Крыху неюбілейныя нататкі ў гонар школьнага юбілею. 21.by

Крыху неюбілейныя нататкі ў гонар школьнага юбілею

18.10.2010 13:42 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

15 кастрычніка адзначыў свой юбілей Рэспубліканскі музычны каледж пры Беларускай акадэміі музыкі

(ён жа — Сярэдняя спецыяльная музычная школа пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, ён жа — Музычны ліцэй).

Драўляная дошка з пастановай Саўнаркама

Ізраіль Рыгоравіч Герман

Роўна 75 гадоў таму выйшла пастанова Саўнаркама БССР «Аб адкрыцці аддзялення юных талентаў пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі», з якой афіцыйна і пачалася гісторыя каледжа. Сёння гэты слаўны дакумент, высечаны не ў мармуры, а ўсяго толькі ў дрэве (крыху сукаватым), красуецца на параднай лесвіцы, каб гаспадары і госці памяталі, што гісторыя жывая і свежая, і да яе трэба ставіцца з павагай.

Тэкст дакумента абвяшчае: «У развіццё пастановы СНК БССР ад 11 верасня 1934 года адкрыць з 15 кастрычніка 1935 аддзяленне юных талентаў пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі на 30 чалавек. Намеснік старшыні СНК БССР».

Цікава, што прозвішча старшыні чамусьці не згадваецца. Аднак з дапамогай Google можна знайсці амаль усё. Галенда Мацвей Сямёнавіч (1894–1936), у 1930—1935 гг. — старшыня Дзяржплана, намеснік старшыні СНК БССР. 12 студзеня 1935 выключаны з партыі. 19 студзеня 1935 арыштаваны. 4 лістапада 1936 прысуджаны да найвышэйшай меры пакарання і расстраляны ў той жа дзень. 26 красавіка 1991 рэабілітаваны.

Хіба што імёны расстраляных партыйцаў па-ранейшаму пад забаронай.

Як не любяць згадваць і імя першага, легендарнага дырэктара музычнага каледжа Ізраіля Рыгоравіча Германа, хаця рэпрэсаваным ён не быў. Мала хто ведае, што Герман быў калісьці выдатным цымбалістам, але з нейкіх прычын вымушаны быў адмовіцца ад кар’еры музыкі. Сам ён ніколі пра гэта не расказваў. Аднак у ролі адміністратара ён выявіўся геніем. У самыя цяжкія гады ён здолеў не толькі захаваць школу, але і ператварыць яе ва ўнікальную навучальную ўстанову ва ўмовах БССР. Герман працаваў дырэктарам амаль 40 гадоў — нязменны, але не несмяротны.

А пачыналася ўсё са сціплых дзіцячых класаў, якія размяшчаліся непасрэдна ў будынку кансерваторыі (г. зн. былога Гарадскога тэатра, там, дзе цяпер гатэль «Еўропа»). Дзяцей усіх узростаў было не больш за 30 чалавек, яны навучаліся па дзвюх спецыяльнасцях: скрыпка і фартэпіяна. У навучальнай праграме былі толькі музычныя прадметы, прыкладна як у сённяшніх ДМШ. Затое настаўнікамі былі легендарныя прафесары кансерваторыі: піяністы Аляксей Клумаў, Міхаіл Бергер, Рыгор Шаршэўскі, Георгій Пятроў, скрыпачы Аркадзь Бяссмертны, Аляксандр Амітон. Крыху пазней да іх дадаўся віяланчэліст Аляксандр Стагорскі. Сярод першых вучняў школы былі вядомыя прафесары Беларускай кансерваторыі Ірына Цвятаева і Валянціна Рахленка, народныя артысты БССР скрыпачы Георгій Клачко і Сямён Асновіч.

У 1947 годзе дзіцячае аддзяленне кансерваторыі распараджэннем Савета міністраў атрымала статус Рэспубліканскай музычнай школы-дзесяцігодкі пры Белдзяржкансерваторыі і ўсялілася ў адзін з найлепшых будынкаў горада — былы губернатарскі дом на плошчы Свабоды. Дапамагла хітрая палітыка, якую Герман ужываў ва ўсе гады свайго дырэктарства. Пэўная частка месцаў у школе аддавалася дзецям партыйных работнікаў і іншых «важных людзей». Нягледзячы на конкурс 20 чалавек на месца, «саноўныя» дзеці лёгка пераадольвалі бар’ер уступных экзаменаў. Для іх існавалі адмысловыя, «палегчаныя» групы па сальфеджыа і гнуткія праграмы па спецыяльнасці. Найдзіўней, што з часам усё само наладжвалася. Дзеці, якім музыка была непасільная і непатрэбная, сыходзілі самі. Тыя ж, хто музыку любіў, рабіліся хоць і не геніямі, але прыстойнымі прафесіяналамі і інтэлігентнымі людзьмі. Музыка ўносіла рысы высакароднасці і ў рубленыя твары беларускай наменклатуры.

