Панскі маёнтак Сула: прыватны капітал на гістарычным аб’екце. 21.by

Панскі маёнтак Сула: прыватны капітал на гістарычным аб’екце

22.06.2010 14:33 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сула… Невялічкая вёсачка ў Стаўбцоўскім раёне і былы панскі маёнтак, апошнімі ўладальнікамі якога былі Ленскія. Некалькі гадоў таму сюды прыйшлі сродкі прыватных інвестараў. Так, з 2006 года, дзякуючы дапамозе мясцовых энтузіястаў і краязнаўцаў, а таксама з дазволу Міністэрства культуры і мясцовых улад тут пачалася маштабная рэканструкцыя. За месяц-два да таго, як “Агратурыстычны комплекс гісторыка-культурнага напрамку “Панскі маёнтак Сула” сустрэне першых наведвальнікаў, журналіст TUT.BY пабывала на тэрыторыі маёнтку.


Алея са старых клёнаў - па дарозе да маёнтку Ленскіх.


Ствол дрэва - дзіравы наскрозь, яле клён стаіць мужна.

Упершыню Сула згадваецца ў XVI стагоддзі. Землі гэтыя лічыліся каралеўскімі і належалі Стэфану Баторыю, затым Радзівілам і, нарэшце, Ленскім. Апошнія заснавалі тут радавое гняздо і ўзвялі капітальныя мураваныя пабудовы. Будынкі з чырвонай цэглы і бутавага каменя – XIX стагоддзя. Капліца, напрыклад, была пабудавана ў 1843 годзе. У пачатку XIX стагоддзя сядзіба ўключала сядзібны дом, пейзажны парк з вялікім штучным вадаёмам, капліцу-магільны склеп, млын на ручаі, спіртзавод, лядоўню і гаспадарчы дом. З цягам часу захаваліся толькі рэшткі гаспадарчых пабудоў.


Былая панская стайня пасля рэстаўрайцыі



Апошняй уладальніцай маёнтка ў Суле была Эльжбета Ленская, якая пасля знішчэння сядзібнага дома у 1939 годзе (між іншым, землі Сулы і Рубяжэвічаў адышлі да Беларусі) перасялілася ў хатку эканома і пражыла ў ёй да смерці. А пахавана была ў 1951 годзе на могілках ў Рубяжэвічах.

Былы маёнтак Сула сёння - “Агратурыстычны комплекс гісторыка-культурнага напрамку “Панскі маёнтак Сула”. Цяпер гэтыя землі – прыватная ўласнасць. Былая колавая і кузня стала страўняй. А хата парабкаў цяпер - будынак гасподні.

Сённяшнія ўладальнікі маёнтку адзначаюць, што “на тэрыторыі комплексу будуць размешчаны гасподня, страўня, стайня, сажалка, адчынены пляцоўкі для адпачынку, ферма па вытворчасці натуральнай прадукцыі для патрэб гаспадаркі”.

Як распавяла TUT.BY кіраўнік агратурыстычнага комплексу гісторыка-культурнага напрамку “Панскі маёнтак Сула” Наталля Запольская, калі яны чатыры гады назад ўзяліся за маёнтак, то на месцы сённяшняй страўні былі толькі дзве сцяны. Амаль не існавала стайні.


Стайня

Страўня (былая колавая і кузня)





Будынак гасподні (былая хата парабкаў)


Сцежкі выкладаюцца брукаванкай.



Па словах Наталлі Запольскай, працэс рэстаўрацыі быў складаны і працаёмкі:

- Існуе закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, дзе дакладна прапісаны парадак аднаўлення помнікаў. Мы наймалі навуковага кіраўніка. Да рэканструкцыі былі прыцягнуты прафесіяналы, сярод якіх - людзі, якія займаліся аднаўленнем гісторыка-культурных каштоўнасцей у Санкт-Пецярбурзе. Праекты праходзілі экспертызу, узгадняліся ў Міністэрстве культуры. Ствараліся шматлікія камісіі. А нашай асноўнай задачай была задача узнавіць аблічча разбурнага маёнтка. Мы стараліся выкарыстоўваць даступныя матэрыялы, і, мяркуем, атрымылася нядрэнна.

Будынкі аднаўляліся па старых фотаздымках, па расповедах старых жыхароў, па запісах. Сур’ёзную дапамогу, адзначаюць, аказала Міністэрства культуры (у тым ліку дапамагло і з архіўнымі матэрыяламі), а таксама - сельсавет.

