Ужо некалькі дзесяткаў год даследчыкі, музыкі і майстры вядуць дбайную працу па вяртанні ў нацыянальны культурны кантэкст аднаго з самых таемных і унікальных музычных інструментаў - беларускай дуды.
Традыцыя вялікіх сустрэч фалькларыстаў, прыхільнікаў дуды і ўласна дудароў на Беларусі паспяхова ўзнаўляецца. У нашай краіне вырасла цэлая супольнасць самабытных дудароў, і відавочным становіцца тое, што беларуская дуда становіцца ўсё больш цікавай для маладой аўдыторыі, пачынае ізноў шырока гучаць на канцэртных пляцоўках. А высокі выканальніцкі ўзровень маладых музыкаў, іх прадуманы і сбалансаваны рэпертуар сведчаць аб тым, што на нашай постфолкавай і медыевальнай сцэне ветэранам ёсць годная змена.
Прыкладам гэтаму быў і з'яўляецца беларускі Дударскі фэст. Першы раз ён адбыўся напачатку 90-х гадоў і потым, праз некаторы перапынак, узнавіўся ўжо ў сваім традыцыйным фармаце. Сёлеташні, 10-ы юбілейны, фестываль мае на мэце сабраць унікальных музыкаў і стварыць умовы для іхняга творчага супрацоўніцтва. На Дударскім фэсце-2010 будзе гучаць рознапланавая музыка, ад традыцыйнага фолка да рока. Наведвальнікі пачуюць беларускую, шатландскую, галіцынскую, шведскую і латышскую валынкі.
Удзел у Дударскім фэсце прымуць такія гурты, як Стары Ольса, Зніч, Ліцвінтроль, Тэстаментум Тэра, Кейлі Кёл, Расалія, Унія і шматлікія іншыя.
Чакаем вас 19 мая на крытай танцпляцоўцы парка Чалюскінцаў з 18 да 22 гадзін.
Кошт квіткоў: 20 000 пры папярэднім продажы, 25 000 у дзень мерапрыемства. Увага! Кожны, хто набудзе квіток на Дударскі фэст загадзя, атрымае ў падарунак вялікі постэр гурта Стары Ольса!
Пункты продажу квіткоў: падземные пераходы плошчы Якуба Коласа, Кастрычніцкай плошчы, каля ГУМа, у ГЦ "Купалаўскі" (19 кропка), ГЦ "Рыга" (18 кропка) і інш.
Даведкі, а таксама замоўленне квіткоў па тэлефоне: 6-490-888. |