Лявон Вольскi: Музыкант іграець — жонка хлеба не маець
21.04.2011 10:38
—
Новости Культуры
|
Лявон Вольскi: Музыкант іграець — жонка хлеба не маець Лявон Вольскi — беларускі музыка, заснавальнік Мроі, N.R.M. і Крамбамбулі, літаратар і мастак, з гумарам і сур’ёзна гутарыць з Mojazarplata.by пра працу ды жыццё.
Лявон Вольскі пра няспраўджанае — Ці засталіся віды мастацтва, дзе хацелася б яшчэ паспрабаваць сябе? — Ясна, ёсць. Напрыклад, кіно. Я маю на ўвазе не зняцца ў эпізодзе ці напісаць музыку, а самому зняць фільм — напісаць сцэнар і г.д. — А якую б прафесію выбраў, калі б не стаў тым Вольскім, якога мы ведаем сёння? — Як кажуць у нашай вёсцы: не было б тое, было б што другое. Ну, я б мог зрабіцца прапаршчыкам, загадчыкам склада ГЗМ (гаруча-змазачных матэр’ялаў). Ведаеш, колькі там можна пакрасці бензіну?! Запраўляўся б толькі ў сябе… Лявон Вольскi пра працу — Калі працуецца лепей за ўсё? — Лепей за ўсё працаваць з раніцы. Хто рана ўстае, таму Бог дае. A добрыя поры года для творчасці — вясна і восень. Хаця сапраўдны салдат умее працаваць у любых умовах, у любую пару года, час дня. А я ж — сапраўдны... — А дзе ты шукаеш натхненне: у іншых ці кожнаму наканавана сваё? — Зразумела, я як творчая адзінка гадаваўся не ў вакууме. У мяне былі аўтарытэты, я глядзеў іхнія карціны, чытаў іхнія кнігі, слухаў іхнія песні. Ад гэтага, часам, натхняўся — ад чужой, але вельмі блізкай мне творчасці. Асабліва калі ўсё пачыналася. — Ты працаголік альбо, як іншыя творчыя асобы, любіш скардзіцца на ляноту? — Гэты працагалізм да дабра не даводзіць. З ім трэба ўпарта змагацца. Заліваць алкаголем, душыць доўгім адпачынкам на моры, прыбіваць праглядам фільмаў (прычым, калі вострая форма працагалізму, не грэбаваць і фільмамі для дарослых). А то можна скаціцца ў неадэкват і несці бясконцыя песні, як курыца яйкі. І тады пра цябе скажуць: складна кумачкі пяюць, ды ім веры не даюць. Прынамсі, гэтак кажуць у нашай вёсцы. — А як доўга ты можаш не выходзіць са студыі? Увогуле, добрыя песні пішуцца хутка ці іх трэба вымучваць? — На студыі я стараюся ўсё запісаць як мага хутчэй. Калі не атрымліваецца, спыняю працэс і лічу за лепшае прыйсці заўтра і з новымі сіламі паспрабаваць пісаць. Я не ўмею вымучваць. Лепей пасля няўдалай спробы пахаджу-падумаю, як да гэтага можна падысці па-іншаму. Можа, з нейкага іншага боку… Мне цяжка прагназаваць поспех ці няпоспех уласна маёй песні. А вось калі я слухаю новую песню ці альбом маіх сяброў, дык чамусьці адразу ясна — гэта хіт. Хаця хіт ці не — гэта ніякі не крытэрый у падыходзе да песні. Лявон Вольскi пра пахвалу і крытыку — Ці істотна для цябе, што мяркуюць пра новую песню сябры, гурт, жонка Ганна, нарэшце? — Усе тры пункты вельмі істотныя. — А ці ўплываюць неяк выказванні на форумах? — Форумы, здаецца, паціху паміраюць цяпер, у час сацыяльных сетак. Тое, што пішуць у сетках — да гэтага я