Некалькі слоў пра Славу. 21.by

Некалькі слоў пра Славу

12.08.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння ў Мінску адбылося развітанне са знаным фотамастаком, пісьменнікам і народным майстрам Вячаславам Дубінкам.

Вось і яшчэ на аднаго Добрага Чалавека на свеце паменшала.

Пайшоў з жыцця Вячаслаў Дубінка — фотарэпарцёр, пісьменнік, мастак, выдавец, паліграфіст... Цяжка нават адразу ўзгадаць усе тыя палеткі беларускай культуры, якія рупліва ўзараў сціплы хлопец са Слуцка.

Быў час, калі ніводны нумар газеты “Звязда” не абыходзіўся без ягоных здымкаў, прычым не толькі на беларускую тэматыку. Свае адпачынкі няўрымслівы рэпарцёр праводзіў не на пляжах, а ў бясконцых вандроўках. Альпіністы на Паміры, золаташукальнікі Бадайбо, былыя вязні сталінскага ГУЛАГа на Калыме і проста цікавыя людзі з абшараў адной шостай часткі сушы былі героямі рэпартажаў і нарысаў журналіста. А здымкі, якія ён рабіў, заўжды адрозніваліся дзіўным рамантычным лірызмам...

Магчыма, менавіта ў гэтых падарожжах і ўзнікла неабходнасць Слова, бо далёка не ўсё можна выказаць нават самай цудоўнай фатаграфіяй. І Слова не прымусіла сябе чакаць. Яно зазіхацела ў апавяданнях і аповесцях Вячаслава і асабліва бліскуча забеларусілася ў ягоных “карацельках”...

Слова — словам, але рукі слуцака не знаходзілі спакою, і, калі толькі шчасціла вольная хвілінка, у іх з’яўляліся нажніцы і нараджаліся на свет новыя дзівосы — выцінанкі. Гэта былі выразаныя са звычайнага шматка паперы казкі, такія ж добрыя і ўзнёслыя, як і ўсё тое, што было зроблена працавітымі рукамі Вячаслава Дубінкі...

Ды ўсё гэта — творчасць, якая  хоць і з’яўляецца боскай справай, але ў нашых шыротах, на вялікі жаль, больш-менш прыстойнага жыцця не забяспечвае. І вось узнік у кніжнай справе выдавец і паліграфіст Дубінка — кіраўнік фірмы “Не спі ў шапку”, як было напаўжартам пазначана ў яго візітоўцы.  Вось гэты самы “кіраўнік” мазольна зарабляў сваю капейчыну на тых заказах, ад якіх з-за нязручнасці ці таннасці адмаўляліся буйныя паліграфічныя прадпрыемствы са сваім суперсучасным абсталяваннем. Ён жа гэта рабіў адно сваімі рукамі, вядома, з дапамогай разумнай галавы...

Калісьці на сваёй кніжцы “Ліхтарыкі” я пакінуў Славе чатырохрадкоўе:

І “Нікан” аднімае адпачынак,

І выцінанкі ўзнёслыя, як дым,

Каб больш у нас было

  такіх Дубінак,

Ці біў бы нас

  дубінкамі рэжым?..

Безумоўна, гэтых радкоў замала. Постаць Вячаслава Дубінкі і  спадчына, якую ён пакінуў нам, недаздымаўшы, недарэзаўшы, недапісаўшы, недажыўшы свайго, вартая асобнай кніжкі. І яна, на мой погляд, абавязкова будзе. А пакуль трэба выказаць спачуванне родным і неяк стрываць той боль, ад якога стыне сэрца і апускаюцца рукі...

Хаця Творца, напэўна, ведае лепш за нас, каго і калі запрашаць да сябе на аўдыенцыю. Магчыма, і Яму, самотніку, сёння таксама не хапае добрага, шчырага і неабыякавага суразмоўцы з дзіцячымі вачыма, з якім можна проста пагаварыць па-беларуску.

Георгій ЛІХТАРОВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Мінску адбылося развітанне са знаным фотамастаком, пісьменнікам і народным майстрам Вячаславам Дубінкам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика