Прыгожым спевам поўніцца душа...
24.02.2011
—
Новости Культуры
|
Напрыканцы зімы, нібы прыспешваючы надыход цяпла, уся Беласточчына звініць беларускімі песнямі Вось і сёлета праходзіў Агульнапольскі фэст “Беларуская песня-2011” — васемнаццаты па ліку. Гэта адно з найбуйнейшых мерапрыемстваў беларускай нацменшасці ў Польшчы. Вялікі гала-канцэрт ладзіўся ў Беластоку 20 лютага. А разам са спевакамі, гуртамі ў суседняй краіне прыгожа выступілі арт-група “Беларусы” і салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Генадзя Цітовіча Кацярына Булатоўская. Журы фэсту не першы год узначальваў кіраўнік хору, народны артыст Беларусі Міхась Дрынеўскі. Традыцыю песенных святаў распачалі актывісты Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, створанага яшчэ ў 1956 годзе. Нязменны старшыня галоўнага праўлення БГКТ на працягу многіх гадоў — Ян Сычэўскі. У Беларусі спадар Ян ушанаваны медалём Францыска Скарыны, ён кавалер Крыжа камандорскага ордэна Адраджэння Польшчы, а на Беласточчыне яго часам называюць “галоўным беларусам”. — Спадар Ян, зразумела, што таварыства каардынуе дзейнасць суполак этнічных беларусаў у Польшчы, найперш на Беласточчыне. А падтрымку нашай дзяржавы адчуваеце? — Так, з боку беларускіх улад цягам шэрагу гадоў мы сустракаем вялікую зацікаўленасць, ахвотную дапамогу ў развіцці беларускай культуры, асветы ў Польшчы. Створаны Культурны цэнтр з сядзібай у Беластоку — таксама праява ўвагі да развіцця беларускага этнасу. Можа, не ўсе ведаюць: у нас прайшло заканадаўчае ўрэгуляванне наконт нацменшасцяў, у выніку сітуацыя з беларускай культурай ускладнілася. І тут падтрымка з боку цэнтра не проста неабходная — яна спаўняе ў дачыненні да культуры беларускай нацменшасці ратавальную функцыю. Я ахвотна ўвайшоў у склад Кансультатыўнага савета кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. Такое веча дыяспары, першае пасяджэнне якога прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы, — сведчанне зацікаўленай дапамогі ўсім беларусам замежжа. Праграму дзеянняў, у якую і мы ўносілі прапановы, стваралі Міністэрства культуры, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Беларусь — дзяржава не надта багатая, і ўсё ж прыемна бачыць увагу да беларусаў замежжа. Можна прывесці шэраг прыкладаў таго, што дыялог ідзе зацікаўлены, добразычлівы, адкрыты — па ўсіх пытаннях, праблемах беларускай нацменшасці ў Польшчы. І важкія набыткі — агульнае наша дасягненне. Падкрэслю яшчэ такую акалічнасць. Беларусаў у Польшчы — каля 200 тысяч. Прычым, што важна, гэта хутчэй не дыяспара ў звычайным сэнсе слова, а кампактна пражываючыя этнічныя беларусы. Яны выйшлі з нацыянальна і этнічна аднародных вёсак Беласточчыны. Цяпер маем больш за 60 беларускіх аматарскіх гуртоў, якія развіваюцца ў кантакце з прафесійнымі мастацкімі калектывамі Беларусі. Такія стасункі, лічу, вельмі патрэбныя, у немалой ступені дзякуючы ім усе нашы імпрэзы ладзяцца на высокім творчым, арганізацыйным узроўні. Мы, дарэчы, ахвотна прыязджаем на Усебеларускі фэст нацыянальных культур у Гродне, заўсёды ім захапляемся і многаму там вучымся. У павазе на Беласточчыне і беларуская мова: існуе 43 школы, дзе яна вывучаецца як прадмет, там займаецца каля трох з паловай тысяч дзяцей і моладзі. А цалкам беларускай школы, на жаль, няма. Ёсць 2 беларускія ліцэі — у Бельску-Падляскім і Гайнаўцы. Праблема ж у тым, што раней у Беларусі атрымалі вышэйшую адукацыю больш за 