Самы галоўны падарунак
19.10.2010
—
Новости Культуры
|
Творчую дэлегацыю беларусаў Цюмені цёпла сустракалі на Радзіме
У розны час і па розных прычынах з'язджалі беларусы з Радзімы: хтосьці шукаў лепшай долі, хтосьці — прыгод і новых уражанняў... Сяліліся мы ў розных краінах, ды заўсёды застаемся беларусамі па духу і крыві. А пры выпадку імкнемся аддаць даніну павагі зямлі роднай. Вось і творчая дэлегацыя беларусаў Цюмені па запрашэнні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур пабывала ў Беларусі з канцэртнай праграмай. Па гэты час нам цёпла ўспамінаецца беларускае лета, калі 2-га і 3-га ліпеня ў гарадку Мядзел святкавалі Дзень незалежнасці Беларусі і 66-ю гадавіну яе вызвалення ад фашысцкіх захопнікаў. Як тут не згадаць крылаты выраз: "жыццё — не тыя дні, што прайшлі, а тыя, што запомніліся"! Помніцца і нам, як на ўсебеларускі фэст "Пеўчае поле" сабраліся лепшыя калектывы з розных куткоў краіны. Хораша слухаць родныя песні на зямлі Нарачанскай! Сярод калектываў быў і народны ансамбль беларускай песні "Лянок" з Цюмені, якім кіруе выдатнік асветы Расіі Клаўдзія Зуева. Цюменцы прыехалі на фэст у якасці гасцей і годна паказалі сваё майстэрства, былі адзначаны журы, якое ўзначальваў народны артыст Беларусі Міхаіл Дрынеўскі. Асабліва было падкрэслена, што праграма ў нас – вельмі арыгінальная. Прывезлі спевакі дадому дыплом "За прапаганду і папулярызацыю беларускай песні". Ды самы галоўны падарунак для ансамбля – любоў, цёплыя словы ўдзячнасці ад мядзельскіх гледачоў. Шквал апладысментаў, несуцішнае "брава!" несліся над возерам Нарач, на беразе якога праходзіў канцэрт. На наступны дзень свята доўжылася ў вёсцы Мікольцы ля помніка "Партызанам зямлі Нарачанскай": там ускладалі вянкі, быў вялікі святочны гала-канцэрт, выступаў і народны ансамбль “Лянок”. А потым — Мінск. Чацвёртага ліпеня ў Цэнтральным парку імя М. Горкага на цэнтральнай пляцоўцы быў “сольнік” ансамбля "Лянок". Больш гадзіны беларускія вершы, песні, музыка гучалі са сцэны. Мне давялося быць вядучым, я распавёў пра жыццё беларусаў Сібіры, якія вядуць актыўную працу па захаванні і прапагандзе нацыянальнай беларускай культуры, звычаяў, традыцый. Расказваў і пра салістаў ансамбля "Лянок". "Няўжо вы сапраўды ў Цюмені спяваеце песні на беларускай мове?.. А як папаўняеце рэпертуар?.. Адкуль такія прыгожыя беларускія строі?.." — распытвалі нас потым з цікавасцю. Для многіх стала адкрыццём, што не ў Маскве ці Піцеры, а ў Цюмені ёсць такі таленавіты калектыў. Тут варта нагадаць: таму, каб цёплыя сустрэчы адбыліся, паспрыялі многія. Гэта камітэт па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці, камітэт па культуры Цюменскай вобласці. Была падтрымка і ад ганаровага консула Беларусі у Цюмені, старшыні суполкі "Інтэграцыя братэрскіх народаў — Саюз" Уладзіміра Шуглі, кіраўніцтва нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусь" і кіраўніцтва Дома нацыянальных культур "Будаўнік". Яркая старонка з нашай паездкі — творчая сустрэча з народным аматарскім калектывам "Вербіца", яго кіраўніком Аляксандрам Свірскім у Доме культуры Мінскага аўтазавода. Там нібы падводзіліся вынікі візіту ў Беларусь, і мы адчулі такое яднанне душ! Нават праз тысячы кіламетраў мы, землякі, усё роўна вельмі блізкія людзі, мы разам, мы побач. У творчым варыянце яднанне было ярка выяўлена музычным тандэмам: беларускія і рускія песні выконваліся разам двума ансамблямі. Мы атрымалі новы імпульс для далейшага развіцця, для творчых пошукаў. Як шмат далі нам тыя творчыя сустрэчы! Вярталіся мы дадому ў выдатным, крыху светла-тужлівым настроі, везлі ў сваіх сэрцах любоў і дабрыню, якімі так шчодра надарылі нас гледачы. І цяпер душы сагравае надзея: мы яшчэ сустрэнемся, яшчэ паспяваем разам сёлета на Цюменскай зямлі з ансамблем "Вербіца": у нас плануюцца Дні беларускай культуры. Хочацца верыць, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі. Уладзіслаў Татарынцаў, начальнік аддзела беларускай культуры Дома нацыянальных культур "Будаўнік" г.Цюмень Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Творчую дэлегацыю беларусаў Цюмені цёпла сустракалі на Радзіме
|
|