У ЗША прайшла 29-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. 21.by

У ЗША прайшла 29-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі

07.09.2010 18:00 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі (США), гасцінна прыняў удзельнікаў 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая доўжылася два дні — 4 і 5 верасня.

На першым плане Івонка Сурвілла і Янка Запруднік.

Янка Запруднік, Надзея Запруднік і Марына Яўсейчык.

Гэтая традыцыйная сустрэча ладзіцца раз на два гады ў ЗША альбо Канадзе. У гэтым годзе яе арганізатарамі з’яўляліся Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне (БАЗА) і Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт Рыверы. У склад аргкамітэта, які дапамагаў у арганізацыі сустрэчы, уваходзілі кіраўнікі Цэнтра: Юрый Арцішэнка, Юрый Навумчык. Таксама сябры Галоўнай Управы БАЗА: Вячка Станкевіч, Ала Орса-Романа, Валеры Дворнік, і ад аддзелу БАЗА ў Нью-Джэрсі намеснік старшыні — Віталь Алісіёнак і Ала Кузьміцкая.

Беларусы сабраліся разам дзеля кансалідацыі сваёй грамады, абмеркавання надзённых праблемаў жыцця беларускай эміграцыі. Гэтыя Сустрэчы праводзяцца з верасня 1952 года. Сёлетняе мерапрыемства аб’яднала каля ста пяцідзесяці беларусаў. На фармальнай частцы прысутнічала амаль дзвесце чалавек! У Саўт-Рывер з’ехаліся беларусы з розных штатаў ЗША: Каліфорніі, Мічыгана, Агайо, Пенсільваніі, Дэлавера, Мінесоты, Нью-Джэрсі, Нью-Ёрка, Вашынгтона — сталіцы ЗША, а таксама з канадскіх правінцый Квебек (Атава), Антарыо (Таронта), Брытанская Калумбія (Ванкувер).

У памяшканні грамадскага цэнтра былі разгорнуты гістарычна-інфармацыйныя стэнды, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння паэткі Ларысы Геніюш і 100-годдзю выдання Вацлавам Ластоўскім «Кароткай гісторыі Беларусі».

Тут жа была арганізавана выстава мастацкіх твораў Івонкі Сурвіллы, Ірыны Варабей, фотаздымкаў Алекса Сільвановіча, Славіка Вініцкага ды іншых. Таксама госці мелі магчымасць пазнаёміцца з інфармацыйнай выставай Цэнтра Беларускіх Даследаванняў у Канзасе. На двары прайшоў кірмаш, на якім можна было набыць кнігі, музычныя дыскі, сувеніры, партрэты, выкананыя маладой мастачкаю Ксеніяй Капытка. Гаспадары частавалі гасцей смажаным салам і кіяхамі. Добры настрой гасцям стварала сям’я Дзямешчыкаў. Менавіта пад іх музыку і спевы праходзілі ўсе забаўкі. Увогуле, у першы дзень была неафіцыйная сяброўская сустрэча. Беларусы гуртам спявалі песні, ладзілі пікнікі, а ўвечары балявалі і танчылі да паўночы.

На другі дзень, 5 верасня, бальшыня гасцей наведалі набажэнствы ў беларускай царкве імя Святой Еўфрасінні Полацкай, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларуска-Амерыканскага грамадскага цэнтра ў Саўт Рыверы, службу ў якой праводзіў мясцовы святар айцец Міхаіл. Таксама госці наведалі набажэнствы ў царкве, што знаходзіцца ў Гайленд Парку, там службу праводзіў Уладыка Святаслаў, япіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі.

Апоўдні адбылося афіцыйнае адкрыццё Сустрэчы. Пасля ўступнага слова старшыні Галоўнай управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання сп. Вячкі Станкевіча былі заслуханыя прывітанні, адрасаваныя ўдзельнікам 29-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Першым меў слова Старшыня Грамадскага Цэнтра Бобі Цупрык, які прачытаў прывітанні ад двух кангрэсменаў штата Нью-Джэрсі: Фрэнка Палонэ і Раша Холта, а таксама ад сенатара штата Нью-Джэрсі — Фрэнка Лоўтэнберга.

Спадар Вячка Станкеівч зачытаў вітальнае слова ад губернатара Нью-Джэрсі — Крыса Крысці, а таксама ад старшыні Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі Алены Міхалюк і сакратара ЗБВ Сяргея Пяткевіча, дзе гаварылася: «Спадзяёмся, што Сустрэча паспрыяе захаванню і развіццю гэтай шасцідзесяцігадовай традыцыі, якая з’яўляецца вельмі карыснай у справе яднання беларусаў Паўночнай Амерыкі».

Алена Скурко зачытала ліст, звернуты да ўдзельнікаў Сустрэчы, ад старшыні Аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, і Аб’яднання бацькоў з Беласточчыны — Барбары Пякарскай: «Актыўнасць беларускай дыяспары ў Амерыцы важная не толькі для вас саміх. Інфармацыя пра яе разыходзіцца шырока па свеце… Усюды, дзе б беларусы ні былі, гэтую інфармацыю чакаюць, перажываюць за вашыя клопаты, радуюцца вашым поспехам. Вы паказвалі нам, як трэба ганарыцца сваім паходжаннем, сваім жыццём, сваімі прафесійнымі поспехамі. Паказвалі, што нашыя карані — гэта наша багацце».

Юрась Зянько зачытаў звароты ад двух кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі: Аляксандра Мілінкевіча і Алеся Міхалевіча.

Аляксандр Мілінкевіч: «Шчыра зычу вялікіх плёнаў і ўдалых ініцыятываў у вашым спатканні, а таксама моцы, поспехаў кожнаму з вас. Жывуць беларусы! Жыве Беларусь!»

Алесь Міхалевіч: «Шаноўныя сябры! Становішча Беларусі істотна адрозніваецца ад таго, што было ў 2001 і 2006 гадах. Канфлікт з Расіяй прывёў да таго, што ціск на беларускія ўлады адбываецца як з захаду, так і з усходу. А гэта адчыняе магчымасці да змены ўлады ў краіне і пераходу да дэмакратыі. У гэтай сітуацыі, калі з’яўляецца рэальная магчымасць адбудаваць беларускую дэмакратыю, як ніколі робіцца істотнай праца беларускай дыяспары за мяжой, асабліва ў Злучаных Штатах Амерыкі…. Разам мы пераможам! Жыве Беларусь!»

Вітальныя словы ад Ніны Шыдлоўскай, старшыні Рады МГА «Згуртаванне Беларусаў Свету «Бацькаўшчына» зачытала госця з Беларусі Марына Яўсейчык: «Шчыра спадзяемся, што гэтае надзвычай важнае для беларускай грамады Амерыкі мерапрыемства прынясе ўдзельнікам добрыя ўражанні, радасныя эмоцыі, плён беларускай справе… Верым, што дзякуючы вашым намаганням і вашай нястомнай працы беларускае жыццё ў Амерыцы ніколі не згасне! Жыве Беларусь!».

Дзмітрый Эльяшэвіч, былы старшыня Згуртавання Беларусаў Канады (ЗБК), зачытаў вітальныя словы ад сяброў Канадскага сектару Рады БНР: «Сябры канадскага сектару рады БНР шчыра вітаюць вас з традыцыйным форумам беларусаў, якія жывуць у Паўночнай Амерыцы. Мы верым, што сустрэча будзе вартаснай, будзе надалей служыць яднанню беларусаў за мяжой».

Са шчырымі словамі звярнуўся да беларусаў Алесь Кот — прадстаўнік ЗБК:

«У далёкім 1952 годзе мінулага стагоддзя Згуртаванне Беларусаў Канады і Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне змайстравалі на Ніягары ўрачыстасць, якая атрымала назву Сустрэчы, бо па-сяброўску сустракаліся беларусы Амерыкі з беларусамі Канады. Такі закладзены ў аснову фармат вытрымліваўся ва ўсе наступныя часы. Беларусы Канады прыязджалі ў Амерыку дзеля сустрэчы са сваімі суродзічамі, або прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Амерыцы рухаліся да „краіны клёну“, каб сустрэцца з канадыйскімі беларусамі. Сёння гісторыя сустрэчаў адкрыла новую бачынку — 29-я ёсць! Паўнавартасная, з удзелам беларусаў абодвух краінаў, і гэта наш галоўны супольны здабытак.

Традыцыя не перарвалася. Так было, ёсць і будзе! Бо на тое наша супольная воля. Мы ёсць паўнамоцныя прадстаўнікі Згуртавання Беларусаў Канады, дэлегацыі васьмідзесяці адцоткаў дзейсных сяброў Згуртавання. І таму мы маем паўнамоцтвы віншаваць усіх удзельнікаў сустрэчы з тым, што яна адбылася. І яшчэ, маю смеласць і гонар сказаць: калі мы з БАЗА — ніколі параза, заўжды перамога! Гуртуйцемся разам! І будзе нас многа! United we stand!»

Ігар Ламака з Ванкувера: «Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады вітае ўсіх беларусаў, якія прыехалі на 29-ю Сустрэчу беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Саўт Рывер. Для ўсіх важна, асабліва ў гэты час, прабачыць крыўды і ўз’яднацца для агульнай справы. Традыцыйна БАЗА з’яўляецца органам беларусаў у ЗША, і мы спадзяёмся, што БАЗА паспяхова перажыве сённяшнія цяжкасці і будзе працягваць справу нашых продкаў. Мы, беларусы, маем гордасць, розум і багатую гісторыю. І мы вартыя заняць адпаведнае месца сярод іншых народаў».

Вячка Станкевіч перадаў прывітанне ад Руслана Качаткова, старшыні Каардынацыйнага Камітэта беларусаў Канады.

Далей слова ўзяла Зінаіда Гімпелевіч — прафесар канадскага універсітэта ў Ватэрлоо і сябра Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Канадзе:

«…Хачу шчыра падзякваць амерыканскай БАЗЕ і яе старшыні — спадару Вячку, і асабліва яго цудоўнай камандзе, за такую сустрэчу, за магчымасць пабыць разам, паглядзець адзін аднаму ў вочы…».

Прывітанне ад Алеся Арцюховіча старшыні аддзялення беларуска-амерыканскага задзіночання ў Паўднёвай Каліфорніі перадала Марыя Садоўская.

Вячка Станкевіч зачытаў для аўдыторыі прывітанне Сяргея Раманюка — кіраўніка Аддзелу БАЗА ў Агайо, віцэ-прэзідэнта цэнтра «Полацак» (Кліўленд): «Паважаныя сябры, прыміце нашыя сённяшнія віншаванні і пажаданні поспехаў у захаванні патрыятычнай традыцыі беларускай эміграцыі. Жыве Беларусь!».

Апошняе прывітанне прагучала ад Сямёна Шарэцкага — былога Старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі, які жыве ў Каліфорніі.

Падзяліцца навіной: 
zbsb.org

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Удзельнікаў сустрэчы гасцінна прыняў Беларуска-Амерыканскі грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика