецкія часы было так: збіраліся пакрыўджаныя буржуазнымі элементамі працоўныя людзі, адчынялі невялічкую крамку і прадавалі тавар патанней, “толькі для сваіх”. Кааператыў тады адчыніць было шмат цяжэй, чым ПУП цяпер. Спачатку трэба было накрапаць вось такую паперку губернатару, распавесці, з якой нагоды гэта вы вырашылі нешта адчыняць.

А потым кожнага прагнага да танных пакупак уважліва правяралі на “іншадумнасць”. І, калі ўсё было добра, выдавалі паперку: “У маральнай ці палітычнай неблаганадзейнасці не выклікаў падазрэнняў, пад судом і следствам не быў і не знаходзіўся”.

І толькі ўжо потым, загадам асабіста міністра ўнутраных спраў, дазвалялі адчыніць кааператыў, скласці яго статут і жыць доўга і шчасліва.

Пасля рэвалюцыі спецыяльным загадам Леніна (копія, канечне, таксама пакрываецца пылам у музеі) у кааператыў уступіў кожны першы. Таму хутка крамы сталі павальна кааператыўнымі. Але яшчэ ў 80-90-я можна было каля распушчальнай кавы ці мажорнай кучомкі пабачыць паперку: “Толькі для членаў кааператыву”.

Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, танныя сталоўкі і крамы - дзецішчы савецкіх кааператываў (БДЭУ, былы факультэт спажывецкай кааперацыі БДУ, спачатку абгрэйдзіўся да універу спажывецкай кааперацыі, а потым - да Нархозу). Як ні дзіўна, сёння Беларускі кааператыўны саюз працягвае актыўную дзейнасць: у кожным раёне краіны ёсць іх крамы, сталоўкі ці невялікія прадпрыемствы па перапрацоўцы мясцовых рэсурсаў. Напрыклад, зверагаспадарак у кааператыве ўсяго 7. Але менавіта яны даюць 85% даходу з пушніны. 

Між тым кааператывы квітнеюць і пахнуць не толькі ў Беларусі, а і па ўсім свеце. І з розных краінаў прыязджаюць у музей кааператары, пакідаюць падарункі ад сваіх кааператываў і цешацца на нашу экспазіцыю.

Асабліва ганарыцца Уладзімір Мікалаевіч падарункам самога Ясіра Арафата. Той хадзіў па музеі, убачыў, што ўсе дэлегацыі пакідалі тут нешта прыемнае, зняў з сябе пояс і паклаў на стол. Там ён цяпер і ляжыць - пояс, не Арафат, - пры жаданні з ім можна і сфоткацца.

Канечне, вы спытаеце: “А ці ходзіць хоць хто ў гэты музей?” З 1976 года (год адкрыцця музею) тут пабывала 80 000 чалавек, у тым ліку 58 дэлегацый з усіх краін свету (а некаторыя нават па два разы). Бываюць тут экскурсіі - з коледжу кааперацыі, БДЭУ, коледжу гандлю. Уладзімір Мікалаевіч асабіста праводзіць лекцыі для студэнтаў: “Таму што ва універах пра кааперацыю самі выкладчыкі нічога не ведаюць”.

Па выніку: калі вы эканаміст, цікаўны ці вам няма чым заняцца, таму што піць піва на Нямізе цяпер нельга, зазірніце ў музей кааперацыі. Уваход туды, між іншым, вольны. Калі будзе зусім сумна, знайдзіце там бязмен XVI стагоддзя і потым зможаце пантавацца, што бачылі яго. Бо ён у сваім родзе адзіны, і нават у вялікіх музеях такога не знойдзеш.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Зайсці сюды можа кожны. Калі я адчыню". Тусіць на вуліцы яшчэ холадна, сядзець у цёплай хаце – закалупала.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика