Рукапiсы не гараць. Сяргей Сахараў
29.09.2010 21:09
—
Новости Культуры
|
29 верасня 2010 года спаўняецца 130 годоў з дня нараджэння выдатнага беларускага педагога-асветніка, руплівага збіральніка і папулярызатара беларускай народнай творчасці, грамадскага і культурнага дзеяча Сяргея Пятровіча Сахарава (1880—1954), які воляю лёсу большую частку свайго жыцця прысвяціў нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларусаў Латвіі.
Здымкi павялiчваюцца ![]() С.П.Сахараў. 1920-я гг. ![]() Старонка з пашпарта С.П.Сахарава. Сахараў нарадзіўся ў Полацку ў сям’і свяшчэннаслужыцеля, рана страціў бацьку, але маці зрабіла ўсё, каб сын атрымаў адукацыю. Ён скончыў пачатковую школу ў Туроўлі, потым вучыўся ў Полацкім духоўным вучылішчы, Віцебскай духоўнай семінарыі, дзе панавала спрыяльная атмасфера для развіцця маладога пакалення. Але духоўную кар’еру працягваць не стаў і, адмовіўшыся ад сану свяшчэнніка, быў прызначаны сельскім настаўнікам у Пасіньскую народную школу Люцынскага павета, а з 1902 года – настаўнікам у Люцынскае гарадское вучылішча. Адначасова Сахараў далучыўся да збірання беларускай народнай творчасці. А неўзабаве выйшла і яго першая літаратурная публікацыя – у 1906 годзе ў газеце “Витебский голос” ў апрацаваным выглядзе была надрукавана “Лудзенская легенда аб старым замку”, запісаная Сахаравым са слоў яго вучня. ![]() Фрагмент першай літаратурнай публікацыі С.П.Сахарава. 1906 г. У 1907 годзе Сахараў паступіў на юрыдычны факультэт Юр’еўскага (зараз Тартускі) універсітэта, які на “выдатна” скончыў у 1911 годзе. Адначасова ён факультатыўна праслухаў курс лекцый на гісторыка-філалагічным факультэце і разам з дыпломам юрыста атрымаў пасведчанне на права выкладання гісторыі, мовы і літаратуры. Працаваў настаўнікам у гімназіях Віцебска, выкладаў у Віцебскім настаўніцкім інстытуце, быў сакратаром Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 года С.П.Сахараў быў прызначаны інспектарам народных школ Юр’еўскага павета. У Юр’еве яго застала Першая сусветная вайна, а потым і Лютаўская рэвалюцыя. У пошуках працы некаторы час жыў у Барысаве, Мінску, Магілёве, Пінску. Восенню 1917 года быў запрошаны на пасаду дырэктара-арганізатара Люцынскай рускай гімназіі. З 1918 года Люцын увайшоў у склад Латвіі. З гэтага часу ў Сахарава пачынаецца “латышскі перыяд”, які расцягнуўся з пэўным перапынкам да канца яго жыцця. З пачатку 1920-х гадоў нацыянальныя меншасці Латвіі пачалі ствараць свае нацыянальныя культурныя аўтаноміі. Да іх далучыліся і беларусы, якія здаўна жылі ў Латвіі на этнічных беларускіх тэрыторыях. Працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці адбываўся паступова, і сярод першых на яго адгукнулася найбольш падрыхтавная, адукаваная частка беларускага насельніцтва Латвіі -- настаўнікі. У 1921 годзе Сахарава абіраюць старшынёй праўлення беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства “Бацькаўшчына” і ў тым жа годзе прызначаюць на пасаду кіраўніка Беларускага аддзела, створанага пры падтрымцы Яна Райніса пры Міністэрстве асветы Латвіі. Дзейнасць аддзела садзейнічала стварэнню сеткі нацыянальных адукацыйных устаноў у месцах кампактнага пражывання беларускага насельніцтва, правядзенню плённай культурна-асветніцкай працы. ![]() Дзеячы беларускага культурна-асветніцкага руху ў Латвіі. Сярод іншых: С.П.Сахараў (3-ці злева), У.В.Пігулеўскі (у цэнтры), К.