…А медсястра ў вар’ятку ператварылася. 21.by

…А медсястра ў вар’ятку ператварылася

13.09.2010 15:55 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У новым даведніку Леанід Маракоў распавядае аб рэпрэсаваных медыцынскіх і ветэрынарных работніках Беларусі.

— У даведніку прыведзены біяграфіі рэпрэсаванага медперсаналу абсалютна ўсіх медустаноў, у тым ліку і вайсковых частак, а таксама Народнага камісарыята па ахове здароўя, абласных, гарадскіх, раённых медыцынскіх, санітарных, ветэрынарных інспекцый, аптэк, медыцынскіх і ветэрынарных ВНУ і г.д. Усяго 1520 персаналій: каля 500 ўрачоў, больш за 200 медсясцёр, блізу 600 ветэрынарных работнікаў, некалькі соцень іх сваякоў і тых, хто праходзіў з імі па адной групавой справе.

«НН»: Нацыянальны склад рэпрэсаваных вядомы?

ЛМ: Так. З тых, каго я выявіў, ён выглядаў наступным чынам. Беларусы — 738, палякі — 331, габрэі — 203, рускія — 168, украінцы — 25, латышы — 18, літоўцы — 13, немцы — 9, чэхі, эстонцы — па 2 чалавекі, грузіны, венгры, казахі, малдаване, татары, французы, чувашы — па адным, нявызначаныя — 4.

«НН»: Вынішчэнне медработнікаў адбывалася па асобным сцэнары ці ў агульнай хвалі рэпрэсій?

ЛМ: Падчас крывавага «тунэля смерці», піку сталінскіх рэпрэсій (чэрвень 1936 — лістапад 1938), адбыўся поўны заняпад сістэмы медабслугоўвання насельніцтва БССР. Дайшло да таго, што на большасць раённых бальніц прыходзіўся толькі адзін лекар. Кожны трэці-чацвёрты ўрачэбны ўчастак быў не толькі без доктара, але і без фельчара, нават без акушэркі. Але медперсанал працягвалі арыштоўваць і нішчыць. Арыштоўвалі з такой хуткасцю, што трыста выпускнікоў Мінскага і Віцебскага медыцынскіх інстытутаў штогод не паспявалі займаць пустыя месцы. Праўда, іх рыхтавалі найперш для спецбальніц, спецклінік, спецсанаторыяў, у якіх лекаваліся партыйныя бонзы і энкавэдысты.

«НН»: Але ж працоўныя месцы не заўжды пуставалі?

ЛМ: Канешне. Суражскім раённым аддзелам аховы здароўя кіраваў начальнік пажарнай часці, Бешанковіцкім — дырэктар сталовай, Барысаўскай радзільняй — «завхоз», Дубровенскай бальніцай — фельчар. Але ж патрэбныя былі кваліфікаваныя кадры. У лячэбных установах ад адсутнасці медыкаментаў і дактароў памірала столькі людзей, што не паспявалі лічыць нябожчыкаў. У Церахаўскім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім раёнах не было ніводнага стаматолага. На 124 тысячы насельніцтва — ніводнага.

«НН»: Такая недакамплектаванасць кампенсавалася бясплатным медаблугоўваннем?

ЛМ: Бясплатная медыцына — гэта міф. «Справядлівая»

сацыялістычная дзяржава выдзяляла на ахову здароўя шараговага будаўніка камунізму ў БССР «ажно» 4 рублі штомесяц.

Але іх, зразумела, на кожнага не хапала. Таму і дзялілі толькі сярод абраных — «кліентаў» спецклінік.

Большасць бальніц не ацяплялася зімой, а Барысаўская радзільня і Лельчыцкая раённая бальніца (на 20 ложкаў з насельніцтвам 35 тысяч у раёне) не мелі каналізацыі, вады і святла. Як у каменным веку. Ацяплення, святла і водаправода не было нават у сталічным рэспубліканскім доме дзіцяці. Адпаведна — вялікая смяротнасць. За 1937 год у Віцебску, Гомелі, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы дзіцячая смяротнасць паднялася на 30-60 працэнтаў. У Барысаве кожнае чацвёртае-пятае немаўля не дажывала да годзіка. У Магілёве палова ад агульнай колькасці памерлых — 724 з 1447 — дзеці да чатырох гадоў. У Жлобінскім, Лепельскім, Хойніцкім ды ў шмат якіх іншых раёнах адсутнічалі рэнтгенапараты. Не было яго нават у Барысаўскім раённым сухотным дыспансеры. Каб зрабіць здымак, хворыя мусілі ехаць у Мінск. Плаціць за праезд немалыя грошы. А больш трагічнае тое, што хворы на сухоты ехаў у поўным вагоне здаровых людзей.

У Дзяржынскім, Капыльскім, Плешчаніцкім, Лельчыцкім, Расонскім, Ушацкім, Тураўскім раёнах у сярэдзіне 1930-х на тысячу чалавек не выходзіла і аднаго ложка.

«НН»: Успаміны сведак тых падзей захаваліся?

ЛМ: Сталічны ўрач З. Левін у канцы кастрычніка 1938-га наведаў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, у якой чэкісты забілі пісьменніка Цішку Гартнага. Левін запісаў: «Дети синие, дрожащие от холода, жмутся по углам и все вместе напоминают загнанных зверей… Отделение производит впечатление изолятора закрытого тюремного типа…»

У маі 1933-га прывезлі ў «лячэбніцу» 50 хворых з Мінска.

За год вылечылі ўсіх — на тутэйшыя могілкі адправілі.

А як было выжыць практычна без лекаў? Лекі — у Мінску, хворыя — у Магілёве. Такая планавая эканоміка.

А як там пахаванне адбывалася? Грошай на гэта не было (нават на вопратку не хапала — некаторыя хворыя хадзілі голымі). Назбіраюць за тыдзень-другі 15-20 нябожчыкаў, закінуць у грузавік — і на могілкі. А быў выпадак, калі

пачалі закопваць нябожчыкаў, а адзін з іх падняўся з магілы.

Гэта не жарт. У моргу тыдзень праляжаў беспрытомным, а на свежым паветры ачухаўся. У медсястры тады «дах паехаў». Яна з супрацоўніцы ў пацыентку вар’ятні ператварылася.

Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі. 1920-1960 / Леанід Маракоў; Даведнік. — Мінск: Медысант, 2010. — 904 с.

Чытай таксама «Сярэднявечная інквізіцыя здаецца дзіцячай забавай»

Падзяліцца навіной: 
Гутарыў Кастусь Матушыч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У новым даведніку Леанід Маракоў распавядае аб рэпрэсаваных медыцынскіх і ветэрынарных работніках Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика