Тэлеверсію "Грэмі" ўпершыню пакажуць на беларускай мове
11.02.2011 14:35
—
Новости Культуры
|
Тэлеверсію "Грэмі" ўпершыню пакажуць на беларускай мове Упершыню ў гісторыі Белтэлерадыёкампанія пакажа гледачам тэлеверсію цырымоніі ўручэння прэміі "Грэмі" з каментарыем на беларускай мове. "Грэмі" лічыцца самай прэстыжнай музыкальнай узнагародай Нацыянальнага гуказапісу ЗША і вядомая ва ўсім свеце.
Як патлумачылі "Звяздзе" ў дырэкцыі Першага канала, беларускі каментарый будзе падрыхтаваны найперш з мэтай эксперыменту. — На жаль, беларускай мове ўдзяляецца не так шмат увагі, як рускай, — адзначае выканаўчы прадзюсар галоўнай дырэкцыі Першага канала Алена Абразцова. — Мы вырашылі паэксперыментаваць і арганізаваць тэлеверсію перадачы на беларускай мове. Мы спадзяёмся заахвоціць да прагляду як мага больш маладых гледачоў. За кадрам будзе працаваць карэспандэнт Першага канала Беларускага радыё Павел Лазовік, які цудоўна валодае дзвюма дзяржаўнымі мовамі і ўжо мае вопыт каментатара з дзіцячага "Еўрабачання-2010". — Падрыхтоўка да каментавання — у стадыі завяршэння, — расказаў "Звяздзе" каментатар цырымоніі Павел Лазовік. — Мы ўжо атрымалі тэксты ад амерыканскіх партнёраў, таму ведаем, што будзе ў эфіры. Рыхтуецца сапраўднае шоу: гэта будзе не звычайны канцэрт — кожны нумар прадстане ў якасці спектакля. Да таго ж, на цырымонію запрошаныя сапраўдныя зоркі сусветнага музычнага Алімпу. Спецыяльным госцем стане шматразовая ўладальніца "Грэмі", каралева накірунку "соўл" Арэта Франклін. Запал ёсць. Каментаваць "Грэмі" — цудоўны момант, калі я магу паспрабаваць сябе ў іншай сферы. Таму што "Еўрабачанне" — трошкі іншая спецыфіка, чым у "Грэмі". Тут я адчуваю сябе больш вольна. З музычным матэрыялам такога кшталту звязаны ўжо даўно, паколькі сам працую на радыё. Тэлеверсія чакаецца цікавай і беларускай, а гэта галоўнае. "Грэмі" прысуджаецца штогод у 108 катэгорыях па 30 музычных жанрах — ад класічнай музыкі да альтэрнатыўнай. Упершыню сёлета на "Грэмі" выступіць легенда рока Мік Джагер разам з соўл-выканаўцам Рафаэлем Саадзікам. Сярод іншых гасцей цырымоніі — Рыяна, Лэдзі Гага, Бруа Марс, Гвінет Пэлтраў і інш. Лідарам сёлетняй прэміі "Грэмі" лічыцца рэпер Эмінем, які ўключаны ў спісы прэтэндэнтаў на прэмію ў 10-і намінацыях. Для параўнання, у Лэдзі Гага такіх намінацый толькі шэсць. Ці плануе Першы канал і надалей падтрымліваць родную мову ў трансляцыях? — А чаму б і не? — парыруе пытанне Алена Абразцова. — Мы лічым, калі гэта магчыма, то так яно і павінна быць. Спадзяёмся, пашырэнне беларускай мовы прыцягне да трансляцый больш гледачоў. Акрамя таго, паводле слоў Алены Абразцовай, у канцы лютага гледачоў Першага канала чакае таксама трансляцыя кінапрэміі "Оскар". І хоць каментаваць яе будуць па-руску, затое гледачы змогуць сачыць за шоу ў прамым эфіры: трансляцыя будзе ажыццяўляцца з 3.30 да 6.30 ранку. Адаптаваную тэлеверсію для тых, хто не зможа паглядзець "Оскар" у прамым эфіры, пакажуць на наступны дзень у запісе. Каментаваць цырымонію будзе кінакрытык Ігар Сукманаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Упершыню ў гісторыі Белтэлерадыёкампанія пакажа гледачам тэлеверсію цырымоніі ўручэння прэміі "Грэмі" з каментарыем на беларускай мове. "Грэмі" лічыцца самай...
|
|