Б.Езавітаў (3-ці справа). 1920-я гг. З 1925 па 1932 год Сахараў узначальваў Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназію, якая пакінула значны след у грамадскім і культурным жыцці беларусаў Латвіі. Многія з яе выпускнікоў пазней сталі добрымі мастакамі, артыстамі, літаратарамі, музыкантамі, навукоўцамі, і ў гэтым была і заслуга дырэктара. Пасля ліквідацыі гімназіі ў 1932 годзе С.П.Сахараў вымушаны быў пайсці ў адстаўку, але і на пенсіі, звыклы да працы, ён не сядзеў склаўшы рукі. Адразу ўключыўся ў літаратурную і навукова-даследчую працу: падрыхтаваў шэраг цікавых і пазнавальных даследаванняў па пытаннях гісторыі, культуры, рэлігіі. ![]() Тытульны аркуш артыкула С.П.Сахарава “Полацкі князь Усяслаў як нацыянальны асілак і абаронец самабытных начал сайго народу”. Рукапіс. 1934 г. Акрамя таго, актывізаваў збіранне беларускай народнай творчасці, якое распачаў яшчэ ў 1920-я гады разам з вучнямі і настаўнікамі беларускіх школ і гімназій. У выніку быў назапашаны велізарны фальклорна-этнаграфічны матэрыял. За рукапісны зборнік фальклорных твораў розных жанраў (каля 1100 запісаў) Культурны фонд Латвіі прысудзіў Сахараву прэмію, якую фалькларыст адразу ж скарыстаў на выданне зборніка “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў” (Рыга, 1940) – галоўную кнігу свайго жыцця. На жаль, быў надрукаваны толькі першы выпуск збору, астатнія ж фальклорныя запісы так і засталіся ў рукапісу, пазней часткова былі выкарыстаны сучаснымі фалькларыстамі ў шматтомным акадэмічным выданні “Беларуская народная творчасць” (БНТ). ![]() Тытульны аркуш фальклорнага зборніка “Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”. Вып. 1. Riga, 1940. ![]() Тытульны аркуш рукапіснага зборніка “Народная творчасць Латгальскага беларуса”. 1938г. Пад час Другой сусветнай вайны Сяргей Сахараў займаўся педагагічнай працай, працягваў збіраць фальклор. Да таго часу колькасць сабраных і сістэматызаваных ім фальклорных запісаў дасягнула 3 тысяч. У красавіку 1945 года па беспадстаўным даносе ён быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў з высылкай у Казахстан. Там таксама займаўся фальклорна-этнаграфічнай працай – запісваў фальклор ад зняволеных. ![]() “З этнаграфічных запісаў С.П.Сахарава ў час знаходжання яго ў Казахстанскіх лагерах Карабасе і Батыке Карагандзінскай вобласці (1945—1950)”. Рукапіс. 1950 г. Вярнуўся з лагераў у 1950 годзе, пасяліўся ў прыгарадзе Рыгі, бо жыць разам з сям’ёй у горадзе яму забаранялася. Застаўся без усялякіх матэрыяльных сродкаў, бо быў пазбаўлены і пенсіі. Жыў за кошт выпадковых заробкаў, але не пакідаў фальклорнай збіральніцкай дзейнасці. Памёр С.П.Сахараў 22 красавіка 1954 года. У аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зберагаецца яго асабісты архіў, у склад якога ўваходзяць біяграфічныя дакументы, велізарная група творчых матэрыялаў, а таксама багатая і разнастайная фальклорная спадчына латышскіх беларусаў, якая яшчэ чакае свайго выдання. ![]() Фрагмент артыкула С.П.Сахарава “Беларуская дуда”. Рукапіс. 1952—1953 гг. ![]() С.П.Сахараў з беларускай дудой. [1938] г. TUT.BY – рукапісы не гараць… Таксама чытайце: Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
29 верасня 2010 года спаўняецца 130 годоў з дня нараджэння выдатнага беларускага педагога-асветніка, руплівага збіральніка і папулярызатара беларускай народнай... |
|