Кветкі правінцыі: півоні Міра. Сонечным днём у слаўным мурамі свайго замка горадзе адбыўся цуд вяртання людзям імя забытага кампазітара, а храму — музыкі
29.06.2010
—
Новости Культуры
|
Восьмае свята мастацтваў “Мірскі замак” Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга прысвяціў двум вядомым у музычным асяроддзі асобам. Але калі музыку аднаго з іх выконваюць ці не ва ўсім свеце, то пра другога проста забыліся, хоць менавіта ён узвёў музычны храм у нашай краіне. Іх імёны — Шапэн і Аладаў. Аладаўскі храм музыкі “Мой бацька — забыты кампазітар”, — так сказала Радаслава Мікалаеўна Аладава. Разам з братам Вальменам яна прыехала ў Мір слухаць творы Мікалая Ільіча Аладава, якія не гучалі ў канцэртах, бадай, ужо некалькі дзесяцігоддзяў. І справа не толькі ў палітычных ды сацыяльных катаклізмах, што перажывала наша краіна разам з усімі постсавецкімі дзяржавамі. Глынуўшы свабоды, у тым ліку і музычнай, мы схапіліся за тое, што раней не маглі выконваць і слухаць па прычынах ідэалагічных. І забыліся, што прарокі жывуць у сваёй Айчыне. І што менавіта Аладаў быў чалавекам, які ўсё жыццё імкнуўся кідаць палку ў балота, каб пайшлі хоць нейкія кругі...Радаслава Мікалаеўна ўспамінае, што лёс бацькі быў вельмі складаным. Прыехаў у Мінск з Санкт-Пецярбурга, дзе скончыў экстэрнам кансерваторыю. У 24-м адкрыў музычны тэхнікум, у 32-м удзельнічаў у стварэнні беларускага Саюза кампазітараў. А сам трапіў пад нажы кампаніі супраць нацдэмаў. У вайну згубіліся ўсе ноты яго твораў, так што пасля перамогі, у 50 гадоў, Аладаў зноўку стаў пачынаючым кампазітарам. Спачатку яго музыка лічылася авангарднай для свайго часу, потым стала непапулярнай... Але ж Мікалай Ільіч стварыў кансерваторыю! У 44-м, калі Мінск ляжаў у руінах, ён дабываў ноты, музычныя інструменты, шукаў выкладчыкаў... І калі пра яго музыку ў Беларускай энцыклапедыі напісана, што Аладаў “залажыў асновы многіх жанраў беларускай прафесійнай музыкі”, то ў падрыхтоўцы музычных кадраў ён наогул быў рэвалюцыянерам. Прафесар Вольга Дадзіёмава — нястомны прапагандыст айчыннай музыкі і навуковы кіраўнік музычнага праекта, што здзяйсняецца аркестрам Фінберга ў малых гарадах, — называе Аладава калайдэрам усіх сур’ёзных музычных устаноў Беларусі.Міхаіл Фінберг яшчэ падлеткам бываў у доме Аладавых, гаспадыня якога Алена Васільеўна таксама была вядомым і вельмі творчым чалавекам — дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. І менавіта прафесару і народнаму артысту Беларусі Міхаілу Фінбергу было наканавана рабіць тое, пра што марыў маэстра Аладаў: узнімаць культуру ў малых гарадах, уваскрашаць тое, што павінна ўваскрэснуць. Апантаны прапагандыст беларускай музыкі, Міхаіл Фінберг вярнуў з забыцця ўжо дзесяткі імён дзякуючы праграме “Славутыя імёны Беларусі”. Яго крэда: “У музыцы няма жанраў, ёсць добрая ці дрэнная музыка”. Знаўцы і проста аматары твораў айчынных кампазітараў і музычных імпрэз аркестра ў розных кутках Беларусі ацанілі гэта падзвіжніцтва маэстра. Музыказнаўца і аўтар падручнікаў, па якіх вучацца зараз у Акадэміі музыкі, Радаслава Мікалаеўна, архітэктар, акадэмік Вальмен Мікалаевіч Аладавы лічаць, што нельга пераацаніць такое ўшанаванне забытых айчынных імён. Прычым без вялікіх фінансавых укладанняў, без усялякіх там камерцыйных мэт. І гэтак жа, як імёны тых, чыю музыку выконвае сёння Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, імя яго кіраўніка Міхаіла Фінберга таксама становіцца тэкстам айчыннай культуры. Голас мірскіх муроў-2 Ён гучаў галасамі скрыпак, флейт, драўляных музычных інструментаў, труб, кларнетаў, удзельнікаў хору — усіх калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, якія выконвалі творы Мікалая Аладава ва ўзноўленым варыянце. З закладзенымі ў іх філасафічнасцю і інтэлектам, што былі ўласцівы Аладаву. Можа, сам кампазітар і не чакаў бы такога выканання, але, здаецца, быў бы ўсцешаны, гаварылі музыка-знаўцы. А яшчэ яны сцвяр-джалі, што такі канцэрт мог бы гучаць недзе на сцэне Еўропы ці ў Нью-Йорку як найвялікшае нацыянальнае багацце беларусаў.А потым былі ўсцешаны ўсе, хто, нягледзячы на веру ці нявер’е, прыйшоў у мірскі Мікалаеўскі касцёл. Тут уладарылі скрыпка, альт, віяланчэль... У другі раз струнны аркестр Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Валерыя Сарокі выконваў музыку старадаўніх майстроў у самай лепшай з усіх зале ХVІ стагоддзя. Бах, Шапэн, Голанд, Ельскі... І зноў Шапэн, сэрца якога пахавана ў варшаўскім касцёле і якому прысвечаны ўвесь бягучы музычны год. Тыя, хто прывык слухаць вадапады шапэнаўскіх кропель-гукаў у фартэпіянным выкананні, маглі радасна здзівіцца: такімі тонкімі падаліся аранжыроўкі для струнных Андрэя Шпянёва.Кажуць, у музыканта на кончыках пальцаў скан-цэнтравана ўся культура чалавецтва. І калі б усе іншыя дэталі нашага культурнага слоя зніклі, музыка магла б расказаць пра нас не менш яскрава.І зноў ксёндз-настаяцель Аляксандр асабіста вітаў кожнага, хто прыйшоў на гэты незвычайны канцэрт. І яго кароткая пропаведзь была пра жыццё і любоў.Хацела запытаць у вернікаў і слухачоў пра іх уражанні. Але што я магла спытаць? Хіба пра тое, куды ляціць душа, калі ў храме гучыць музыка? Але ж хто ведае: мо да нябёсаў, да самога Госпада, а мо — ад чалавека да чалавека... Закончыўся музычны фэст “Мірскі замак-2010” гала-канцэртам сучаснай музыкі ў Карэліцкім доме культуры. Маладыя музыканты і салісты знакамітага калектыву выказалі сваю падзяку тым, хто здабываў Вялікую Перамогу. А што ж півоні, спытаецеся вы? Іх было шмат. У зале Мірскага дома культуры, у храме, які старанна ўпрыгожылі дзеля такой падзеі, у кветніках пасёлка, які так папрыгажэў, стаў чысцюткім і амаль еўрапейскім гарадком. Свята мастацтваў, што ладзіць у малых гарадах Беларусі Нацыянальны кан-цэртны аркестр, у Міры было 110-м па ліку. А потым было 111-е ў Пінску, зусім хутка будзе і 112-е — у Іванаве. Абодва прысвечаны творчасці Напалеона Орды, якога нарадзіла гэта зямля, а таксама яго сучаснікаў і суайчыннікаў — Станіслава Манюшкі, Міхала Агінскага. І Фрэдэрыка Шапэна — настаўніка і сябра Орды. Гэтыя адносна маладыя фестывалі яшчэ выбіраюць свае кветкі-сімвалы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Восьмае свята мастацтваў “Мірскі замак” Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга прысвяціў двум вядомым у музычным асяроддзі... |
|