Прадугледзеў Герман і непазбежны «класавы аспект». З 1930-х гадоў у школе існавала сістэма пошуку талентаў. Штогод настаўнікі праслухоўвалі сотні дзяцей у дзіцячых дамах, садках і школах, часам вельмі далёка ад Мінска. Здаралася, сіроты ці дзеці з бедных сем’яў гадамі жылі на поўным утрыманні ў доме свайго настаўніка. Адзінае, што лічылася, — гэта талент.

У 1963 годзе намаганнямі Германа ўстанова была пераназваная ў Сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (ССМШ пры БГК), а тэрмін навучання падаўжэў да 11 гадоў. Вучняў стала больш, з’явіліся новыя спецыялізацыі і навучальныя прадметы, нават кампазітарскі гурток.

Асабліва клапаціўся Герман пра тое, каб у дзяцей былі найлепшыя настаўнікі. І не толькі па спецыяльнасці, але і па агульнаадукацыйных прадметах. Сярод іх было шмат яркіх, вальнадумных людзей, якія выдатна ведалі свой прадмет. Я гэта памятаю, таму што правучылася ў ССМШ пры БГК адзінаццаць гадоў — з 1967 па 1978 год.

Успамінаю нашу настаўніцу матэматыкі Валянціну Міхайлаўну Грахоўскую, жонку рэпрэсаванага паэта. Прыгожая і высакародная жанчына, яна ўмела расказаць тэарэму па геаметрыі так, што клас слухаў разявіўшы раты. Бліскуча выкладалася руская мова і літаратура. Нашы настаўнікі — Ніна Мікалаеўна Плавінская, Людміла Фёдараўна Грынчук — ніколі не прымушалі нас чытаць савецкія кніжкі. Затое яны песцілі нашы літаратурныя і разумовыя здольнасці, не зневажаючы нас цэнзурай або забаронамі.

У нас былі найлепшыя ў горадзе выкладчыкі беларускай мовы — Канстанцін Сямёнавіч Валасевіч і Мікалай Ігнацьевіч Касцян. Менавіта яны па крупінках закладвалі ў нас асновы беларускай самасвядомасці. На гэтым настойваў Герман. І хаця ў гэты час большасць школьнікаў у Мінску наогул не вывучала беларускую мову, у ССМШ нікому — нават дзецям начальнікаў і вайскоўцаў — не дазвалялася грэбаваць урокамі беларушчыны.

Зрэшты, нават самыя бліскучыя агульнаадукацыйныя настаўнікі за Германам ведалі сваё месца. Дырэктар быў суровы і не дазваляў крыўдзіць дзяцей, асабліва таленавітых. Праз двойку па фізіцы або па геаграфіі настаўнік мог пазбавіцца пасады. Але мы, дзеці, тады яшчэ не разумелі, што Герман — наш галоўны абаронца. Пачуўшы яго голас у калідоры, мы ў жаху хаваліся пад парты. Бо адчувалі, што ён — цар у імперыі, якую сам пабудаваў. У наўпростым сэнсе гэтага слова.

Не ведаю, як ён намовіў партыйнае начальства, што будынак школы неабходна пашырыць. Але факт застаецца фактам. У 1966 годзе ў двары школы быў узведзены шасціпавярховы корпус з белага сілікатнай цэглы. А праз тры гады была завершаная перабудова губернатарскага дома. Над ім надбудавалі яшчэ два паверхі і велічэзную канцэртную залу, а у самім доме зрабілі вестыбюль. Гістарычны будынак змяніўся да непазнавальнасці, але тады на гэта ніхто не зважаў. Галоўнае, у школе з’явілася шмат новых памяшканняў. Закупілі дзясяткі дарагіх нямецкіх і чэшскіх раяляў. Паклалі паркет і дывановыя дарожкі. Зрабілі гукаізаляцыю ў класах. Герман асабіста з галоўнай прыбіральшчыцай цёткай Дусяй правяраў, каб у нас з сабой быў зменны абутак (абавязкова чэшкі!) і нарукаўнікі. Чысціня была такая, што ўсё блішчэла.

