115 год спаўняецца з дня нараджэння Кандрата Крапівы
06.03.2011 09:57
—
Новости Культуры
|
115 год спаўняецца з дня нараджэння Кандрата Крапівы Кандрат Крапіва... Народны пісьменнік БССР, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, доктар філалагічных навук, акадэмік Акадэміі навук БССР. Для мяне ж ён — проста дзед Кандрат.
У мяне часта пытаюцца: а якім жа быў твой дзед Кандрат? Перагортваючы старонкі ўласных успамінаў пра дзеда, я зноў і зноў прыгадваю і пераасэнсоўваю тую частку свайго жыцця, што прайшла побач з ім. А частка гэта складае трыццаць пяць гадоў. Пры гэтым бачыліся мы з ім практычна кожны дзень. Самыя першыя з маіх дзіцячых успамінаў датычацца канца пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Прасторная кватэра, якая размяшчалася на апошнім паверсе дома нумар дванаццаць на Ленінскім праспекце (зараз — праспект Незалежнасці), каля будынка галоўнага паштамта. Адзін са шматлікіх пакояў займала "бібліятэка", так мы яе называлі. Там усе сцены былі застаўлены кніжнымі шафамі, высокімі, ажно да столі. На паліцах — кнігі, кнігі, кнігі... У суседнім пакоі размяшчаўся кабінет дзеда. На вокнах доўгія і цёмныя шторы з нейкай тоўстай тканіны. Праўда, Кандрат Кандратавіч іх не вельмі любіў і ніколі не заштурхоўваў, бо надта ўжо не падабаліся яму завешаныя вокны. Дзед заўсёды дазваляў мне гуляць у сваім кабінеце. Там было ціха, чыста, ідэальны парадак на пісьмовым стале і ў кніжных шафах, і нейкая творчая аўра. Утульна. Нярэдка, пры дапамозе крэсла, узбіралася я на шырокі падваконнік і назірала з вышыні, што ж там робіцца ўнізе, на праспекце. Злева каля акна стаяў дзедаў пісьмовы стол. Масіўны, цёмны, ён ствараў уражанне прысадзістасці. Калі была я маленькая, то вельмі любіла, пакуль дзед у Акадэміі, "папрацаваць" ля яго стала, узяўшы кнігу з нашай "бібліятэкі". Праўда, "працавала" я не за сталом: вельмі ўжо быў ён для мяне высокі. Забіралася пад стол, уладкоўвалася паміж тумбамі, нібы ў пакойчыку. І доўга, седзячы там, гартала кнігу, сачыняла нейкія гісторыі, аб чым-небудзь думала. Вельмі ўжо добра думалася ў гэтым кабінеце. Каля стала стаяла крэсла з цёмнага дрэва, з высокай спінкай. На мой погляд, было яно вельмі жорсткае, але надзвычай прыгожае. Стол стаяў бокам да акна, каб святло падала злева. Побач, на сцяне вісеў партрэт, зроблены ў тэхніцы алоўкавага малюнка. Яго намаляваў з фотаздымка мой бацька Ігар Кандратавіч. На партрэце — дзед са сваім сынам Барысам (маім дзядзькам), які загінуў на Вялікай Айчынай вайне — іх апошняя ў жыцці сустрэча, што адбылася ў час вайны. Абодва ў гімнасцёрках. Мужныя, сур'ёзныя твары. Былі яны надзвычай падобныя адзін да аднаго. Гавораць, што не толькі знешне, але і характарамі. Калі надыходзіў вечар і ўся сям'я ўладкоўвалася спаць, Кандрат Кандратавіч спаць не ішоў, а дапазна заставаўся ў кабінеце. Кватэра сціхала, пагружалася ў змрок, а ў дзеда на стале гарэла лямпа. Тая самая лямпа, з зялёным абажурам, якую добра ведаюць старэйшыя пісьменнікі. Раз, ужо працуючы ў Акадэміі навук, выступала я на адным літаратурным вечары і прыгадала пра гэту лямпу. Пасля вечара падышоў да мяне Янка Брыль і сказаў: "Дзякуй табе, Леначка, за лямпу з зялёным абажурам". Была такая лямпа і ў Янкі Купалы, і ў Якуба Коласа, і яшчэ ў некаторых пісьменнікаў, і, думаю, што не толькі свяціла ім сваім мяккім святлом, але і сэрца сагравала. З дзяцінства памятаю такую карціну: дзед нешта засяроджана піша, схіліўшыся над сталом. Потым задумваецца, прытуліўшы левую далонь да галавы. Так ён часта рабіў, калі думаў. Зноў піша. Потым пачынае друкаваць на сваёй машынцы, маркі "Фартуна", што верна праслужыла яму амаль паўвека. Карціна гэта, што бачыла я ў дзяцінстве, зазірнуўшы вечарам да дзеда ў кабінет, мяне чамусьці ўражвала. З цягам часу зразумела чаму: сам сабой адбываўся працэс выхавання. Выхоўваць жа дзіця можна і моўчкі. Не трэба шмат слоў — дастаткова было штовечар бачыць простае святло, якое прабівалася ў шчыліну з-за дзвярэй дзедавага кабінета. А вось больш познія ўспаміны. 1986 год. Жывём мы па-ранейшаму на праспекце Незалежнасці, толькі ўжо на другім яго канцы, у доме нумар 76. Кандрат Кандратавіч рыхтуецца святкаваць сваё дзевяностагоддзе. Самому яму выязджаць было ўжо цяжка, таму кіраўнікі ўрада Беларусі вырашылі прыехаць да яго на кватэру, каб павіншаваць з такім выдатным юбілеем. Прыехалі ўдзень 5 сакавіка. Дзед выйшаў да стала, які мы з мамай загадзя накрылі. Кандрат Кандратавіч заўсёды любіў смачна пачаставаць сваіх гасцей. За сталом стварылася прыўзнятая святочная атмасфера. Мы чулі, як госці жартуюць. Дзед прачытаў сваю новую байку, завязалася цікавая размова. Раптам нехта з гасцей прапанаваў наліць чарачку ў гонар імянінніка. Такі юбілей! Але Кандрат Кандратавіч сказаў: "Нядаўна ж выйшаў указ — забаронена піць на працоўным месцы (маючы на ўвазе вядомы ўказ М. Гарбачова). Што да мяне, то я выпіць мог бы, бо адпачываю, а вы ж — на працы. Нельга. Таму піць не будзем". Засмяяліся і ўспомнілі вядомую байку Кандрата Крапівы "Дэкрэт": "Не разбяруцца, зловяць — чык, Тады й даводзь, што ты не бык." Кіраўнікі ўрада з дзедам пагадзіліся, бо сапраўды, было толькі дванаццаць гадзін дня — працоўны дзень у самым разгары. Выпілі вінаграднага соку. Смачна паабедалі. Вось так Кандрат Кандратавіч не дазволіў кіраўніцтву парушыць указ, нават і ў дзень свайго юбілею. І яшчэ адзін успамін. Апошні. Надыходзіў 1991 год. У дні навагодніх свят патэлефанаваў Кандрат Кандратавіч сваім сябрам-пісьменнікам. Тыя сабраліся разам і святкавалі. Гаварыў ён з Іванам Пятровічам Шамякіным, перадаваў прывітанне і віншаванне іншым, хто быў яшчэ ў той кампаніі. І сказаў такія словы: "Якія вы шчаслівыя, што вы разам, а я вось, на жаль, не магу да вас далучыцца...". Гэты, 1991 год, Кандрат Кандратавіч сустрэў не ў добрым стане, пажартаваў: "Відаць, выйшаў на фінішную прамую". Сумны быў жарт. Раніцай, 6 студзеня, Кандрат Кандратавіч адчуў сябе зусім кепска, але быў у поўнай свядомасці. Калі я падышла да яго, мы доўга гаварылі. Пра ўсё. Спытаўся ён пра маю сям'ю і творчыя планы, пацікавіўся, як ладзяцца справы ў іншых дамачадцаў, даў нават некаторыя парады. Паразважаў ён і аб лёсе дзяржавы. Час быў складаны, але дзед мой, перажыўшы ўжо не адну "эпоху перамен", заставаўся аптымістам. Мне не хацелася заканчваць нашу размову, ды дзед раптам прыпыніўся, сказаўшы: "Ну ўсё, Алёнушка, вельмі я стаміўся, хачу адпачыць". Увечары ён заснуў і больш не прачнуўся. Сэрца Кандрата Кандратавіча спынілася каля пяці гадзін раніцы 7 студзеня 1991 года. На Каляды. Усяго двух месяцаў не дажыў ён да свайго 95-годдзя. Паміж першымі і апошнімі ўспамінамі некалькі дзесяцігоддзяў. Светлы быў чалавек, мой дзед Кандрат. Мужны, смелы, надзейны. А яшчэ — нястомны жартаўнік. "Я крыкну — ўраз Па гушчах мас Нясецца хваля рэх І ў свой прабег Раджае смех, Здаровы смех". Так напісаў Кандрат Крапіва ў пачатку дваццатага стагоддзя. Але яго невычэрпны крапівінскі гумар жыве і ў пачатку дваццаць першага. Алена Атраховіч, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кандрат Крапіва... Народны пісьменнік БССР, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, дэпутат... |
|