прыслухоўваюся, бо гэта канкрэтныя людзі, знаёмыя з табой віртуальна. На форумах часцяком папросту самовыражаются, наўмысна абражаюць, здзекуюцца. І што ты возмеш з ніка? Нік — ён і ёсць нік. Плявузгнуў і схаваўся. Я раней вельмі балюча ўспрымаў гэтыя форумныя палiвы, але час усё ставіць на свае месцы. Цяпер я ўсё чытаю, але заўжды адрозніваю нейкія канструктыўныя парады ад парадаў завязаць з усёй дзейнасцю і з’ехаць адсюль куды-небудзь у Індыю. — У творчым асяродку прынята хваліць адно аднаго? — Ня ведаю, ці прынята. Але ў вузкім коле творчых асоб, з якімі я маю зносіны, мы пастаянна нахвальваем адно аднаго. Як у той байцы Крылова пра зязюлю і пеўня. Патэлефануеш Міхалку, скажаш: Ай, малайца, Сярожа! Такі класны альбом атрымаўся. А тады чакаеш, калі ён табе патэлефануе і скажа прыблізна тое ж самае. Тое ж і з Хітрык. І з іншымі. Хаця, насамрэч, мы ўсе ненавідзім адно аднаго, бо тут, у Беларусі, настолькі жорсткая канкурэнцыя ў сферы шоў-бізнэсу, што ўсе толькі і чакаюць, пакуль нехта спатыкнецца, каб яго дабіць і працягваць зарабляць шалёныя грошы сваімі рэлізамі, канцэртамі і бясконцымі музычнымі тэлешоў. Лявон Вольскi пра чорныя спісы — Ці сапсавалі яны тваё творчае жыццё? — Мінулым разам я моцна перажываў. А зараз дык проста прыкольна. Але што асабіста я... Для ўсіх незалежных выканаўцаў, якія, дарэчы, прапагандуюць беларускую культуру на міжнародным узроўні, сфера дзейнасці звужаная. Таленавітыя людзі (іх шмат), якія з розных прычын не могуць вырвацца за межы краіны, асуджаныя на закісанне. Пры гэтым вось што цікавіць: як сябе адчуваюць работнікі розных устаноў? Як там у іх з самаацэнкай? Няўжо ніхто нічога не скажа? Ці толькі на кухні? Як гавораць у нашай вёсцы, Бог — не цяля, бачыць круцяля! Гэта значыць, што ўсе ўшануюцца паводле сваіх заслуг. Колькі б воўк ні валок, павалакуць і воўка! Лявон Вольскi пра жонку — Нас столькі ўсяго звязвае, што не пералічыць. Мы разам працуем, адпачываем, гадуем дачку і папугая, перажываем, радуемся, разрульваем, сварымся, кахаем, абмяркоўваем, плануем, абламваемся, перамагаем, смяёмся над сабою… Гэта цэлая краіна. Лявон Вольскi пра грошы — Колькі табе патрэбна ў месяц, каб пачуваць сябе вольна і камфортна? — Я вам нічога не скажу. Вы жэ самі знаеце, у какой стране мы жывём. Мы жэ ўзрослыя людзі. А потым, штомесяц усё змяняецца. Кошты растуць. Вось бензін, напрыклад. А я ж не загадскладам ГЗМ! — Ці бывае час, калі іх зусім няма? — Усё бывае. Ні ад чаго нельга засцерагчыся. Такі ў нас шоў-бізнэс — бессэнсоўны і бязлітасны. Як гавораць у нашай вёсцы, музыкант іграець — жонка хлеба не маець. — Самы вялікі ганарар у тваім жыцці? — У параўнанні з амерыканскімі і вядучымі еўрапейскімі артыстамі гэта ўсё несур’ёзна. Лявон Вольскi пра адпачынак — Самы лепшы адпачынак — гэта які? — Калі цалкам абстрагуешся ад працы. — Можаш за адзін дзень сарвацца і некуды з’ехаць? — Магу, а