150 юнакоў і дзяўчат беларускага паходжання з Беласточчыны, а з уступленнем Польшчы ў Еўрасаюз адукацыйныя сувязі парушыліся. Раней нашы абітурыенты паступалі ў вну Беларусі з невялікім аблягчэннем на экзаменах. Добра вучыліся, вярталіся з высокім узроўнем ведаў, іх ахвотна бралі на працу, і яны робяць неблагую кар’еру. Цяпер жа ў Польшчы патрэбна настрыфікацыя беларускіх дыпломаў, гэта як дадатковыя экзамены, бар’ер, яго моладзь баіцца, і ўжо ніхто не паступае. А вучоба ў Беларусі — вельмі важны стымул у сэнсе развіцця культуры і асветы. Я думаю, трэба папрацаваць у гэтым кірунку, з боку Польшчы ёсць прыхільнасць, каб падпісаць пагадненні, прадоўжыць традыцыю. — Якімі клопатамі жывуць цяпер беларусы Беласточчыны? — Розных спраў вельмі шмат. Бывае, як расказваю пра нашу дзейнасць гасцям з Беларусі, то некаму і не верыцца, што гэтулькі мерапрыемстваў, скіраваных на захаванне беларускасці, ладзіцца ў Польшчы. Адзін з брастаўчан неяк напісаў пра Беласточчыну: “Тут беларуская мова гучыць паўсюдна. Тут культура Беларусі, мова яе — найдаражэйшая каштоўнасць, якую вывучаюць, бы Святое пісанне апантаныя вернікі”. А яшчэ ў Беластоку будуецца помнік, вельмі важны для захавання нашай духоўнай, душэўнай спадчыны: праваслаўным беларусам, якія сталі ахвярамі Другой сусветнай вайны і пасляваеннага часу. Не ўсім вядома, але факты сведчаць, што на Беласточчыне было знішчана некалькі беларускіх вёсак, а насельніцтва іх вымардавана з прычын шавіністычнай нянавісці. Мы лічым, што і пра такую сумную старонку гісторыі варта памятаць. Помнік будуецца, і мы ўдзячны Міністэрству культуры за дапамогу ў фінансаванні чатырох іконаў, якія былі напісаны ў Мінску, у Беларускай акадэміі мастацтваў. Мая асаблівая падзяка Беларусі, дзяржаўным і рэгіянальным уладам — за вялікую дапамогу ў стварэнні Гайнаўскага Беларускага музея. І цяпер, дарэчы, вельмі часта экспазіцыі ў ім — гэта вынік нашай супольнай працы. Я ўжо казаў пра супрацоўніцтва нашых самадзейных гуртоў з беларускімі прафесійнымі калектывамі. Такія кантакты вельмі ўзбагачаюць беларускую культуру, пашыраецца рэпертуар. Сярод мерапрыемстваў найбольш важныя — Агульнапольскі фестываль “Беларуская песня”, фінал якога прайшоў нядаўна. Яшчэ — Свята беларускай культуры, Беларускае Купалле, прэзентацыі культур нацменшасцяў з усёй Польшчы. Мы высока цэнім Фэст польскай і беларускай песні “Беласток—Гродна”, навуковыя канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці”, якія праводзім разам з Саюзам палякаў на Беларусі. Матэрыялы потым выдаюцца, рассылаем іх па бібліятэках і вну Беларусі і Польшчы. — Што вы лічыце найбольш важным для работы вышэй згаданага веча дыяспары? — Варта сістэмна вырашаць усе праблемы, звязаныя з існаваннем беларускай культуры і асветы ў беларускіх асяродках за мяжой, у тым ліку ў Польшчы. А яны праяўляюцца ў жыцці як канкрэтныя задачы. Скажам, трэба спрыяць навучанню землякоў беларускай мове. А значыць, патрэбны і конкурсы супольныя па мове, і экскурсіі дзяцей, моладзі ў Беларусь, і асяродкі ўдасканалення настаўнікаў. Можна таксама надалей падахвочваць юнакоў і дзяўчат, каб яны ехалі вучыцца у вну Беларусі. Думаю, і кіраўнікі іншых суполак замежжа, з якімі ў нас ёсць сталыя кантакты, будуць ініцыяваць гэтыя справы. Гутарыў Іван Ждановіч .
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы зімы, нібы прыспешваючы надыход цяпла, уся Беласточчына звініць беларускімі песнямі
|
|