Прычым гэтую справу прыбытковай назваць нельга. Падлічылі, што прыватныя інвестары (некалькі беларускіх прыватных кампаній, якія аказаліся неабыякавымі да беларускай гісторыі) за сваё жыццё не убачаць ні рубля прыбытку. Праект лічаць часткова дабрачынным. Грошы ўсё ж такі будуць вяртацца, але гэта доўгатэрміновы працэс. “Уявіце, колькі трэба вылавіць рыбы, праездзіць на канях і правесці экскурсій…”, - разважае падчас размовы Наталля Запольская.

Дарэчы, комплекс плануюць адкрыць для наведвальнікаў у жніўні.



- На сёння тут функцыянуе канюшня. Мы ўжо займаемся развядзеннем племянных коней, ёсць экіпаж для прагулак. А таксама - пляцоўка для спартыўнай язды і для катання (для тых, хто ўпершыню на кані ці толькі вучыцца), - расказвае Наталля Запольская. - Мы знаходзімся на стадыі атрымання ліцэнзіі для кафэ, дзе будзе прадстаўлена беларуская кухня па старажытных рэцэптах. Мы звязваліся з навуковымі супрацоўнікамі ў вобласці этнаграфіі і фальлора, якія падкінулі шмат ідэй. На стадыі падрыхтоўчых прац знаходзіцца гасцініца, разлічаная на сем нумароў. У сажалцы ёсць рыба, і наведвальнікіў хуткім часе змогуць павудзіць.

Таксама робіцца музейная экспазіцыя, прысвечаная маёнтку і перыяду Ленскіх. Тут будуць прадстаўлены прадметы, якія маюць непасрэднае дачыненне для маёнтка - карціны, элементы мэблі, прыватная перапіска. Сабраць гэта ўсё атрымалася з дапамогай мясцовых краязнаўцаў-энтузіастаў.

Кожны наведвальнік зможа разлічваць на экскурсію, звязаную з маёнткам, а таксама экскурсію па жывапісных мясцінах, атрымаць урокі язды на кані ці пры жаданні пакатацца ў запрэжцах, павудзіць рыбу і вярнуцца дадому ці застацца на ноч.

А калі месца будзе папулярным сярод наведвальнікаў, то плануюць узнавіць і сядзібны дом, які быў цалкам разбураны ў 1939 годзе. На гістарычным месцы пабудаваць яго немагчыма (дзяржаўная ўласнаць), таму дом будзе знаходзіцца на тэрыторыі, якая належыць уладальнікам комплексу. Але гэта – планы на будучыню.

Сёння ж найбольш захаваная часам дэталь ансамбля - лядоўня. Знаходзіцца яна за межамі брамы і комплексу і хаваецца за высокімі дрэвамі:


Лядоўня


Дах пакрыты мохам, драўляныя дзверы, сцены з камення і з унікальнай тынкоўкай… Будынак прызначаўся для захоўвання і ахладжэння прадуктаў.


Цяперашнія ўладальнікі маёнтка кажуць, што лядоўню будуць рэстаўраваць увесну.

А вось родавая капліца (таксама знаходзіцца за межамі комплексу) амаль разбураная. Тут знаходзіўся магільны склеп роду Ленскіх. 


Ступені, якія зараслі хмызняком, вядуць да капліцы.


Капліца мае правільную круглую форму, склеп быў пабудаваны ў стылю антычных рымскіх храмаў.


Падлога ўся правалілася, толькі застаўся яе кавалак там, дзе знаходзіўся алтар.


Знешні бок сцен - рэдкая тынкоўка.



Як расказалі нам, у 60-я гг. капліца была разрабавана. Вандалы ўскрылі пахаванні. Пасля чаго мясцовыя жыхары, што змаглі, перазахавалі на могілках у Рубяжэвічах. Час адыграў сваю ролю. Купал быў разбураны, і штогод капліца сыходзіць у зямлю. На жаль, сёння ўладальнікі “Панскага маёнтка “Сула” не маюць права чапаць капліцу. Яна па-ранейшаму належыць дзяржаве, ахоўваецца як гісторыка-культурная каштоўнасць, хаця і былі спробы звярнуцца да мясцовых уладаў, каб перадаць капліцу ўладальнікам маёнтка.



Фото аўтара





 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Невялічкая вёсачка ў Стаўбцоўскім раёне і былы панскі маёнтак, апошнімі ўладальнікамі якога былі Ленскія. Некалькі гадоў таму сюды прыйшлі сродкі прыватных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика