У Віцебску пачалі ўстанаўліваць "спрэчныя" гістарычныя помнікі?
19.04.2011 13:44
—
Новости Культуры
|
У Віцебску пачалі ўстанаўліваць "спрэчныя" гістарычныя помнікі? На плошчы Тысячагоддзя будуецца вялікі пастамент пад Аляксандра Неўскага, галоўнага гістарычнага брэнда Расіі. А п'едэстал пад вялікага князя Альгерда, героя ўжо беларускай гісторыі, з мінулага года пустуе каля Свята-Уваскрасенскай царквы...
У Віцебску неахвотна каментуюць сваю ідэю паставіць у горадзе помнік Аляксандру Неўскаму, які "бываў тут і забіраў адсюль свайго сына ў 1245 годзе". Тое ж тычыцца і княгіні Вольгі. Дакладных звестак пра тое, што слаўны горад на Дзвіне быў заснаваны ў сярэдзіне Х стагоддзя дзякуючы менавіта ёй, таксама няма. Ды і ацэньваюць гісторыкі княгіню Вольгу па-рознаму. З аднаго боку — святая, з іншага — тая самая княгіня, якая ў помсту за забойства мужа Ігара Старога жыўцом спальвала і закопвала драўлянаў. Не самая ўдалая праява святасці. Да таго ж з'яўляюцца Аляксандр Неўскі і Вольга сёння перш-наперш героямі расійскай гісторыі і ідэалогіі. Калі першыя крытычныя артыкулы наконт двух магчымых помнікаў з'явіліся ў СМІ, журналістам паведамілі пра тое, што плануецца ўстанавіць трэці помнік — вялікаму князю літоўскаму Альгерду, пры якім у ХІV стагоддзі Віцебск дасягнуў росквіту.
Помнікі збіраліся ўстанавіць на Дзень горада — 26 чэрвеня 2010 года. Але рэзананс у СМІ не даў ажыццявіць гэтую задуму. Не паставілі нават Альгерда, чыя прыналежнасць да беларускай гісторыі не выклікае сумневаў. Пра лёс віцебскіх помнікаў доўгі час не паведамлялася. Пакуль днямі па тэлебачанні не выступіў сакратар Віцебскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Уладзімір Разановіч. Ён распавёў пра тое, што на плошчы Тысячагоддзя нарэшце распачаліся работы па ўстаноўцы манумента... Аляксандру Неўскаму. — Праект прайшоў амаль усе этапы ўзгадненняў. Засталося атрымаць рэзалюцыю ўрада, — пацвердзіў гэтую інфармацыю айцец Уладзімір журналісту "Звязды". — Думаю, што рашэнне, прынятае віцебскімі ўладамі, павінна ўсіх задавальняць. Што тычыцца Вольгі, легенда пра тое, што яна заснавала Віцебск, перадавалася з вуснаў у вусны. І гэта сёння агульнапрынята, хоць ёсць блытаніна ў гістарычных звестках. Несумненна, князь Альгерд таксама павінен быць ушанаваны. Ён зрабіў унёсак у развіццё гарадскіх сценаў. А Аляксандр Неўскі — гэта духоўны прыклад для жыхароў горада. Вядома, кожны мае права на сваё асабістае меркаванне, але сёння што ёсць, тое ёсць... Мы атрымалі фотаздымкі, на якіх бачны значны размах будоўлі пастамента, дзе збіраюцца паставіць манумент Аляксандру Неўскаму.
