Рэстаўрацыя Каложы знішчыць помнік ХІІ стагоддзя?
17.11.2010 17:59
—
Новости Культуры
|
Праект рэканструкцыі Каложскай царквы ў Гродне зацвердзілі яшчэ ў 2008 годзе. Але справа зацягнулася, у першую чаргу з-за недахопу фінансавых сродкаў.
Гродзеншчына нават паспела змяніць губернатараў. Новае дыханне пытанне атрымала не так даўно. Альтэрнатыўнае афіцыйнаму бачанне захавання Каложы — увогуле адмовіцца ад рэканструкцыі. Іначай можам згубіць помнік ХІІ стагоддзя назаўжды… Рашэнне аб правядзенні рэстаўрацыйна-аднаўленчых прац на царкве Святых Барыса і Глеба (Каложскай), помніка дойлідства ХІІ стагоддзя, было прынята ў снежні 2008 года на паседжанні Навукова-метадычнай рады пры Міністэрстве культуры. Замоўцам і генеральным праекціроўшчыкам быў прызначаны «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», а навуковым кіраўніком аб’екта — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт БНТУ Генадзь Лаўрэцкі. Праект, прапанаваны архітэктарам Лаўрэцкім, прадугледжвае адначасова і рэстаўрацыю сцен, і рэканструкцыю — дабудову купала, даху і замену драўлянай сцяны на аналагічную захаванай.Па інфармацыі TUT.BY, першапачаткова разглядалася 12 варыянтаў рэстаўрацыі. Як паведамляе сайт Гродзенскага аблвыканкама, у чэрвені 2009 года праца над будаўнічым праектам была прыпынена «ў сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў». У ліпені адбылася нарада, пасля якой Гродзенскі аблвыканкам ініцыяваў грамадскую акцыю пад назвай «Адновім Каложу разам!». Мэтай было вывучэнне грамадскай думкі наконт неабходнасці рэканструкцыі Каложскай царквы, хаця амаль адразу стала зразумела, што апошняе слова павінна быць за спецыялістамі. Тым не менш «акцыя дае шанец на аднаўленне прац», гаварылася на сайце аблвыканкама. Гарачыя спрэчкі пра неабходнасць правядзення якіх бы то ні было прац распачаліся ў верасні. 23 верасня ў Гродне адбыліся грамадскія слуханні, прысвечаныя планам гарадзенскіх уладаў па рэканструкцыі Каложскай царквы. Удзел у грамадскім абмеркаванні ўзялі вядомыя навукоўцы з Гродна і іншых гарадоў, а таксама прадстаўнікі грамадскасці горада. Як перадаваў «Твой стыль», не было анікога з боку мясцовых уладаў і праваслаўнай епархіі. І кіраўніку праекта па рэстаўрацыі храма Генадзю Лаўрэцкаму прыйшлося браць на сябе агонь крытыкі. Літаральна два тыдні таму праваслаўная царква, якая з’яўляецца ўласнікам дзеючай Каложы, прапанаваную рэканструкцыю ўхваліла.Мітрапаліт Слуцкі і Мінскі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі благаславіў праект рэканструкцыі Каложскай царквы ў Гродне. Як адзначае БЕЛТА, ён узначаліў боскую літургію, а таксама сустрэўся з супрацоўнікамі «Гроднаграмадзянпраект». Між іншым, яшчэ ў кастрычніку Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прапанавала Мінкульту альтэрнатыўны варыянт — замяніць рэканструкцыю кансервацыяй.Таварыства выступіла за тое, каб кансервацыйныя канструкцыі 1910 года на Каложскай царкве прызнаць помнікам рэстаўрацыйнай думкі пачатку 20 стагоддзя. Гэта пазбавіла б Каложу рэстаўрацыі, на думку таварыства — «навукова неабгрунтаванай». Але гэтую прапанову на паседжанні рады адхілілі. — Мы прапанавалі дапоўніць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў пазіцыі »Каложская царква». Акрамя фрагментаў муроў, падлогі, дэкору на сценах, уключыць драўляныя кансервацыйныя канструкцыі пачатку 20 стагоддзя, — адзначыў ў інтэрв’ю TUT.BY старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Па-першае, гэты крок мог бы пры нармальным разглядзе дапамагчы прыпыніць рэстаўрацыю і прадухіліць магчымую фальсіфікацыю гісторыка-культурнай каштоўнасці. Па-другое, сапраўды, у 1910 годзе на Каложскай царкве была праведзена ўнікальная рэстаўрацыя, якая ва ўсім свеце яшчэ не рабілася. Рэстаўратары Каложы пачатку 20 стагоддзя на 50 год апярэдзілі з’яўленне асноўнага метадычнага дакумента па рэстаўрацыі — Венецыянскай хартыі. Яны зрабілі кансервацыю, а страчаныя муры аднавілі з дапамогай аблегчаных драўляна-каркасных канструкцый. У выніку чытаюцца і старыя фрагменты, і кансервацыйныя канструкцыі 1910 года. «Драўляная частка патрабуе замены. Яна ўжо сыплецца...» На пытанне, чым абумоўлена рэканструкцыя, кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі Ігар Чарняўскі спасылаецца на тое, што царква дзеючая. І трэба думаць пра людзей, якія выкарыстоўваць гэтую царкву пад свае патрэбы. «Яны хочуць стварыць сабе больш камфортныя ўмовы адпраўлення набажэнстваў, — адзначае. — А тое, што сёння драўляная частка патрабуе замены, — гэта адназначна. Яна ўжо сыплецца… На той час гэта было зроблена метадам функцыянальнага прыстасавання пад культавае збудаванне». Галоўнае, што чакае Каложу, калі рэканструкцыя адбудзецца, — гэта замена драўлянай часткі пабудовы на мураваную — аналагічную той, што захавалася. Таксама праект прадугледжвае ўзнаўленне перыметра царквы, зводаў царквы і купала. Прадугледжваецца аснашчэнне будынка ўсімі неабходнымi камунікацыямі. Самі канструкцыі прадугледжваюць выкарыстанне цэлага шэрагу сучасных матэрыялаў, адзначае Астаповіч. У сваю чаргу Ігар Чарняўскі падцвярджае, што матэрыялы для рэканструкцыі будуць выкарыстаны сучасныя.— Ужо Краснасельскі завод будаўнічых матэрыялаў зрабіў пробныя цэглы, па форме блізкія да плінфы. Дырэктар гэтага заводу яшчэ тры гады таму паказаў гэтыя плінфы, якія абсалютна задавальняюць праекціроўшчыкаў і адпавядаюць характару матэрыялу, які выкарыстаны на Каложы. Адзінае, што яны будуць, канешне, адрознівацца ад плінфы ХІІ стагоддзя. Гэтага патрабуе методыка, каб не было блытаніны, дзе гістарычная плінфа, а дзе сучасная. Сістэма прадумана і наконт маёлікавых уставак. Што датычыцца галаснікоў, што — праблема сёння выкруціць на ганчарным крузе збан? Не бачу складанасці ў тым, каб паўтарыць форму галасніка. Тым больш, што яны будуць умураваныя ў сцены, і іх ніхто ніколі бачыць не будзе, — паведаміў Чарняўскі ў інтэрв’ю журналісту TUT.BY. «Кансерваваць, а не рэстаўраваць» На думку прадстаўнікоў альтэрнатыўнага афіцыйнаму бачання захавання Каложы, царкве пагражае фальсіфікацыя. «Гэта раўнасільна таму, што ў беларускі музейны фонд перадаць Венеру Мілоскую — у нас ды як рукі прылепяць», — лічыць Антон Астаповіч. — Прапанаваная рэканструкцыя — адна з навуковых гіпотэз, як Каложа выглядала ў ХІІ стагоддзі, — упэўнены А. Астаповіч. — Усе яе рэканструкцыі знешняга выгляду — гэта гіпатэтычныя рэканструкцыі. І гіпатэтычная рэканструкцыя пададзена як аснова рэстаўрацыі. Гэта гіпотэза мае права на існаванне, як дзясяткі, сотні, тысячы іншых гіпотэз. Дарэчы, святая святых усіх рэстаўратараў — Венецыянская хартыя 1964 года — мае словы: «Рэстаўрацыя канчаецца там, дзе пачынаецца загадка». Як Каложа выглядала, мы дакладна не ведаем», — падкрэслівае эксперт. На думку гісторыка, краязнаўцы Андрэя Вашкевіча, Каложская царква патрабуе грунтоўнага абследавання. — Мы выступаем за тое, каб у першую чаргу Каложу даследавалі самым грунтоўным чынам, пракансультаваліся з еўрапейскімі даследчыкамі.Існуе каля дзясятка праектаў рэканструкцыі Каложы: на адных ёсць закамары, на другіх няма закамараў. Але ж ніхто не даказаў, што яны існавалі. Наконт аднаўлення сцяны: у нас ёсць абмерныя малюнкі 1850-х гадоў, чаму не аднаўляць адпаведна з гэтымі малюнкамі? Але ж узялі і дакладна скапіравалі малюнкі крыжоў са сцяны, якая захавалася, — расказвае гісторык. Кіраўнік упраўлення пры Мінкульце Ігар Чарняўскі пераконвае, што «дакументальнае абгрунтаванне ёсць». — Яшчэ ў 1936 годзе даследчык Каложы і многіх помнікаў Гродзенскай архітэктуры Ядкоўскі апісаў, што бачыць мэтазгодным замену нетрывалай сцяны на капітальную, — кажа Чарняўскі. — У архіве Санкт-Пецярбурга ляжаць акварэлі, дзе нават у колеры паказана, якая гэта была сцяна, якія пліткі там былі ўстаўлены. Мы не бачым немагчымасці аднаўлення сцяны. Гэта не прыдумка архітэктара... Астатнія пытанні, якія ўзнікаюць, — па канстуктыўных асаблівасцях, па нясучых здольнасцях падмуркаў, па грунтах — па гэтым дакументацыя ёсць! Даследаванні грунтоў праводзіліся і ў 1904 годзе, і пазней, і нават у наш час праводзіліся з запрашэннем вядучых спецыялістаў па грунтах. Не верыць гэтым людзям? Тады я не ведаю ўвогуле, каму верыць. Гарадзенскі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, які выступаў на грамадскіх слуханнях па пытанні Каложы, перакананы, што рэканструкцыя помніка ў сённяшніх беларускіх умовах будзе раўнасільна яго знішчэнню.— Па-першае, у Беларусі няма рэстаўратара, які мог бы рабіць работы, звязаныя з сярэднявечным будаўніцтвам — арку выкласці, муроўку сярэднявечную. Няма ў Беларусі цагельніка, які зробіць спецыяльныя матэрыялы. Малюнкі 19 стагоддзя паказваюць помнік паўразбураным, таму рэстаўрацыя будзе фальсіфікацыяй. Калі царкву перакрыюць сучаснымі перакрыццямі, кавалкі ацалелых сценаў (паўночная, усходняя і частка заходняй) проста разваляцца, і помніка не будзе, — перасцерагае археолаг, які 15 гадоў працаваў у рэстаўрацыйным інстытуце. Навукоўцы сумняваюцца, ці ўвогуле можна пускаць тэхніку на ўзгорак, дзе стаіць Каложа: дзе гарантыі, што бераг не абваліцца? Трэба сачыць за станам берагу, таму што ў 19 стагоддзі сцяна была разбурана ў выніку апаўзання берагу ў Нёман. «Сам праект рэканструкцыі — гэта, па вялікім рахунку, 19 стагоддзе», лічаць незалежныя эксперты. У 19 стагоддзі была тэндэнцыя да фантазійнага аднаўлення спадчыны, у 20-м стараліся аднавіць як мага больш дакладна, а ў 21-м робіцца акцэнт на кансервацыю. Дарэчы, па інфармацыі ананімных крыніц, царква пагражае анафемай прыхаджанам, якія ставяцца супраць рэстаўрацыі. «Дай Бог не зрабіць памылку» Дарэчы, адразу пасля грамадскіх слуханняў на тэму «Рэканструкцыя Барыса-Глебскай царквы: за і супраць», якія прайшлі 23 верасня 2010 года, гродзенскі губернатар Сямён Шапіра выказаўся за правядзенне кансультацый з міжнароднымі экспертамі: — Чытаю розныя версіі з гэтай нагоды. Ведаю, што частка нашых людзей, гісторыкаў непакояцца за падыход да рэстаўрацыі Каложы. Калі дакранаешся да пытанняў гісторыі, павінна быць адмысловая асцярожнасць. Дай Бог не зрабіць памылку. Скажу шчыра, я глыбока не перакананы, што зараз трэба рэстаўраваць Каложу. Хоць думкі людзей, як мне паказваюць, на 80 адсоткаў «за». Але павінен сказаць прафесіянал. Можа быць, варта параіцца з ЮНЭСКА.