Самыя старыя драўляныя будынкі Беларусі
12.06.2010 13:37
—
Новости Культуры
|
"Звязда" праінвентарызавала сем стагоддзяў нашай драўлянай архітэктуры
У публікацыі за 8 чэрвеня мы размаўлялі пра Тым не менш, у беларусаў ёсць унікальная мажлівасць паглядзець і дакрануцца да драўляных будынкаў, якім 200, 300, 400 і нават 700 гадоў! Аднак дзеля справядлівасці агаворымся: найчасцей дата пабудовы вельмі спрэчная. Бо тады ўсялякіх сучасных лакаў і прамочванняў не было, таму перыядычна будынкі даводзілася абнаўляць... Аднак пакінем прэпараванне будынкаў інжынерам. І калі ёсць звесткі, што храм збудаваны ў 1502 годзе, дык будзьма ж папулярызаваць унікальную 500-гадовую царкву!.. 1. Брэст. Музей "Бярэсце". ХІІІ ст. Старадаўняе пасяленне ХІІІ стагоддзя, выяўленае на плошчы, большай за 1000 квадратных метраў. На глыбіні каля 4 метраў адкрыта больш за 30 жылых хатаў і гаспадарчых пабудоў дзядзінца — цэнтральнай умацаванай часткі старажытнага Бярэсця. Памеры пабудоў — да 5 метраў у адным баку. Асноўны матэрыял — сасна. Захаванасць — да 12 вянцоў. Захаваліся дзве паралельныя вуліцы, на іх — драўляныя ходнікі, месцамі да 6 ярусаў. Пабудовы закансерваваныя. 2. Здзітава (Жабінкаўскі раён). Мікіцкая царква, 1502 г. Як кажуць нам летапісы, "царква фундаваная на правым беразе ракі Мухавец у 1502 годзе ўладальнікам маёнтка Здзітавецкага Іванам Гурыным"... Царква спазнала перабудовы ў 1787 і 1814 гадах. Наколькі маштабныя — разбірацца гісторыкам архітэктуры і даследчыкам. А мы з вамі будзем цешыцца, што Беларусь мае драўляны храм, якому больш за 500 гадоў!.. Апсіда храма вылучана драўляным іканастасам, створаным у 1830-я гады. Запрастольны абраз сярэдзіны ХVІ стагоддзя "Маці Божая Адзігітрыя Іерусалімская". 3. Збірогі. Царква Параскевы пятніцы. 1610 год. Гэтая царква нейкім чынам перабудоўвалася ў ХVІІІ стагоддзі. Аднак дата фундавання першаснага храма кажа нам, што сёлета царква адзначае 400-годдзе (!). 4. Порплішча (Докшыцкі раён). Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга. 1627 год. Порплішчам у розны час валодалі Чартарыйскія, Радзівілы. За часам Дамініка Радзівіла, напрыклад, "у маёнтку Порплішча было 57 паселішчаў, 493 двары і не менш за 2400 жыхароў". Будавалася гэтая царква як уніяцкая. Сярод вандроўнікаў яна ўжо займела славу "беларускай пізанскай вежы". І праўда — зірніце на здымак — барабан храма нахіліўся не горш! Вось толькі Пізанскую вежу ўмацавалі надзейна-надзейна, а тут толькі падпёрлі слупамі як змаглі. Раённым уладам трэба звярнуць увагу на гэты храм: лепш уратаваць сапраўднае, чым адбудоўваць пасля копію! Кажучы пра Порплішча, не магу не папікнуць мясцовага святара: летась ён нанешта абшыў частку храма пластыкавым сайдынгам. Здаецца, збіраецца абшыць і астатняе. Няўжо незразумела, што 400-гадоваму храму не пасуе танны пластык?! Дарэчы, гэты храм унікальны яшчэ і тым, што пасля перадачы ад уніятаў праваслаўным тут захаваліся старыя алтары ХVІІІ стагоддзя. 5. Гродна. Лямус. 1630-я гг. Гэты лямус быў збудаваны "без цвіка на брусе". Унікальна, што за ўвесь час свайго існавання ён ніколі не быў перабудаваны. Магчыма, таму, што лямус — пабудова гаспадарчая. Таму яго не кранула доля храмаў, дзе вострыя купалы перыядычна замянялі на "цыбуліны" і наадварот. 6. Кашэвічы (Петрыкаўскі раён). Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. 1642 год. Царква была часткова перабудаваная ў ХІХ стагоддзі. 7. Дарапеевічы (Маларыцкі раён). Царква Нараджэння Багародзіцы. 