Увесну 2010 года журналіст "Звязды" звярнуўся ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: "Калі ласка, патлумачце, ці маюць дачыненне да Віцебска Аляксандр Неўскі, княгіня Вольга і вялікі князь Альгерд?" Ад прафесіяналаў мы атрымалі тлумачэнне, што прыналежнасць Альгерда да гарадской гісторыі сумневаў не выклікае. А вось тая ж Вольга з'яўляецца толькі легендарнай (!) заснавальніцай горада, прамых доказаў, што Віцебск паўстаў па яе волі — няма. І на помніку гэтае сцвярджэнне павінна быць нейкім чынам адбіта. А Аляксандр Неўскі і сапраўды бываў у Віцебску ў 1245 годзе. Прыехаў, забраў свайго сына і накіраваўся назад у родны Ноўгарад. "Ставіць помнік дзеячу ў сувязі з гэтай "падзеяй" — смешна, — пракаментаваў "Звяздзе" загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Аляксандр Груша. — Мы ўвесь час просім чыноўнікаў звяртацца да нас. Але робяць яны гэта не заўсёды. У выніку ставяцца помнікі, арганізоўваюцца мерапрыемствы, якія не маюць дачынення да рэальных падзей. Аляксандр Неўскі і Вольга — "раскручаныя" гістарычныя персанажы. Напэўна, віцябчанам хочацца прыхінуцца да іх славы. Але навошта? Расійская тэлевізійная піяр-машына зрабіла з Аляксандра Неўскага гістарычны сімвал Расіі. У 2008 годзе ў суседняй краіне праводзіўся тэлевізійны конкурс, выбіралі "Імя Расіі". І перамог менавіта святы Аляксандр Неўскі. "Гліняны макет манумента Неўскаму летась разваліўся" Нагадаем, што на віцебскай плошчы Тысячагоддзя, дзе збіраюцца паставіць помнік гэтаму гістарычнаму дзеячу, ужо стаіць аднайменная маленькая драўляная цэркаўка ў гонар святога Аляксандра Неўскага (будаваць яе пачалі ў 1992 годзе). Побач — старажытная Дабравешчанская царква. Манумент у гонар Аляксандра Неўскага — гэта цэлая кампазіцыя, якая па плане будзе складацца з выяў самога героя, яго сына Васіля і жонкі (полацкай князёўны Аляксандры). Ідэя манумента першапачаткова належала мастаку і скульптару Ігару Голубеву. Пазней яе дапрацавалі Іван Казак і Аляксандр Гвоздзікаў, якія і займаюцца зацверджаным варыянтам манумента (макет якога, дарэчы, летась разваліўся з-за моцнай спякоты). — Я сам быў здзіўлены, калі па тэлебачанні паказалі навіну пра тое, што гэты помнік усё ж будзе ўстаноўлены. Доўгі час пра лёс праектаў нічога не было чуваць, — распавядае скульптар Аляксандр Гвоздзікаў. — Мінулым летам стаяла спякота, гліняны макет скульптуры разваліўся. Магчыма, скульптуру можна будзе ўзнавіць. Днямі я выпраўлюся ў ліцейны двор пад Мінск, каб высветліць, на якім мы свеце. Але афіцыйна пра ўстаноўку манумента мне ніхто не паведамляў. Сваю працу як скульптары мы выканалі, цяпер засталася тэхнічная праца. — Спадар Аляксандр, летась на інтэрнэт-форумах людзі крытыкавалі ідэю ўсталяваць помнік Аляксандру Неўскаму. Як вы да гэтага ставіцеся? — Зразумейце мяне правільна — як мастака. Мая справа — выканаць тое, што мне даручылі. Калі лётчыку кажуць: "Ідзі, ваюй", ён павінен выконваць сваю працу. Высвятляць гістарычныя спрэчкі павінны іншыя... Канчатковы лёс помніка вялікаму князю Альгерду таксама невядомы. Пакуль заказчыкі не звярталіся афіцыйна да скульптара Валерыя Магучага. — Як скульптар я сваю работу выканаў, але фінансавання пакуль няма. І, думаю, у бліжэйшы час нічога, напэўна, не будзе, — паведаміў нам творца. На месцы, дзе меліся паставіць манумент княгіні Вользе, ніякіх работ пакуль не вядзецца. Пасля выхаду на старонках "Звязды" артыкула "Каму ў Віцебску збіраюцца усталяваць помнікі?" (30 сакавіка 2010 года) мы атрымалі шмат разнастайных водгукаў. Многія выказвалі нязгоду з устаноўкай у абласным цэнтры помнікаў Неўскаму і Вользе. Нехта абараняў іх, але абураўся на Альгерда. Адзін з расійскіх інтэрнэт-парталаў назваў аўтара таго звяздоўскага матэрыяла русафобам. Барані Бог. Проста атрымліваецца, што на ўроках па гісторыі Беларусі нашы дзеці вывучаюць адных гістарычных дзеячаў, а выхоўваць іх будуць — зусім іншымі. Пры гэтым "іншых" увекавечаць у бронзе за грошы нашых падаткаплацельшчыкаў. Не кожнаму беларусу гэта прыйшлося даспадобы. Будзем сачыць за пакуль яшчэ нявызначаным лёсам віцебскіх помнікаў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На плошчы Тысячагоддзя будуецца вялікі пастамент пад Аляксандра Неўскага, галоўнага гістарычнага брэнда Расіі. А п'едэстал пад вялікага князя Альгерда, героя ўжо... |
|