Міхась Савіцкі. Хлябы
08.11.2010 14:52
—
Новости Культуры
|
Роля Міхаіла Савіцкага ў гісторыі савецкага мастацтва выключная. Ніводзін з беларускіх мастакоў не дасягнуў гэткіх недасяжных вышыняў і зіхаткога ззяння дзяржаўных рэгаліяў. Адно званне народнага мастака СССР чаго вартае... З праекту «Сто твораў ХХ стагодзьдзя». Піша Сяргей Харэўскі.
Роля Міхаіла Савіцкага ў гісторыі савецкага мастацтва выключная. Ніводзін з беларускіх мастакоў не дасягнуў гэткіх недасяжных вышыняў і зіхаткога зьзяньня дзяржаўных рэгаліяў. Адно званьне народнага мастака СССР чаго вартае... ...Асоба Савіцкага будзе даваць спажыву для многіх тэмаў. Савіцкі — культуртрэгер, вясковы хлапец, які па вайне патрапіў вучыцца ў Маскву й вярнуўся з перакананьнем свае выключнасьці па-над беларускімі калегамі. Савіцкі — нэкрамант, які добрую палову свае творчасьці прысьвяціў сьмерці ў розных яе праявах, асабліва вылучаючы матывы сьмерці дзяцей і маладых жанчынаў. Савіцкі і Ленін — асобная тэма, бо менавіта ягоныя палотны й габэлены склалі гэтак званы «залаты фонд беларускае ленініяны», у тым ліку дзякуючы абсалютным памерам тых твораў. Савіцкі і Шагал — адна з найбольш красамоўных тэмаў у гісторыі нашае культуры. Менавіта Савіцкі, паслугоўваючыся абсалютным даверам савецкіх уладаў, прыклаў нямала высілкаў, каб імя ягонага геніяльнага калегі і земляка было «сьцёртае» са скрыжаляў беларускага мастацтва... ...Міхаілу Савіцкаму належаць і колькі пачэсных старонак у беларускай культуры. Некалькі ягоных палотнаў застануцца і пасьля таго, як за нашымі сьпінамі зьнікне далягляд сёньняшняга стагодзьдзя. Натуральна, гэта будзе ня «Песьня» 1958 году, хадульная па кампазыцыі й анэмічная па жывапісе. Гэтае першае буйное палатно будучага маэстра болей нагадвае афішу да тагачасных фільмаў пра краіну, «дзе так вольна дыхае чалавек». Ня будуць гэта і палотны на тэмы партызаншчыны, то лубковыя, то відавочна фальшывыя па пачуцьцях. Ды й «Лічбы на сэрцы» ня знойдуць сабе лепшага месца за тое, дзе яны цяпер — у Музэі вайны... Самым значным з Савіцкага стала тое, дзе ён вычувае сваю зьнітаванасьць з краямі свайго дзяцінства. Кажучы йнакш, тое, што сьведчыць за ягоную прыроду, генэтычную повязь зь людам простым. Невыпадкова, дэбютуючы «Песьняю», ён напружана шукаў повязі, больш адпаведнай ягонаму ego, чымся кампіляцыі з мэксыканскіх муралістаў. Жыцьцё хлебаробаў ды ільнаводаў родных палеткаў Віцебшчыны, куды больш знаёмае мастаку, чым штучны патас «ярасных атак», лягала на ягоныя палотны, нібы адхланьнем, пачуцьцём ціхае й рацыянальнае згоды з Жыцьцём. Жыцьцём, што несувымерна большае, чым проста кола пакутаў. Дзясяткі пазьнейшых палотнаў, прысьвечаных вясковаму жыцьцю канца 60-х — пачатку 70-х гадоў, зьвяртаюць на сябе ўвагу найперш адной акалічнасьцю — рэлігійнай сэмантыкай, шчодра ў іх упісанай. Напрыклад, «Ураджай», напісаны ў 1966 годзе, выклікае міжвольныя асацыяцыі з сюжэтам «Тройцы». Гэтая асацыяцыя тым мацнейшая, што мастак запабег нейкіх калгасных рэаліяў. Постаці трох мужчын, што ў задуменьні перабіраюць зярняты збажыны, наводзяць згадкі і на «хлеб надзённы», што даецца нам. Засяроджанае замілаваньне хлебам, ня маннаю зь нябёсаў, зводзіць гледача ўбок ад сацыялягізацыі сюжэту. Што дзіўна, зважаючы і на год напісаньня, і на паралельныя з гэтай карціны Савіцкага, напісаныя ў тыя ж гады, але напісаныя ў нейкім угары бруталізму, шэрымі, невыразнымі