чаго? Але не кожны тыдзень. — Як хутка ты засумуеш без працы? — Залежыць ад таго, над чым працуецца на гэты момант. Можна і месяц не ўзгадваць, можна і праз дзень не знаходзіць сабе месца. Лявон Вольскi пра спорт — Улюбёны від спорту? — Не, я не хварэю на гэта. Бывае раз-пораз абвастрэнне, звязанае з футболам. — А сам чым-небудзь займаешся? — Ёга, настольны тэніс, плаваю, ныраю з маскай і трубкай, а здараецца, з іншымі прыладамі для дыхання пад вадой . — Можаш назваць сябе прыхільнікам нейкай каманды? — Суполкі, якая называецца БАТЭ. Лявон Вольскi пра падарожжы — Улюбёная краіна, дзе адпачываеш і душой, і целам? — У мяне няма ўлюбёных паэтаў, гуртоў, пары года, колеру, кніг… Але зараз чамусьці ўзгадалася Каліфорнія — там усё настолькі адрознае ад нашага: і клімат, і краявіды, і расліны, і стасункі між людзьмі… Неяк мы былі там у гасцях у Алеся Арцюшкевіча, каліфарнійскага беларуса. Усё было такое новае, яскравае, дзіўнае. Дагэтуль памятаю тыя ўражанні. І спадзяюся, не апошні раз! — Краіна, якая здзівіла? — Апошнім разам — Брытанія. І Лондан. Ён сам — як асобная краіна. — Краіна, дзе людзі падобныя на нас? — Усе да ўсіх падобныя. Творчыя людзі паўсюль свабодныя, разняволеныя. Працоўныя людзі пасля працы ідуць у паб выпіць пару піва ці дахаты — паглядзець тэлек і спаць. Клеркі пасля работы сядзяць у рэстарацыях і п’юць віно. У вёсках рана кладуцца спаць, бо трэба рана падымацца. Ясна, што дзесьці людзі больш імпульсіўныя, а недзе больш прагматычныя. Гэта так званыя нацыянальныя рысы. Але, я лічу, сапраўдныя нацыянальныя рысы беларусаў яшчэ не праявіліся. Памяркоўнасць — гэта вынік шматвекавога прыгнёту. Памяркоўным трэба быць, каб не загінуць. Гэта вымушаная, прыстасаванская рыса. І калі на народ не будуць ціснуць, паглядзім, які характар ён пакажа свету. Лявон Вольскi пра Беларусь і беларусаў — Табе камфортна тут ці ёсць патрэба пастаянна мяняць абставіны? — Трэба пастаянна мяняць не толькі таму, што некамфортна, а проста для новых эмоцый, новага досведу. Далай-Лама раіць штогод наведваць краіну, дзе вы яшчэ не былі. Хаця ў нашай вёсцы кажуць: лепш у сваёй хатцы, чым у чужым палацы. — Беларусы мяняюцца з цягам часу? — Калі браць вонкавыя рысы — мяняюцца. Мода, тэхналогіі, хуткасць — гэта мяняецца. А глабальныя рэчы, мне падаецца, нязменныя. Любоў, каханне, свабода, роўнасць, братэрства, зямля, дом, сям’я, сябры… — Ты разумееш пакаленне 20-гадовыхх? — У мяне ёсць знаёмыя гэтага веку. Праблем у адносінах няма. — Ці можна запалохаць народ на ўсё жыццё? — Нельга. Чалавечы арганізм загоіць усё з часам, і народ акрыяе. — Якой ты бачыш будучыню? — Бліскучай! Загляне сонца і ў нашае ваконца! А вы задаволены сваім заробкам? Запоўніце ананімную Фота з асабістага архіва Лявона Вольскага. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лявон Вольскi — беларускі музыка, заснавальнік Мроі, N.R.M. |
|