Пасля смерці Германа гэты бляск вельмі хутка пацьмянеў. Новы дырэктар па прозвішчы Чарныш, які быў выкладчыкам скрыпкі, не надта клапаціўся пра чысціню падлогі. Затое ў найбліжэйшую экзаменацыйную сесію (экзамены па спецыяльнасці былі кожны год, нават у малых) чвэрць класа кудысьці знікла. Тое ж самае паўтарылася і на наступны год. Нам растлумачылі, што гэтыя дзеці «не адпавядалі патрабаванням, і хай яны лепш вызваляць месца для іншых». Хтосьці з іх падчас экзамена занадта спалохаўся і не змог паказаць, на што быў здольны. У кагосьці з віны няўмелых выкладчыкаў балелі рукі… Я сама амаль усю школу прамучылася з хворымі, заціснутымі рукамі, але праз пакуты і боль спраўлялася. А нехта не здолеў.

Многія з іх цяпер — вядомыя ў краіне людзі, прафесары, дактары навук. Але дзіцячая траўма аж да гэтага часу не загаілася. Аднак гэткімі «дробязямі», як чалавечыя лёсы, школьнае кіраўніцтва ў той час не пераймалася. Выкідалі адных дзяцей і набіралі іншых. Часам сярод іх трапляліся вельмі таленавітыя, але большасць была горшая за выкінутых і доўга ў школе не затрымлівалася. Мы глядзелі на гэта з жахам і толькі паўтаралі пра сябе: «Добра, што не я!» Ці карысна гэта было для нашых дзіцячых душ — здагадайцеся самі.

Пасля Чарныша быў цэлы шэраг дробных наменклатурных работнікаў. З адукацыяй па класе баяна і поўнай пустэчай ў душы. За імі чысткі сталі яшчэ больш татальнымі. У нашу школу прыйшоў сапраўдны тэрор. Выганяць сталі за дрэнныя паводзіны, за двойку па сальфеджыа (у дзіцяці з абсалютным слыхам!), ды ці мала за што… Гэтак жа пачалі распраўляцца і з настаўнікамі, асабліва па агульнаадукацыйных прадметах. Аднекуль з’явіліся малаадукаваныя, але галасістыя цёткі, якія пачалі дыктаваць нашым любімым настаўнікам, як ім трэба весці ўрокі. Пазачынялі вучнёўскія клубы, у якіх мы самі чыталі лекцыі і праводзілі дыскусіі. Калі мы ладзілі капуснік — хай нават і афіцыйна, — усіх «актораў» потым выклікалі да дырэктара і дапытвалі, хто напісаў тэкст.

У гэткай атмасферы школа жыла да 1989 года, калі ў краіне падзьмуў вецер перамен. У той год дырэктарам прызначылі выдатнага педагога і чалавека Уладзіміра Міхайлавіча Кузьменку. Ён здолеў адшукаць той баланс, пра які столькі гадоў марылі і вучні, і настаўнікі. Паміж прафесійнай бескампраміснасцю і чалавечай дабрынёй. Паміж любоўю да музыкі і дзяцей і імкненнем да поспеху. Менавіта ў гэтыя гады — нягледзячы на чахарду перайменаванняў і рэарганізацый — былая ССМШ, потым Рэспубліканскі ліцэй, а яшчэ пазней Рэспубліканская гімназія-каледж (прапусцілі хіба толькі сярэдні ўніверсітэт і пачатковую акадэмію), школа пачала расквітаць. Ніколі раней столькі вучняў і выпускнікоў школы не перамагала на буйных музычных конкурсах. Дастаткова ўзгадаць найболей тытулаваных лаўрэатаў — піяністаў Андрэя Паначэўнага і Андрэя Шыбко.

У 2004 годзе Кузьменкі не стала, але яго справу працягвае вучань — Андрэй Яўгенавіч Калядзіч. У найбліжэйшыя дні ў будынку пачнецца доўгачаканы капітальны рамонт, так што сапраўднага свята пакуль не атрымліваецца. Але вельмі хочацца верыць, што хутка тут ізноў заблішчыць падлога, лакаваныя бакі дарагіх раяляў… і таленавітыя вучні.

Падзяліцца навіной: 
Юлія Андрэева

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра Рэспубліканскі музычны каледж пры Беларускай акадэміі музыкі піша Юлія Андрэева.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика