Вайцюшкевіч: "Музыка павінна ўзрушваць, а не закалыхваць "ой, як прыгожа ўсё...". 21.by

Вайцюшкевіч: "Музыка павінна ўзрушваць, а не закалыхваць "ой, як прыгожа ўсё..."

04.09.2010 11:05 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фото: www.svaboda.org
Фото: www.svaboda.org
Толькі ўзнёслыя душы твораць дабро. А такія ёсць і сярод беларускіх знакамітасцяў. Пацвердзіць гэта ўзяліся супрацоўнікі сацыяльнага цэнтра Кастрычніцкага раёна, якія арганізавалі акцыю "Яркае жыццё". У яе межах артысты, мастакі, прадстаўнікі шоу-бізнэсу будуць прыязджаць у цэнтр для таго, каб сустрэцца з маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Такая "тэрапія зносін" накіравана на тое, каб звярнуць увагу грамадства на праблемы гэтай моладзі і дапамгчы ёй адчуваць сябе больш упэўнена.

Першым у сацыяльны цэнтр завітаў музыкант і спявак Зміцер Вайцюшкевіч.

Гэтая сустрэча ўразіла сваёй шчырасцю. Зміцер вольна, па-сяброўску выконваў свае песні — як звычайна. Ён не падбіраў адмысловы рэпертуар, вёў нязмушаную сяброўскую гутарку. А пасля выступу даў майстар-клас ігры на гітары. Маладыя людзі загарэліся, паверылі ў тое, што навучыцца іграць на гэтым даволі складаным інструменце ім будзе пад сілу. А пасля ўсе разам развучвалі ноты. Зміцер тлумачыў, як не толькі чуць гукі, але і дакладна паўтараць іх. І гэта ў некаторых атрымоўвалася даволі добра.

Моладзь, у сваю чаргу, таксама падрыхтавала для госця падарункі. Першым з іх быў грэчаскі танец сіртакі, які яны выканалі, стаўшы ў круг і абняўшыся. Музыканту падаравалі і зробленыя сваімі рукамі цацку, мяккае крэсла, а адна дзяўчына — Даша Васільева — спецыяльна выканала для яго песню. Завяршылася сустрэча сумесным піццём кавы. Для гэтага маладыя людзі загадзя прыгатавалі пірожныя "Бульбачка". Госця папрасілі распісацца на льняных сурвэтках, вышытых каляровымі ніткамі, якія яшчэ доўга змогуць нагадваць пра прыемную сустрэчу. Гэту традыцыю супрацоўнікі цэнтра "падгледзелі" ў тэлеперадачы пра Міхалкова. У лецішчы славутага кінарэжысёра быў абрус, на якім распісваліся ўсе знакамітыя госці. А мадам Канчалоўская вышывала гэтыя аўтографы.

Зміцер Вайцюшкевіч адзначыў, што ніхто не ведае, якое выступленне будзе самым значным у жыцці.

— Зміцер, вы першым прынялі запрашэнне сустрэцца з маладымі людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Чаму?

— Таму што прапанова была канкрэтная. Мне дасылаюць розныя запрашэнні. Але яны невядома каму накіраваныя. А тут была канкрэтная размова наконт таго, што ёсць такая ідэя. Я думаю, важна падтрымаць гэту акцыю, даць ёй рэзананс, наколькі гэта магчыма. Я не лічу сябе супервядомым, папулярным. Кожны можа дапамагаць па-свойму, аддаваць, напрыклад, частку добрага настрою гэтым людзям. Я лічу, што не варта неяк адмяжоўвацца ад іх. Мы павінны прымаць удзел. Няхай усё тое, што я напрацаваў за дваццаць гадоў, паспрыяе такой важнай справе, як дапамога людзям, у якіх шмат праблем са здароўем, бытам і г.д.

— У вас ёсць вопыт зносін з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі?