фарбамі, палотны, якія па інэрцыі эксплюатавалі модную тады тэму партызаншчыны. Блізкай па духу да гэтага палатна стала карціна «Селянін у чырвонай кашулі». Аднак у ёй перад тэмаю бясконцага звароту жыцьця, наперад выступае матыў жыцьцядайнасьці самой зямлі, жалобнай і ўрачыстай, зямлі, якая дорыць усё жыцьцём і ў якую жыцьцё сыходзіць... У «Селяніне...» Савіцкі паспрабаваў ускладніць сваю жывапісную задачу, падтрымаць яе традыцыяй усходніх абразоў. З гэтага экспэрымэнту, праўда, атрымалася хутчэй перайманьне Пятрова-Водкіна. Наступныя ягоныя работы, нібы набліжаныя да канкрэтных пабытовых рэаліяў, таксама шыфруюць у сабе тэму эўхарыстыі. Людзі дзеляць хлябы, людзі схіляюцца над хлебам, людзі багомяць хлеб. «Хлеб», «Хлеб новага ўраджаю» і «Хлябы». «Хлябы» напісаныя крыху пазьней, у 1968 годзе. Паводле сваёй кампазыцыі гэта таксама незвычайная рэч. Паўтор матыву траістасьці нагадвае будову іканастасу. Але статыка чыннага шэсьця парушаецца... позіркам. Менавіта суворы позірк трэцяе жанчыны, што замыкае шэсьце ў межах палатна, які нібы скрозь ягоную роўнядзь, стаў цэнтрам кампазыцыі. Ён прачытвацца беспамылкова. Як не адразу злоўлены спакойны й дакорлівы позірк кабеты ў бажніцы, што сунімае ім чыйсьці недарэчны шэпт пад час літургіі. Гэтая сур’ёзная ўзьнёсласьць характарызуе ўвесь эмацыйны лад карціны. Тры кабеты. Адна маладзейшая, але ў яе сьцятых вуснах таксама прачытваецца незвычайнасьць ды адказнасьць моманту. Сваёй уласнай работы цяжкія сялянскія хлябы яны нясуць у бажніцу. Напярэдадні вялікага сьвята, у прадчуваньні вялікае таямніцы. Хлябы нясуць сьвяціць. Разьмерана, нібы у такт музыцы, упэўнена крочаць яны да мэты. Рыхтык як ў тых шэсьцях сьвятых жанок-міраносіц, якія крочаць да прастолу Хрыстовага. Калярыстычнае вырашэньне гэтага твору, складанае й насычанае, не падобнае на пазьнейшага Савіцкага. Складаныя, жаўтавата-шэраватыя адценьні сьнегу ўзбагачаюцца рытмам кантрасных, халодных і шчыльных адценьняў дрэваў і людзей. Дакладней, іх жорсткіх абрысаў. Гэты прыём, спалучэньне ўмоўнае прасторы і аб’ёмных элемэнтаў нагадвае прыёмы эпохі мадэрну. Але гама... заснаваная на набліжаных нюансах, уводзіць нас у знаёмы, блізкі сьвет, штодзённы, як хлеб. Разнастайныя пералівы вохрыстых, умбрыстых пісягоў, колераў хлеба, адцененыя суворым і графітнымі блікамі дрэваў ды цёплай сінечай спадніцаў. Маладзейшая кабета вылучана чыстым чырвоным абрысам хусткі... Чырвоны — колер жыцьця і волі. Гэткі ж абрыс падхоплены плямаю рукавіцы, што ўпэўнена трымае бохан. Гэтыя таны беспамылкова ўказваюць на час і на месца дзеяньня — Беларусь... ...Сялянская наіўная рэлігійнасьць Савіцкага стала відавочнаю апошнімі гадамі. Ён піша сьвятых, анёлаў, п’еты... Нарэшце... І ў адной са сваіх работаў, напісанай ў 1994-м, «Цудзе пра хлябы», ён гатовы сказаць тое, чаго не адважваўся сказаць адкрыта раней. Хрыстос, нібы падзяліўшы між людзей свой німб, адарыў кожнага круглым боханам — сымбалем сьвятасьці й неўміручасьці зямлі. Для мастака — зямлі роднай... Аднак нешта ўсё ж ня так. Ці то ўжо цяжка паверыць... «Хлябы», напісаныя ў недасяжна, у неўяўляльна далёкім 1968-м, гэтак і засталіся неперавершанымі самім мастаком. «Хлябы» засталіся самым сапраўдным народным ягоным творам, што зьберагаецца цяпер у Маскве. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З праекту «Сто твораў ХХ стагодзьдзя». Піша Сяргей Харэўскі.
|
|