Хрыстос прызямліўся ў Галошава, ці Адкуль пайшла талака?. 21.by

Хрыстос прызямліўся ў Галошава, ці Адкуль пайшла талака?

14.07.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 Хрыстос прызямліўся ў Галошава, 
ці Адкуль пайшла талака?

Талачын упершыню ўзгадваецца ў 1433 годзе як горад Вялікага княства Літоўскага, які належаў князям Друцкім. У тыя далёкія часы ў гэтых мясцінах раслі векавыя лясы. І людзі ўсе разам іх высякалі талакой, а потым сплаўлялі па рацэ і будавалі хаты. Так на беразе Друці з’явілася паселішча, якое і назвалі Талачын, ад слова “талака”.

Пакаранне за бессардэчнасцьЛя вёскі Галошава на беразе возера Глыбокае знайшлі каменны крыж крывічоў. З ім звязана адна з легенд. Сышоў неяк на зямлю ў абліччы жабрака Ісус Хрыстос. Як ён ні прасіўся на начлег, але ніхто не жадаў пускаць беднага чалавека ў дом. Толькі адна жанчына, якая жыла ў старой хаце на самым ускрайку вёскі, дала прытулак жабраку. Хрыстос вырашыў аддзячыць ёй за гасціннасць, а абыякавых і бессардэчных людзей — пакараць. Ён папрасіў жанчыну пайсці з ім з вёскі і не азірацца. Тая пагадзілася. Аднак, пачуўшы крыкі і стогны, не вытрымала і паглядзела назад. Яна адразу ператварылася ў камень. Вёска ж пайшла на дно возера. З таго часу каменны крыж стаіць на яго беразе як напамін аб пакаранні за людскія грахі.

Храм, дзе начаваў Напалеон...Храму Пакрова Прасвятой Багародзіцы ўжо больш за 400 гадоў. Гэты помнік архітэктуры стаіць у адным шэрагу з такім шэдэўрам, як Сафійскі сабор у Полацку. Будынак царквы ў стылі віленскага барока захаваўся да гэтай пары. Зараз ён належыць жаночаму манастыру. Цікава, што калісьці тут быў касцёл. Яго ў 1604 годзе заснаваў канцлер ВКЛ Леў Сапега. Аднак у 1804-м касцёл перадалі праваслаўнай царкве. Кажуць, што калісьці тут спыняўся на начлег імператар Напалеон Банапарт. Тут ён, дарэчы, і спаліў усе архівы арміі, эмблемы карпусоў і экіпажы. “Лепей я буду ўвесь паход есці рукамі, чым пакіну хоць адзін відэлец са сваёй манаграмай рускім”, — сказаў ён тады. На Талачыншчыне Напалеон даведаўся пра дзве дрэнныя навіны: мост праз Бярэзіну разбураны, а яго база з правіянтам у Мінску знаходзіцца ў руках праціўніка.

Жывая вадаНа тэрыторыі ландшафтна-гідралагічнага заказніка “Скрыпуцёва” ля вёскі Валковічы знаходзіцца вядомая нават за межамі нашай краіны крыніца з крыштальна чыстай гаючай вадой. Яна адфільтравана крамянёва-кварцавымі пяскамі ледніковага паходжання. Вада настолькі лекавая і чыстая, што ў вайну ёю прамывалі раны. Зараз мясцовыя жыхары і прыезджыя прыходзяць да крыніцы не толькі каб пакаштаваць смачнай вады, але і пакупацца ў асвячоным месцы і памаліцца, а таксама загадаць жаданне. Кажуць, яно абавязкова збудзецца. Цікава, што пры Саюзе спрабавалі знішчыць гэтую крыніцу, але як яе ні засыпалі, вада ўсё роўна прабілася на паверхню.

... І храм у гонар перамогі над імРымска-каталіцкі касцёл святога Антонія з Падуі быў пабудаваны ў гонар перамогі ў вайне 1812 года. У 1813-м уладары Талачына Славінскія ахвяравалі на будаўніцтва новага прыходскага касцёла 100 тысяч цаглін, а царскі ўрад выдзеліў 2 тысячы серабром, а таксама былую мытню для разборкі на будаўніцтва касцёла. Аднак матэрыялаў усё роўна не хапіла. І не дзіва. Муляр Сцяпан Варфаламееў адначасова выконваў абавязкі падрадчыка, таму быў вымушаны часта адлучацца па розных справах. У яго адсутнасць рабочыя клалі больш цэглы з мэтай, каб ім больш заплацілі. У пасляваенныя гады ў касцёле знаходзіліся ткацкі цэх, мэблевы магазін, збожжасховішча. Аднак у канцы мінулага стагоддзя храм быў вернуты вернікам. У будынку былі праведзены рэстаўрацыйныя работы.

Сад-цудСад Талачынскага кансервавага завода — адзін з найлепшых у краіне. Тут на плошчы больш за 500 гектараў вырошчваюць самыя разнастайныя віды ягад (чырвоныя і чорныя парэчкі, маліны, агрэст і іншыя) і пладовых дрэў (яблыня, груша, вішня, алыча і г. д.). Амаль палову ўсёй плошчы саду займаюць яблыні. Дарэчы, летась тут быў сабраны самы вялікі ўраджай — амаль 500 тон яблыкаў.

Райскі куточак прыродыУ Талачынскім раёне існуе некалькі старых паркаў, але самы прыгожы, пэўна, Рацаўскі. Ён застаўся ў спадчыну ад графа-эстэта Замойскага-Тышкевіча. У XIX стагоддзі ён заклаў парк ля рэчкі Яноўкі — там, дзе яна выгінаецца ў форме падковы. Нягледзячы на тое што ў Вялікую Айчынную ворагі спалілі сядзібу, Рацава не страціла былога хараства і з’яўляецца пейзажна-натуралістычным скарбам Віцебшчыны. У гэты райскі куточак Талачыншчыны прыязджаюць не толькі каб адпачыць на ўлонні прыроды. На базе старой сядзібы паспяхова развіваецца паляўнічы турызм. Ён і вабіць беларусаў, расіян, палякаў, французаў, немцаў, швейцарцаў.

Музей сярэдневякоўя пад адкрытым небамУ эпоху Кіеўскай Русі Друцк быў адным з цэнтраў Полацкай зямлі, роўнавялікі Мінску. Гэтая зямля бачыла Уладзіміра Манамаха. Друцкае гарадзішча ўнікальнае яшчэ і тым, што гэта лепшы помнік нашага мінулага, бо тут захаваліся амаль усе элементы сярэдневяковага горада. На друцкай зямлі вытокі беларускай дзяржаўнасці, традыцыі воінскай славы, духоўнасці і культуры. Менавіта тут у 1001 годзе пабудавалі адну з першых праваслаўных цэркваў на Беларусі. Тут было напісана знакамітае Друцкае Евангелле, помнік усходнеславянскага пісьменства XIV стагоддзя.

Залаты пэндзаль мастакаУ вёсцы Звянячы Талачынскага раёна нарадзіўся славуты беларускі мастак Міхаіл Савіцкі, народны мастак СССР і БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. За яго плячамі апаленая вайной маладосць, палон і жах канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора. Нездарма некаторыя работы гэтага Героя Беларусі прысвечаны барацьбе з гітлераўскімі захопнікамі. Яго карціны адлюстроўваюць гісторыю станаўлення нацыянальнай культуры, хрысціянскую тэматыку, а таксама паказваюць маштаб чарнобыльскай катастрофы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Талачын упершыню ўзгадваецца ў 1433 годзе як горад Вялікага княства Літоўскага, які належаў князям Друцкім. У тыя далёкія часы ў гэтых мясцінах раслі векавыя лясы. І...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика