У праграме найлепшыя і новыя песьні, выступ сяброў-музыкаў, песьні і паэзія. І, вядома ж, прыемныя неспадзяванкі!
Зьміцер Вайцюшкевіч нарадзіўся 20 ліпеня 1971 году ў мястэчку Бярозаўка Лідзкага раёну. Скончыў школу з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы і музычную вучэльню па клясе клярнэта ў Лідзе. Працягваў навучаньне ў Інстытуце культуры і менскай музычнай вучэльні імя Глінкі.
Удзельнік папулярных гуртоў «Палац» і «KRIWI». Ад 2001-га — лідэр і мастацкі кіраўнік «WZ-Orkiestr».
Быць Зьмітром Вайцюшкевічам
Зрабіць кнігу пра Вайцюшкевіча прапанаваў сам Вайцюшкевіч на леташнім канцэрце з нагоды ўласнага дня народзінаў. Адгукнуліся на гэту прапанову журналісты Анатоль Мяльгуй, Эла Оліна і палітык Павал Севярынец, якія аб’ядналі свае нарысы, аналітычныя агляды і інтэрвію са сьпеваком, зробленыя цягам апошніх шасьці гадоў.
Кніга пра беларускага сьпевака пабачыць сьвет у выдавецтве «Кнігазбор», вядомага з шматтомнай калекцыі беларускіх твораў ад старажытнасьці да нашых дзён. За назву выданьня ўзяты радок з верша Рыгора Барадуліна, аднаго з аўтараў песень Вайцюшкевіча – «Беларускае слова ад сьпеву».
Зрабіць кнігу пра Вайцюшкевіча прапанаваў сам Вайцюшкевіч на леташнім канцэрце з нагоды ўласнага дня народзінаў. Адгукнуліся на гэту прапанову журналісты Анатоль Мяльгуй, Эла Оліна і палітык Павал Севярынец, якія аб’ядналі свае нарысы, аналітычныя агляды і інтэрвію са сьпеваком, зробленыя цягам апошніх шасьці гадоў. У зборнік таксама ўвайшлі гутаркі, рэцэнзіі, агляды Вітаўта Мартыненкі, Міхася Скоблы, Змітра Падбярэзскага і Сяргея Будкіна.
«Наш зборнік каштоўны тым, што ўключае гутаркі з аўтарытэтнымі асобамі, якія сёньня зьяўляюцца сумленьнем і гонарам Беларусі, цікавы разнастайнасьцю жанраў, уключае нарысы, падарожныя нататкі, інтэрвію, і адлюстроўвае творчы працэс нараджэньня, запісу новых песень і музычных дыскаў, якія хутка знаходзяць сваіх слухачоў як у Беларусі, так і ў замежжы», - кажуць укладальнікі кнігі.
У кнізе зьмешчаны эксклюзіўныя фотаздымкі розных гадоў, тэксты песень, якія варта вывучыць напамяць. У яе ўключана поўная дыскаграфія артыста, рэпартажы з выступаў выканаўцы ў Магілёве, Гародні, Віцебску, канцэртаў салідарнасьці ў Варшаве, падарожжаў па Парыжы, Кіота, Вашынгтоне і Канзас-сіті, Нью-Йорку і Стакгольме.
Пра Вайцюшкевіча ў прыватнасьці і беларускую музыку агулам разважаюць палітык Аляксандар Мілінкевіч, народны паэт Рыгор Барадулін, паэт Генадзь Бураўкін, мастак Алесь Пушкін, бард Алесь Камоцкі, рок-сьпявак Лявон Вольскі ды іншыя.
Падараваць кнігу яе ўкладальнікі плануюць якраз на дзень народзінаў Вайцюшкевіча – 20 ліпеня, калі той зайграе традыцыйны ўжо канцэрт у Мінску.