— Асабістага няма. Але былі выступы і ў Бараўлянах, і ў дамах састарэлых людзей, дзе таксама шмат людзей абмежаваных, непрацаздольных. Я не лічу, што гэта незвычайная, асаблівая сітуацыя (у тым ліку з пункту гледжання музыкі), што ўсё ім трэба тлумачыць. Я спяваў рознае, выступаў нават у псіхіятрычнай бальніцы. І таксама не бачу розніцы паміж нармальным жыццём і тым, якое прынята лічыць ненармальным.

— Адмысловы рэпертуар вы не падбіралі?

— Я ніколі не падбіраю спецыяльныя песні. Што кладзецца на сэрца, тое і гучыць. Музыка і іншыя віды мастацтва павінны ўзрушваць, а не закалыхваць "ой, як прыгожа ўсё". Яны павінны ўводзіць чалавека ў нармальны стан, жыццёвы, у якім ёсць кепскае і добрае, дождж за акном і сонца.

— Якія адчуванні пасля сённяшняй сустрэчы? Было складана?

— Не. Класная публіка. І яны ўсе абсалютна розныя. Мне выразна малююцца партрэты кожнага хлопца ці дзяўчыны. Калі браць у адсоткавых адносінах, то беларуская мова тут выкарыстоўваецца часцей, чым у звычайным грамадстве. У гэтым цэнтры два з дзесяці чалавек размаўляюць па-беларуску. І імя "Зміцер" для іх гучыць зусім звыкла.

...Вайцюшкевічу задалі пытанне наконт яго імя. Спявак падрабязна расказаў пра свае сцэнічныя псеўданімы:

— Я выступаю пад двума імёнамі — Зміцер Вайцюшкевіч і Тодар. Спачатку раскажу, адкуль узяўся "Тодар". У гурце "Палац" я працаваў восем год і пачынаў сваю кар'еру. Там мяне любілі называць Федзя — за маю дабрыню, часам мяккацеласць. Таму, калі я пачаў выступаць сольна, вырашыў быць больш цвёрдым (артысту часам гэта вельмі патрэбна) і ўзяў сцэнічны псеўданім Тодар. А з іменем Зміцер таксама звязана асобная гісторыя. Неяк з сябрамі я святкаваў Новы год. Нас было чатырнаццаць чалавек — сем дзяўчат і сем хлопцаў. Дзяўчат звалі па-рознаму: Маша, Каця, Вера... А ўсе хлопцы аказаліся Дзмітрыямі. Я вырашыў, што мне гэта не падыходзіць — трэба неяк выдзяляцца. Таму стаў звацца Зміцерам, па-беларуску. І я супраць таго, каб маё імя перакладалі як "Дзмітрый". Імёны ж замежных артыстаў не перакладаюць. Напрыклад, Адрыяна Чэлентана не называюць у нас Андрэем Чэлентанавым.

Даша Васільева спытала ў Вайцюшкевіча, ці ёсць у яго песні на вершы жанчын. Музыкант адказаў, што ў яго рэпертуары толькі адна такая — песня на верш Ларысы Геніюш. Але з часам ён плануе выпусціць цыкл такіх работ. Дзяўчына прызналася, што сама піша вершы з шаснаццаці гадоў. На што Зміцер, падміргнуўшы, адказаў: "Добра, намёк зразумелы..."

Маладыя людзі шмат атрымалі ад гэтай сустрэчы. Яны сталі больш упэўненымі ў сабе, натхнёнымі на жыццё. А для мяне, журналіста, які большасць часу быў проста староннім назіральнікам, яна таксама не прайшла бясследна. Я пераадолела свой страх зносін з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Я ўбачыла, што рабіць гэта можна проста і нязмушана. Стала ясна: яны не іншыя, не горшыя за нас, ім проста патрэбна больш увагі...



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Супрацоўнікі сацыяльнага цэнтра Кастрычніцкага раёна арганізавалі акцыю "Яркае жыццё". У яе межах артысты, мастакі, прадстаўнікі шоу-бізнэсу будуць прыязджаць у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика