— Вы са Швейцарыі? Вам падаць паліто? Сіль ву пле, ву, а ля, не падаў… ну і што. Не прывучаны. Волас узбучаны. Не прывыкшы. Пароды не той. Вы смяяліся з словаў маіх пра Сапегу, Што Статут напісаў Ды мудрэй за сваіх еўрапейскіх калегаў? Мне шкада, што не верыце. Бо Гэта так і было. Наш Скарына найпершы на гэтых абшарах Выдаваў свае кнігі… Вы кажаце — мары? …Але гэтай Пагоні маёй ім было не спыніць Бо гарэлі падковы. Яна бегла далей праз сумніўнасці церні, Я ім закладаў у галовы:
— Вы на Ратушу позірк ледзь кінулі: «Гэта не ёсць для нас новым». Але я вам кажу — гэта гонар наш, Цэнтр, і сэнс, і аснова. Вам сабораў тутэйшых барока — «чаго тут дзівіцца»? А для нас гэта скарбы, падмуркі, муры і крыніцы. Захапіліся серпам і молатам? Што ж, тут такога багата, Краявідаў такіх не схаваеш: дзесяткі на плошчаў квадратах. Але горад-утопію мы не будуем нарэшце, І таму вельмі радыя.
Вось іншае, ешце: Сэрца горада — наша Няміга ўскудлачаная. Вытыркаецца кожны будынак. Усё ёсць і ўсяго недастача. Тут савецкіх прывідаў грувасткіх трывожныя цені, А пад імі — кавярня, у кавярні за столікам — Ленін. Пасядае за кавай паважна на сотнях дамоў-муляжоў, А пад столікам — брудна. Канава. З яе берагоў Патыхае касцямі Ужо сто стагоддзяў-вякоў, У калектар загнаная. А над гэтым усім — Неба і Правады скрыжаваныя…
* * *
— Прыязджайце яшчэ, пачастуем мы каваю зноўку вас, З малаком і вяршкамі з-падГомеля, першы клас. Як сабе, так і вам,
Нашым добрым гасцям. Пакуль самі сабе не нальём чагось лепшага. Пакуль нашым жанкам паліто не падам, Не падам я і вам, нашым звышвыкшталцоным Замежным сябрам…