Дзед Талаш вяртаецца
07.09.2010 15:53
—
Новости Культуры
|
Генадзь Гарбук. фота - svaboda.org Павал Харланчук. фота - naviny.by На «Беларусьфільме» прыступаюць да здымкаў 4-хсерыйнай тэлестужкі «Талаш» паводле аповесці Якуба Коласа «Дрыгва». Здымкі пачнуцца ўжо гэтым вераснем. — Пад Смалявічамі ўжо пабудаваныя дэкарацыі, — кажа рэжысёр фільма Сяргей Шульга. — Чакаем бабінага лета, каб зняць летнюю натуру. Акрамя гэтага, здымем баль у Пружанскім палацыку і тамсама - зімнія баі. Акторскі склад для фільма «Талаш» ужо вызначаны — гэта збольшага акторы Купалаўскага і Тэатра імя Горкага. Настасся Баброва здымецца ў ролі Аўгінні, а Андрэй Крывецкі — у ролі Макара. Акрамя гэтага, задзейнічаныя такія выбітныя акторы, як Аўгуст Мілаванаў і Генадзь Аўсяннікаў. Дзеда Талаша будзе граць народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук. Паводле сцэнару супрацьстаяць яму будзе Сцяпан, яго сыграе малады, але ўжо вядомы актор Купалаўскага Павал Харланчук. У стужцы беларусы будуць размаўляць па-беларуску, палякі — па-польску, а бальшавікі, адпаведна, — па-расійску. — Паляшуцкай гаворкі, на якой размаўлялі дзед Талаш і яго аднавяскоўцы, у стужцы, да жалю, не будзе, — працягвае аповед Сяргей Шульга. — Мы прыйшлі да высновы, што стужка павінна быць зразумелая большаму колу гледачоў, таму абралі класічны варыянт беларускай мовы, а не яе дыялект. У дадатак, я быў супраць трасянкі — беларускую мову трэба вяртаць. Шульга, які са згоды сына Якуба Коласа Міхася Канстанцінавіча напісаў таксама сцэнар, не раскрывае ўсіх суплётаў сюжэту. Але вядома, што да сцэнаў Першай сусветнай і савецка-польскай вайны 1918—1920 гг. дадаўся любоўны трохкутнік, якога не было ў коласаўскай «Дрыгве». Будуць сцэны з гістарычнымі постацямі, у прыватнасці, з правай рукой Пілсудскага, камісарам па Беларусі Ежы Асмалоўскім. Нягледзячы на запрошаную каскадзёрскую групу і здымкі трох вялікіх баёў, рэжысёр «Талаша» лічыць, што гэта будзе хутчэй псіхалагічнае кіно, дзе вайна прысутнічае адно як фон, як цяжкія абставіны, якія прымушаюць людзей рабіць свой выбар. — Асноўнай тэмай зробіцца беларуская незалежнасць, прага людзей да самастойнасці, — кажа Шульга. — У стужцы Макар Балук, камандзір партызанскага атраду, выказвае думку: «Давайце самі будзем ваяваць за сябе, супраць і тых, і тых», — але больш разважлівы дзед Талаш адказвае: «Не, не здужаем, сілы ў нас замала, трэба вызначацца — выбіраць чыйсьці бок. Бо калі самі пойдзем, і тыя, і гэтыя сатруць нас на парашок». Тэлестужку «Талаш» павінны скончыць у канцы мая 2011. Потым яе, хутчэй за ўсё, пакажуць па беларускіх каналах. Рэжысёр дадае, што будуць падрыхтаваныя ўсе ўмовы, каб у выпадку поспеху тэлефільма зрабіць з яго паўнакроўны мастацкі фільм. Падзяліцца навіной:
ПК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На «Беларусьфільме» прыступаюць да здымкаў тэлестужкі паводле аповесці «Дрыгва». У галоўных ролях — Генадзь Гарбук і Павал Харланчук.
|
|