Дзе ж гарантыя, што памылкі не зробяць? Побач плануюць пабудаваць парафіяльны комплекс Ліпеньская акцыя «Адновім Каложу разам!» прадугледжвала правядзенне абласнога суботніка, а таксама адкрыццё дабрачыннага рахунку «па зборы мэтавых сродкаў ад грамадзян і юрыдычных асоб на аднаўленне старажытнай святыні Беларусі», аб чым можна прачытаць на сайце Гродзенскага аблвыканкама. Узнікае пытанне: чаму няма сур’ёзнага бюджэтнага рэспубліканскага фінансавання? І ці не здарыцца так, што праца пачнецца і хутка спыніцца з-за недахопу сродкаў? Дарэчы, самі гродзенцы лічаць, што не толькі сама Каложа — галоўная мэта рэстаўрацыі, якая мусіць распачацца. Перад тым як храм зачыніць свае дзверы, плануецца пабудаваць побач парафіяльны комплекс. Яшчэ летам на сайце Гродзенскага аблвыканкама паведамлялася, што «Грамадзянпраектам» вядзецца «пошук варыянтаў для размяшчэння парафіяльнага комплексу». «Ёсць дазвол Міністэрства культуры на яго будаўніцтва. Новы парафіяльны комплекс уключыць у сабе невялікую дамавую царкву, хрысцільню, класы нядзельнай школы, кіёск, бібліятэку, майстэрні, гараж, тэхпамяшканні. Вырашэнне гэтых пытанняў дазволіць інстытуту падыйсці да паралельнага стварэння будаўнічага праекта рэстаўрацыі храма і парафіяльнага комплексу», — паведамляецца ў матэрыяле, падпісаным галоўным архітэктарам «Гроднаграмадзянпраекта» А.Тараненкам і галоўным архітэктарам праекта Н.Емяльянавай. Працы на Каложы пачнуцца, калі будзе цалкам завершана будаўнічая дакументацыя. Дакладных тэрмінаў на сёння паведаміць не могуць: «Рашэнне прынята навукова-метадычнай радай, адпаведна Міністэрства культуры падрыхтавала на падставе рашэння рады заключэнне». — Праблема ў тым, што сёння царква яшчэ дзейнічае. Каб завяршыць даследаванні царквы, трэба спыніць набажэнствы. Для ўдакладнення момантаў па канструкцыі падмуркаў трэба зрабіць некаторыя бурэнні. Заключаная дамова з археолагамі: павінны пачацца археалагічныя даследаванні, якія ўдакладняць некаторыя моманты, — паведаміў кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі І. Чарняўскі. Але ў Таварыстве аховы помнікаў спадзяюцца, што можна яшчэ нешта змяніць — юрыдычна, інфармацыйна. «Яшчэ ёсць шансы гэты аб’ект адстаяць, але небяспека вельмі вялікая, — адзначае Антон Астаповіч. — Апелюючы да пэўных пунктаў заканадаўства, я буду звяртацца ў Міністэрства культуры, каб паўторна разглядалася праектна-каштарысная дакументацыя на радзе». «Рэстаўрацыя перакрэсліць усе магчымасці Каложскай царквы патрапіць у спіс ЮНЭСКА» Некаторыя археолагі, гісторыкі, даследчыкі мяркуюць, што рэстаўрацыя можа перакрэсліць шанцы Каложы трапіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, хаця на сёння яна мае ўсе шансы быць уключанай у гэты спіс. Яшчэ ў 2009 годзе быў не задаволены фактам рэстаўрацыі Каложы старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЭСКА Уладзімір Шчасны. «Падставай для ўключэння ў Спіс ЮНЕСКА з’яўляецца аўтэнтычнасць і унікальнасць аб’екта. Унікальнасць Каложы ў тым, што царква ўяўляе сабой гродзенскую школу дойлідства ХІІ стагоддзя. Калі казаць пра аўтэнтычнасць, то з дабудовай гіпатэтычна існаваўшых элементаў, напрыклад, купала ў стылі ХІІ стагоддзя або закамар на разваленай у сярэдзіне ХІХ стагоддзя паўночнай сцяне без захаваных чарцяжоў, без выкарыстання першапачатковых матэрыялаў і тэхналогій будуць парушаны патрабаванні, што выстаўляюцца да кандыдатур для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны», — адзначыў ён у інтэрв’ю БЕЛТА у ліпені 2009 года. А таксама дадаў: «Цяпер у свеце ўсё часцей замест тэрміна «рэстаўрацыя» выкарыстоўваецца «кансервацыя». Магчыма, менавіта гэта варта было б зрабіць, каб гродзенская царква ў будучым магла папоўніць пералік культурных каштоўнасцей сусветнага значэння». На думку ж Чарняўскага, меркаванне, што сама Каложа можа трапіць у спіс сусветнай спадчыны, — памылковае. Падрыхтоўку да намінавання ў сусветны спіс ён называе «складанай справай».А калі аўтарская група прыступіць для распрацоўкі дасье для ўнясення прапановы, то трэба будзе «гаварыць не асабіста пра Каложу, а ў цэлым пра гродзенскую архітэктурную школу», лічыць кіраўнік упраўлення Мінкульта. На сёння ж ніякага дасье яшчэ не рыхтавалася і рыхтаваць у бліжэйшым годзе не збіраюцца. «У планах ёсць, вызначаны пералік аб’ектаў, па якіх павінны рыхтаваць дасье. Адпаведна некалі дойдзе час і да Каложы. Пакуль ёсць другія аб’екты, звязаныя з ЮНЭСКА. Трэба завяршыць адно», — разважае І. Чарняўскі. Але ж Каложа ўнесена ў папярэдні Спіс ЮНЭСКА яшчэ ў 2004 годзе, пра што паведамляе сайт арганізацыі.Папярэдні спіс — гэта «інвентарны» пералік тых аб’ектаў на тэрыторыі дзяржавы, якія яна лічыць вартымі для ўключэння ў Спіс сусветнай спадчыны і «збіраецца намінаваць для ўключэння ў Спіс на працягу наступных гадоў». З папярэдняга пераліку краіна самастойна адбірае кандыдатаў для ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны, і запоўненая форма адсылаецца ў Цэнтр сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сваю ацэнку дае Міжнародная рада па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін (ІКАМОС), у тым ліку пасля наведвання аб’екта. Як адзначаецца ў «Інструкцыі па выкананні Канвенцыі па ахове сусветнай спадчыны», намінаваная каштоўнасць павінна адпавядаць крытэрыю аўтэнтычнасці. «З пункту гледжання аўтэнтычнасці, рэканструкцыя рэшткаў археалагічных помнікаў, ці гістарычных будынкаў ці кварталаў дапушчальная толькі пры выключных абставінах. Рэканструкцыя прымальная толькі ў тым выпадку, калі яна выканана на аснове поўнай і вычарпальнай дакументацыі, але ні ў якім разе не на аснове здагадак любой ступені праўдзівасці», — паведамляецца ў 86 пункце дакумента. Канчатковае рашэнне прымаецца 21 членам Камітэта з адным з наступных вынікаў: унесці, адтэрмінаваць, адмовіць. Дарэчы, са Спіса сусветнай спадчыны могуць і выключыць — калі аб’ект пачынае не адпавядаць крытэрыям, па якіх яго ўключылі ў спіс. Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Альтэрнатыўнае афіцыйнаму бачанне захавання Каложы — увогуле адмовіцца ад рэканструкцыі. |
|