Замова на шчасце
16.12.2010
—
Новости Культуры
|
Калі нядаўна ў Цюменскай вобласці праходзілі Дні беларускай культуры, гарады і вёскі рэгіёна апранулі свае лепшыя ўборы, віталі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, майстроў народных рамёстваў. Мілагучная беларуская мова чулася ў дзіцячых садках, школах, бібліятэках, дамах культуры.
Пачыналіся Дні з творчай сустрэчы Ганаровага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглі з ветэранамі, студэнтамі, паэтамі і празаікамі. Гаварылі пра тое, як важна сёння мацаваць беларуска-расійскае сяброўства. А ўрачыстае адкрыццё ў Цюмені Дзён беларускай культуры запомнілася ўсім як дзень цёплых усмешак, яркіх рознакаляровых строяў. Для шматлікіх гасцей мы зладзілі знаёмства з плёнам творчасці цюменскіх майстроў. Як вядома, менавіта ў рамёствах душа народная праяўляе свае нябачныя воку ўласцівасці, у традыцыйных прадметах побыту ўсё выверана стагоддзямі, усё незвычайна хораша — і няма нічога лішняга. Зрэшты, добра зробленыя рэчы важна і прадставіць прыгожа. Любоў Фуфаева паказала свае вырабы з саломкі “Дакрананне да вытокаў”, Надзея Азарэнка зрабіла выставу “Ручнік — беларускі манускрыпт”, Вольга Грыгор’ева зладзіла экспазіцыю “Чарадзейная лаза”. Вышывальшчыца Галіна Бязгодава прэзентавала свае творы ў раздзеле “Ніткі часу”, а Надзея Аніканава сабрала выставу прадметаў побыту “Народныя матывы”. Можна падзівіцца жывучасці беларускіх народных рамёстваў, мовы, песень у рэгіёне! Як вядома, нашы продкі, выпраўляючыся ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Сібір “па зямлю і лепшую долю”, прынеслі з сабой у суровы край і свае шматвяковыя звычаі, традыцыі. Іх і сёння беражна захоўваюць нашчадкі перасяленцаў. Гэта, напрыклад, удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Россияночка”, якім кіруе Надзея Вычужаніна з сяла Ярмакі Вікулаўскага раёна, і самадзейныя артысты з народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Вячоркі” сяла Вікулава. Апошні гурт, якім кіруе заслужаны работнік культуры Расіі Валянціна Міхіенка, — уладальнік Гран-пры Усерасійскага фэсту беларускіх зямляцтваў у Маскве, удзельнік “Славянскага базару ў Віцебску”. Два гурты і зладзілі яркую, з элементамі народных абрадаў дзею “Вяртанне да вытокаў. Родная мова” — так адкрывалася канцэртная праграма. Старадаўнія песні ў іх выкананні быццам ажывалі, гукі, здавалася, пераліваюцца ўсімі колерамі вясёлкі, арганічна гучала мова і беларуская, і руская. У літаратурна-музычнай кампазіцыі “Сястрыца родная” Алеся Азарэнка і Юлія Чарапанова расказалі, як у розны час і па розных прычынах пакідалі беларусы Бацькаўшчыну, ды заўсёды цёпла згадваюць пра яе, сваякоў. Дзяўчаты, як дзве галубкі, што выпырхнулі з бацькоўскага гнязда і жывуць у розных краях, тужылі, хваляваліся адна за другую. Атрымалася так вытанчана, прыгожа — аж да слёз… Кранула патаемныя струны беларускіх душаў і народная замова-малітва: яе прамаўлялі на шчасце і добрую долю нашы продкі пры нараджэнні дзіцяці. А запісалі замову толькі летась: беларусы Цюмені сумесна з супрацоўнікамі Цюменскага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук збіралі фальклорна-этнаграфічны матэрыял па месцах кампактнага пражывання супляменнікаў. Бурныя апладысменты заслужыў ансамбль “Зярняткі”, якім кіруе Алена Гардубей, з дзіцячага сада №176. Малыя не толькі прыгожа спявалі, але і жвава танцавалі. Яркімі фарбамі ўпрыгожыў свята і дзіцячы харэаграфічны ансамбль “Акварэль” пад кіраўніцтвам Надзеі Цялежкінай і Наталлі Носавай. Яшчэ адна прыгожая нотка ў партытуры свята — выступленне ўдзельнікаў дзіцячай вакальнай студыі “Вясёлка”. Яе некалькі гадоў таму на Ішымскай зямлі, у сяле Дзясятава стварыла Алена Антончанка — бо змагла зацікавіць дзяцей беларускай культурай, яны цяпер ахвотна збіраюцца на рэпетыцыі і з бліжэйшых вёсак. Ужо ведаюць: стагоддзямі беларускі народ ствараў самабытныя народныя святы, што сталі традыцыйнымі і ў Сібіры. На сцэне “Вясёлка” паказвала фрагменты з абраду Гуканне вясны: дзеці з імпэтам чыталі заклічкі, гукалі вясну, выпускалі белых папяровых жаўрукоў. З Дзясятава прыехаў і вакальны гурт “Жывіца”, якому сёлета — 5 гадоў. Дарэчы, да гэтых угодкаў пры падтрымцы камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці быў выпушчаны прыгожы буклет. Выступленне ж артыстаў было яркім, па-майстэрску выконваліся меладычныя і шчырыя, вясёлыя і жартоўныя песні. І беларускія цымбалы дадалі святу нацыянальнага каларыту: светла і радасна гучалі яны ў руках мастацкага кіраўніка ансамбля “Палессе” Тамары Грыгор’евай. У складзе ж ансамбля іграюць студэнты цюменскіх каледжаў і вну, і нават папулярныя творы яны імкнуцца выканаць свежа, па-новаму. У фінале канцэрта на сцэну выйшлі артысты вядомага далёка за межамі Цюменшчыны народнага ансамбля “Лянок”, якім кіруе Клаўдзія Зуева. Высокае майстэрства, багаты сцэнічны досвед спрыялі таму, што артысты ўжо ўганараваны на шматлікіх фэстах: беларускіх зямляцтваў у Маскве і “Радзіма мая — Беларусь” у Томску. “На белых крылах” у горадзе Губкінскі, “Сібірскія крыніцы” ў Цюмені, “У гасцях у Лявоніхі” ў Новасібірску. Выступаў Лянок і на этнічнай Радзіме — на Міжнародным фэсце “Сожскі карагод” у Гомелі і “Пеўчае поле” на Міншчыне. Як бачым, талентаў з беларускай крывінкай на Цюменскай зямлі — багата. Лепшыя з іх, а таксама актывісты беларускага руху атрымалі ганаровыя граматы, падзячныя лісты ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, старшыні камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці, пасла Беларусі ў Расіі. Так адзначаны іх “вялікі ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальных стасункаў, захаванне і развіццё народных традыцый, культуры і з нагоды актыўнага ўдзелу ў падрыхтоўцы і правядзенні Дзён беларускай культуры”. А калі пад фінальную песню “Если ты в моем сердце, Россия, / Значит, в сердце моем — Беларусь” на сцэну выйшлі ўсе самадзейныя артысты, яна асвяцілася яркімі, самабытнымі беларускімі строямі, непаўторнымі галасамі і фарбамі. Тыя радасць, цяпло ад сустрэч з землякамі застануцца ў сэрцах надоўга. Уладзіслаў Татарынцаў, кіраўнік аддзела беларускай культуры цюменскага Палаца нацыянальных культур “Будаўнік” Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі нядаўна ў Цюменскай вобласці праходзілі Дні беларускай культуры, гарады і вёскі рэгіёна апранулі свае лепшыя ўборы, віталі ўдзельнікаў мастацкай... |
|