Выстава "Мастакі - Мірскаму замку. Працяг традыцый" прыехала ў Мінск. 21.by

Выстава "Мастакі - Мірскаму замку. Працяг традыцый" прыехала ў Мінск

07.04.2010 13:16 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спяшайцеся — выстава "Мастакі - Мірскаму замку. Працяг традыцый" працягнецца толькі да 13 красавіка. Пасля гэтага ўсе прадэманстраваныя творы мастацтва адбудуць у кірунку Мірскага замка - каб аздобіць залы адноўленега палаца Іллінічаў, Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх. 

Уласна, для гэтай мэты на замову Нацыянальнага мастацкага музея артэфакты і былі вырабленыя (замак з'яўляецца філіялам музея).

Выстава шматсэнсоўная. З аднаго боку, выраб копій (рэплік) старадаўніх рэчаў - крок вымушаны, бо ніводнага інтэр'еру замка не захавалася. Калі пачыналася аднаўленне, у замку не было нават перакрыццяў. Безумоўна, археалагічныя доследы далі шмат каштоўнага. Гэтага, магчыма, дастаткова для замкавага музея - і яўна недастаткова для напаўнення замка. Іншы аспект выставы - паказаць, што сённяшнія беларускія майстры здольныя ствараць рэчы не горшыя, чым майстры Радзівілаўскіх мануфактураў. Рэчы, вартыя замкаў і палацаў!

Зразумела, ёсць і іншы шлях напоўніць замак старадаўнасцю - набыць адпаведныя рэчы на еўрапейскіх аўкцыёнах. Але, як адзначыў на адкрыцці выставы пісьменнік Анатоль Бутэвіч, "аўтэнтыкі столькі не знойдзем, а калі і знойдзем, то не хопіць грошай купіць". Спадар Бутэвіч нагадаў цікавую дэталь, якую апавяла ў час мінулагодняга прыезду 92-гадовая пані Эльжбета Радзівіл. Яе бацька, уладальнік Нясвіжскага замка князь Альбрэхт Радзівіл, дужа любіў гданьскую мэблю. Аднак Радзівілы грошы лічыць умелі!.. Князь Альбрэхт купляў у Гданьску адно шыкоўнае крэсла, прывозіў сваім майстрам у Нясвіж - і яны выраблялі яму патрэбную колькасць!.. Вось яна, радзівілаўская мудрасць! Анатоль Іванавіч выказаў меркаванне, што пакінуць замак (і Мірскі, і Нясвіжскі) зусім без аўтэнтыкі нельга, але паралельны выраб такіх вось высакаякасных копій - адзін з магчымых варыянтаў.

Сярод экспанатаў выставы - графіка Яўгена Куліка, кераміка (біклага, гаршчок, рынка работы Сяргея Моўчана), рэплікі свержаньскага фаянсу - талеркі работы Алеся Косткі. Вёска Новы Свержань і сёння славіцца сваімі храмамі - касцёлам 1588 года (фундаваў Радзівіл Сіротка) і царквою 1590 года. У 1742 годзе Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька заклаў тут фаянсавую мануфактуру, вырабы якой сталі ў адзін шэраг з лепшымі еўрапейскімі аналагамі. На вялікі жаль, сёння ў Беларусі засталіся толькі адзінкавыя творы - склееныя з кавалкаў, яны захоўваюцца ў Музеі археалогіі Акадэміі навук. Цэлыя ўзоры захаваліся толькі ў Польшчы. Аднак майстар Костка аднавіў фаянс проста бліскуча!..

- Тут дэманструецца толькі малая частка будучых экспанатаў для Мірскага замка, - кажа дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. - Паказаныя выдатныя працы нашых мастакоў - каб кожны мог ацаніць іх высокі прафесійны ўзровень, адчуць - што сапраўды працяг традыцый ёсць, не перавяліся ў Беларусі добрыя майстры!.. Зразумела, рэчы выстаўленыя не ў замкавай архітэктурнай сітуацыі, але калі пад канец года яны будуць размешчаныя ў самім Мірскім замку - у той архітэктуры і інтэр'ерах - вядома ж, яны будуць глядзецца зусім па-іншаму!..

Спадар Пракапцоў выказаў меркаванне, што артэфакты, паказаныя на выставе, гэта як прыклад на будучыню, для аднаўлення іншых замкаў і палацаў. Доказ, што беларускія мастакі і сёння здольныя вырабіць рэчы, якія годна аздобяць інтэр'еры мінулых стагоддзяў.

Самыя вялікія паводле памеру экспанаты выставы - габелены. Аўтары - Уладзімір Тоўсцік, Валеры Даўгала, Генадзь Жарын. Вытканыя габелены на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя Кішчанкі. Самы вялікі, 3 на 4,1 метра, паказвае нам уладальнікаў замка - Юрыя Іллініча, Катажыну Радзівіл, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку, Караля Станіслава Радзівіла Пане Каханку, Міхала Святаполк-Мірскага. Іншыя два - "Зборы на паляванне" і "Паляванне".

Адкрыццё выставы было, як і многія іншыя імпрэзы мастацкага музея, абстаўлена тэатралізавана. Старадаўнія касцюмы, якія аднавіў для замка Юры Піскун, суседнічалі са старадаўнімі строямі салістаў "Харошкаў" і чароўнай музыкай з "Полацкага сшытка".

- Гэта свята! - радаваўся дырэктар Уладзімір Пракапцоў. - Свята для аўтараў, музейных супрацоўнікаў, наведнікаў... Такія падзеі павінны адбывацца на адпаведным узроўні - і ў той жа час нефармальна і ад душы!..

Што тут казаць - спяшайцеся на свята! Уявіце, наколькі цікава вам будзе пасля пабачыць гэтыя ж экспанаты ў пяцісотгадовых сценах Мірскага замка!



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адкрыццё выставы было, як і многія іншыя імпрэзы мастацкага музея, абстаўлена тэатралізавана. Старадаўнія касцюмы, якія аднавіў для замка Юры Піскун, суседнічалі са старадаўнімі строямі салістаў "Харошкаў" і чароўнай музыкай з "Полацкага сшытка".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика