Дранько-Майсюк: «Творцаў трэба выхоўваць!»
28.04.2010 15:37
—
Новости Культуры
|
На журфаку БДУ з верасня адкрываецца спецыяльнасць «Літаратурна-мастацкая творчасць», на якой будуць рыхтаваць паэтаў, празаікаў, драматургаў, спецыялістаў па мастацкім перакладзе і крытыкаў. Пра падрыхтоўку пісьменнікаў у БДУ і Літінстытуце выказваецца Леанід Дранько-Майсюк.
«НН»: Ці магчыма падрыхтаваць пісьменніка? Леанід Дранько-Майсюк: Можна падрыхтаваць спартоўца, каб ён стаў алімпійскім чэмпіёнам. Але ў пісьменніка першапачаткова павінен быць талент. А далей ідзе праца над талентам. Кажуць, што немагчыма навучыць пісаць. Творчасць — яна стыхійная ў сваёй аснове. Але талент можна лёгка згубіць, калі штодня не клапаціцца аб ім. Таму філалагічныя ўстановы спрыяюць таму, каб талент не згубіўся. Таленту спрыяе сумленная праца. Я рады, што ў нас адкрываецца такая спецыяльнасць. Творцаў усё-такі трэба выхоўваць. І перш за ўсё выхоўваць маральна. Бо спачатку — чалавек, а пасля — пісьменнік. Так павінна быць, а не наадварот. Леанід Дранько-Майсюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1957 года ў Давыд-Гарадку. Выпускнік Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Аўтар кніг «Вандроўнік», «Над пляцам», «Акропаль», «Стомленасць Парыжам», «Паэтаграфічны раман», «Цацачная крама», «Анёлак і я» і іншых. «НН»: Чым вучоба ў Літаратурным інстытуце адрознівалася ад вучобы вашых сяброў на філфаку, напрыклад? ЛДМ: У нас выкладаўся неабходны курс, назаву яго філалагічным. Але Літінстытут адрозніваўся ад іншых навучальных устаноў тым, што раз на тыдзень праходзілі творчыя дні. Цэлы дзень працавалі семінары паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, літаратурнага перакладу. Мы абмяркоўвалі творы сваіх сяброў… Маскоўскі Літаратурны інстытут імя Горкага — гэта перш за ўсё выкладчыкі. Гэта іх прыгожы, эмацыйны і высокі інтэлектуальны ўзровень. Я ўважліва слухаў лекцыі па замежнай літаратуры Сяргея Артамонава і Станіслава Джымбінава. Лекцыі па рускай літаратуры 19 стагоддзя Віктара Багданава. Змястоўна выкладалі Канстанцін Кедраў, Яўген Лебядзеў. Яны былі не проста выкладчыкамі, яны былі паэтамі. Вельмі цікавым быў Аляксандр Праханаў, які сёння стаў расійскім палітычным шоуменам. Тады ён быў малады, саракагадовы. Слухаць, як ён аналізаваў прозу, было адно задавальненне. Лекцыі выкладчыкаў у Літінстытуце засноўваліся на імправізацыі. Ці не кожны з іх зачароўваў сабой, сваім талентам, нават сваёй прысутнасцю. Я паступіў у 1975 годзе, калі ўжо быў высланы Аляксандр Салжаніцын. Але выкладчыкі нам раілі чытаць Салжаніцына і Біблію, якая таксама была пад забаронай. Адметнасць Літінстытута таксама ў тым, што навучанне адбывалася не толькі ў аўдыторыях, але і ў дворыку ля помніка Герцэну, у калідорах, у інтэрнаце. Студэнты думалі выключна аб творчасці. Дух Літінстытута нават выхоўваў больш, чым яго геніяльныя выкладчыкі! І я хацеў бы пажадаць, каб такі дух, такое паэтычнае паветра з’явілася і ў БДУ. Яно, вядома, не ствараецца за месяц, за год. Павінен прайсці час. Заўсёды шкадую, калі ў сценах навучальнай установы не жыве паэзія. «НН»: Новая спецыяльнасць у БДУ будзе адкрыта для выпускнікоў школ і асобна для людзей з вышэйшай адукацыяй. У якім узросце чалавек найбольш здатны да раскрыцця таленту? ЛДМ: У каго ёсць вопыт літаратурны, у каго свае ўстойлівыя погляды на жыццё і мастацтва, гэта ўжо не студэнт, а самастойны творца. Такога не варта вучыць. У Літінстытут прымалі пачынаючых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, перакладчыкаў, у чыёй наіўнай творчасці бачылі будучы патэнцыял. Прымалі тых юных творцаў, якія былі гатовыя вучыцца. А той, хто вучыць, павінен уплываць! І ўплыў гэты павінен мець станоўчы вынік. Гутарыў Сяргей Макарэвіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Леанід Дранько-Майсюк выказваецца пра падрыхтоўку пісьменнікаў у БДУ і Літінстытуце. |
|