1671 год. Рэканструяваная ў 1902 годзе. У царкве захоўваюцца ўнікальныя абразы: "Спас Пантакратар" (ХVІІ ст.), "Нараджэнне Багародзіцы" (ХVІІ—ХVІІІ стст.), "Хрышчэнне", "Ісус Хрыстос" (абодва ХІХ ст.). 8. Петрыкаў. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Канец ХVІІ стагоддззя. На вялікі жаль, тое, што вы бачыце на здымку, ужо не адпавядае рэчаіснасці... Пра бяду гэтага ўнікальнага храма, аднаго з найстарэйшых драўляных храмаў Беларусі, "Звязда" ўжо пісала. Царква занядбаная яшчэ ад часоў камуністаў. І з кожным годам ад яе застаецца ўсё меней: спачатку ўпаў крыж, пасля купал, пасля барабан... Цяпер фактычна стаіць толькі зруб, а ў ім — кавалкі старажытнага купала і дранкі. Вельмі шкада, што мясцовыя ўлады не разумеюць, які скарб яны маюць. Вядома, што рыхтуецца праект рэканструкцыі царквы. Але ён прадугледжвае аднаўленне яе... цалкам наноў і ў іншым месцы. Маўляў, тут могілкі і не падабрацца. Але было б жаданне... Між іншым, царква гэтая перажыла шмат: была і стараверскай, і ўніяцкай, і праваслаўнай. У Петрыкаў была перанесена з Аголіцкай пустыні вёскі Сотнічы. 9. Ураджайная (Ляхавіцкі раён). Сядзіба "Вошкаўцы" ХVІІ ст. У розныя часы дваром Вошкаўцы валодаў філосаф Фларыян Бохвіц і яго нашчадкі, род Чарноцкіх. Цікава, што пры пабудове выкарыстоўваліся цвікі... з дрэва! Сама вёска Вошкаўцы вядомая, дарэчы, ад 1586 года. 10. Сінкевічы (Лунінецкі раён). Царква ў імя святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца. Канец ХVІІ ст. Гэтая царква пры адсутнасці дэкору вылучаецца вытанчанасцю прапорцый, пластычнасцю малюнка, маляўнічай шатровай яруснасцю. Тут захоўваюцца абразы: "Дабравешчанне" (ХVІІІ ст.), "Нараджэнне Хрыстова" (мяжа ХVІІІ—ХІХ стст.), "Маці Божая з дзіцем", "Святыя Касма, Аляксей і Дзям'ян" (абодва ХІХ ст.). 11. Чэрск (Брэсцкі раён). Царква ў імя святога архангела Міхаіла. Да 1701 года. Чэрск згадваецца яшчэ ў "Хроніцы Велікапольскай". Чытаем, што "ў 1262 годзе былі наезды русінаў і літвінаў на Чэрск". У час гераічнага паўстання Кастуся Каліноўскага тут была крывавая бітва... Царква — помнік архітэктуры барока. Цікавы не толькі сам храм, але і званіца перад ім — чатыры паўарачкі трывала западаюць у памяць... Фота аўтара і Андрэя ДЫБОЎСКАГА. Цікава пабачыць больш? Наведайце МАЙ НА ЎВАЗЕ Апроч гэтых, найстарэйшых, падказваем вам яшчэ шэраг драўляных пабудоў — старых ці проста цікавых. Валавель (Драгічынскі раён). Царква Св. Георгія 1766 г. Урведзь (Клецкі раён). Ветраны млын 1920-х гадоў. УВАГА: АДЗІН З АПОШНІХ У БЕЛАРУСІ, У ДРЭННЫМ СТАНЕ — СПЯШАЙЦЕСЯ ПАБАЧЫЦЬ! Волпа (Ваўкавыскі раён). Касцёл Яна Хрысціцеля 1773 года. Бабруйск. Дом купчыхі Кацнельсон 1912 года. Вельмі цікавы прыклад гарадской сядзібнай забудовы, якой засталося вельмі мала. Давыд-Гарадок, Рубель, Кажан-Гарадок — драўляныя цэрквы ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў. Іўе. Мячэць 1882 года. Поразава (Свіслацкі раён). Сядзіба сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Слуцк. Сабор Св. Міхаіла Архангела ХVІІІ стагоддзя. Харомцы (Акцябрскі раён). Драўляная брама на могілках канца ХІХ стагоддзя. Шэрашава (Пружанскі раён). Званіца 1799 года — цудам ацалелая, яна стаіць сёння сярод бетоннай забудовы горада. Адэльск. Успенскі касцёл ХVІІІ стагоддзя. Тут, дарэчы, пачынаў сваю святарскую дзейнасць сённяшні шаноўны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Звязда" праінвентарызавала сем стагоддзяў нашай драўлянай архітэктуры
|
|