Алесь Наўроцкі. Вершы
21.10.2010 14:51
—
Новости Культуры
|
Аўтар з вельмі своеасаблівым паэтычным голасам апублікаваў свае новыя вершы пасля доўгага маўчання. Кветка-ружа мая Вершы Доктар! Роды новыя прымай! Міхалінай кліча мяне калгас “Прагрэс”. З кошыкам аднойчы я шыбую ў лес. Тут бамбавозы хмарай, помню, гулі. Над чарапамі зараз гудуць чмялі. Паспелі арэхі, гараць агні рабін. І хоць бы для пацехі – баравік адзін. Вавёрка танцуе уверсе, дзе дубы. Ох, нешта не шанцуе мне на грыбы. Чаму я не ў Парыжы? Навошта гэты дуб? І тут пад кепкай рыжай угледзела я чуб. Маліннік можа сведчыць: там, дзе ўгрэўся мох, як партызан-разведчык, той чуб – Змітрок – залёг. Вось бы мне прывабіць таго прыгажуна. І я… зрабіла выгляд, што ў лесе я адна. Скідаю я абнову. Накрыла хусткай твар — і у касцюме Евы Лаўлю пупком загар. Ляжу так. Загараю. А грудзі — што званы. Змітрок мой падпаўзае і — шусь свае штаны. Я штурх яго рукамі, а ён мяне — ў палон. І зазваніў званамі, і разбудзіў мой звон. З тае пары зацірку есць маю Змітрок з фарфоравай талеркі, дзе сіні абадок. Дабрэннейшага мужа упалявала я. Ён працавіты дужа, дружная й сям’я. У хаце званочкам — шустрая дачка. А хоча муж сыночка, авось дасць Бог сынка! Няп’юшчай муж пароды і не гультай. Доктар! Роды новыя прымай! Па снезе (1955 год. Я, санфельчар сельскай бальніцы, іду ў школу, каб правесці з вучнямі заняткі па комплексе ГСА — гатоў да санітарнай абароны). Малаком белізна разлілася вакол. Вунь бяжыць ад гумна сцежкі вузкае ствол. Журавель вунь з вядром захісталі вятры. Вунь глядзіць пузыром прасціна на шнуры… Санны полаз дугой запаўзае ў кусты. У кішэні маёй два пакеты-бінты. З кожным крокам бліжэй мой у школе ўрок, беганіна дзяцей і зазыўны званок. Ў клас зайду я царом. Будуць ведаць усе, як раненне бінтом абвязаць на назе, як суняць той ручай, што каліны ярчэй (каб не трапіць у рай) — навучу я дзяцей. Вучаніца адна там ёсць — Божухна мой! Жах наводзіць яна сваёй юнай красой. А краса — быццам крык. Тым я ўскрыкам жыву. З-за яе пад цягнік суне хтось галаву. Мой глыбокі уздых… Эх, каб я быў не я, — мы б злавілі ўдваіх разам з ёй салаўя! Зноў убачыў за шклом яе твар — у акне. Рассякла, бы мячом яна ўсмешкай мяне… О, каб я быў герой! Каб жа я быў не я, — мы б злавілі зімой разам з ёй салаўя! Ружа І Я ў школу бягом, каб паспець на ўрок. А ля школы — дзетдом і дзяцей табунок. Сярод іх — і ЯНА, хто за партай са мной. Не спазняюся я, раз ЯНА тут з дзятвой. Суцішаю свой бег. Абапёрся аб воз. Даляцеў ЯЕ смех ад зжаўцелых бяроз. Развязаўся шнурок на бацінку ЯЕ. Зробіш крок, а ён скок: крок зрабіць не дае. Стан сагнула ЯНА. Свой партфель — убачок. І рукамі дзвюма хоп за той завіток. О ты Божухна мой! Які быў артыстызм! Як жа спіна дугой нахілілася ўніз! Тут я маху не даў. Мой учынак такі: ружу вокам сарваў з яе мілай шчакі. Мне бяда — паўбяды: я ж з той ружай багач. Схаваў руку — куды? Здагадайся ж, чытач! Завязала шнурок. Паглядзела кругом. І пайшла на ўрок паўз калодзеж з вядром. А за ЁЮ праз міг па лісці, па агнях, затаіўшы свой дых, і я рушыў у шлях. Нёс я торбу. А ў ёй — кніжкі, кляксы, пяро, вінт з сарванай разьбой і ляза вастрыё. Мне дванаццаты год. Прылаўчыўся чытаць: як асколкі — у рот знакі-кулі ляцяць! Стройных клёнаў кастры лютавалі ўгары. А на шэрым жвіры — нібы колер зары. Нібы шчасця збанок ўвесь я выпіў да дна — завязала ж шнурок спрытным рухам ЯНА! Будзе некалі знаць, хто шчаслівы такі. Удалося ж сарваць ружу мне са шчакі! ІІ Дзяцел долатам б’е, і дзяўбе, і дзяўбе. Раздрабіў цішыню, стукам лечыць сасну. Адшугалі агні, ападаюць на дол. Дух прыемны, лясны, дух смалісты вакол. Вадаспады агнёў з шалясценнем — уніз. О, як шмат жалудоў холад ноччу адгрыз! Хмыз хавае лісу. Адцвілі верасы. Ну й апенак — касу запускай і касі! Дзяцел долатам б’е, і дзяўбе, і дзяўбе. Раздрабіў цішыню, стукам лечыць сасну. Бачу зноў цябе, лес, толькі ў сумным святле. Пад твой кіну навес думы-мары свае. Ўчора лёг я набок і не спаў дапазна: завязала ж шнурок на бацінку ЯНА. І я маху не даў. Мой учынак такі: ружу вокам сарваў з яе мілай шчакі. Дрэва, птушка і звер! Знайце: нібы красу, тую ружу цяпер я па лесе нясу! Дзяцел долатам б’е, і дзяўбе, і дзяўбе. Раздрабіў цішыню, стукам лечыць сасну. Сумны клін жураўлёў у блакіце плыве. Вадаспады агнёў — на пажухлай траве. Шэпчуць лісцяў агні, колюць хмызу шыпы. І куды ні зірні — чарапы… чарапы… З акружэння байцы выбіваліся тут. Немцы іх — у шчыпцы. «Рус, здавайся!», «Капут!» А патронаў няма, толькі дзесяць штыхоў. …………………… І не будзе пісьма і праз сотню гадоў. Дзяцел долатам б’е, і дзяўбе, і дзяўбе, раздрабіў цішыню, стукам лечыць сасну. Скокнуў з клёна лісток, дакрануўся да пня. Вельмі ж спрытна шнурок завязала ЯНА… І я маху не даў. Мой учынак такі: ружу вокам сарваў з яе мілай шчакі. Не завяне павек кветка-ружа мая Праз нягоды і здзек яе вынесу я. З тою ружай мне жыць. З ёй ісці цэлы век. У глыбінях душы тая ружа павек! Дзяцел долатам б’е, і дзяўбе, і дзяўбе, раздрабіў цішыню, стукам лечыць сасну… 26.ІІ.2010 г. Падзяліцца навіной:
Алесь Наўроцкі, «Новы час» Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтар з вельмі своеасаблівым паэтычным голасам апублікаваў свае новыя вершы пасля доўгага маўчання.
|
|