«Субяседнiкаў i сяброў завядзiце сабе сярод класiкаў». 21.by

«Субяседнiкаў i сяброў завядзiце сабе сярод класiкаў»

30.04.2011 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мiхась Башлакоў — пра паэзiю i вершатворчасць, бескампрамiснасць i далiкатнасць, адчуванне радасцi жыцця i «вiно адзiнокiх»

Пра беларускага паэта Мiхася Башлакова калегi-лiтаратары нездарма гавораць: бескампрамiсны. Такi ён сапраўды i ў творчасцi, i ў жыццi, у адносiнах да сябе i да iншых — непрымiрымы да несправядлiвасцi, абыякавасцi, бездухоўнасцi. Ён перакананы: паэт не мае права быць несумленным i раўнадушным. I таму сваiмi вершамi з чытачамi гаворыць страсна, прынцыпова i шчыра. Пра ўсё тое, што хвалюе самога, пра што хочацца падзялiцца, за што балiць душа. Мiхась Башлакоў – аўтар дзевяцi паэтычных зборнiкаў, у лiку якiх i такiя знакамiтыя, як «Нетры», уключаны ў лiк ста лепшых кнiг свету адпаведна рэйтынгу экспертаў мiжнароднага кнiжнага кiрмашу ў Франкфурце-на-Майне ў Германii, i «Палын. Чарнобыль», ушанаваны ў Бельгii элiтным залатым медалём. Дарэчы, за стварэнне гэтых кнiг у 2009 годзе паэт стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii Рэспублiкi Беларусь у галiне лiтаратуры, якая да таго даволi працяглы час – ажно шэсць гадоў — нiкому з пiсьменнiкаў не прысуджалася. На гэтым тыднi Мiхась Башлакоў адзначыў 60-годдзе. А за некалькi дзён да юбiлею падзялiўся з «Р» сваiмi думкамi пра жыццё i творчасць.

— Мiхась Захаравiч, сёння, аглядаючыся назад, якi час, якi перыяд жыцця вам часцей успамiнаецца i чаму?

— Безумоўна, дзяцiнства. Я нарадзiўся на шосты год пасля вайны. Час цяжкi. Мы, чатыры браты, раслi без бацькi. Мацi, Пелагея Мiхееўна, гадавала нас адна. Я вельмi ўдзячны ёй — усiх чатырох на ногi паставiла. Жылi бедна, галодна, але ж маленства мне ўспамiнаецца светла. Мы былi шчаслiвыя, мы пазнавалi свет. А яшчэ – людзi тагачасныя, нягледзячы на ўсе складанасцi, былi намнога дабрэйшымi. Сёння ж, хоць даволi i хлеба, i да хлеба, мы перасталi адчуваць радасць жыцця, заўважаць яго прыгажосць, хаця б i такую дзiвосную дробязь, як вясеннi спеў шпачка за акном.

Можа, яшчэ i таму як найбольш шчаслiвы час успамiнаецца маленства, бо я рос сярод прыроды, у лясной вёсцы. Гэта на памежжы з Украiнай, родам я з Гомельскага раёна, са станцыi Церуха, дзе зараз знаходзiцца пункт беларускай мытнi, як ехаць з Гомеля на Кiеў праз Чарнiгаў, цяпер гэта вёска Баштан.

У дзяцiнстве менавiта праз прыроду я ўспрымаў жыццё, адчуваў яго шчасце i радасць. Ведаеце, чаму паэты — выхадцы з вёскi больш эмацыянальныя ў параўнаннi з тымi, хто вырас у горадзе? Гарадскiя не ведаюць, што такое прырода з яе адвечнай магутнасцю, мудрасцю i прыгажосцю, не ведаюць дасканала нi кветак, нi птушак, нi ягад, нi грыбоў...

— З якой пары абудзiлася ў вас iмкненне складаць вершы? Хто першым яго заўважыў?

— Гэта адбылося выпадкова. Хаця нiшто, вiдаць, у жыццi не выпадкова. Я якраз закончыў пяць класаў Грабаўскай сярэдняй школы, дарэчы, хадзiў на заняткi за 6 кiламетраў ад дома. I вось у час летнiх канiкулаў мой старэйшы брат прынёс i паказаў мне томiк вершаў класiка рускай лiтаратуры Аляксея Талстога. Вiдаць, тады i адбыўся штуршок. Я прачытаў тую кнiжачку i быў уражаны прастатой, цеплынёй i шчырасцю радкоў: «Колокольчики мои, цветики степные! Что глядите на меня, темно-голубые?..». Мне адразу ж захацелася i самому нешта скласцi, што я i пачаў спрабаваць няўмела.

Першы верш надрукаваў у раённай газеце «Гомельскi маяк», калi вучыўся ў 10-м класе. Гэта быў 1968 год. Хаця публiкацыi маiх апавяданняў i допiсаў у раёнцы былi i раней, на заканчэнне школы, як селькор, я нават ганаровую грамату атрымаў, падпiсаную першым сакратаром гаркама партыi.

— На вашу думку, паэтамi нараджаюцца цi становяцца?

— Вiдаць, i тое, i другое. Гасподзь дае талент, але калi ты не будзеш працаваць, каб яго развiць: чытаць, ездзiць, бачыць, упiтваць, пiсаць, гэты талент як прыйшоў, так i сыдзе. Гэта як сунулi чалавеку паперку з непатрэбным яму нумарам тэлефона, а ён выкiнуў яе, нават не чытаючы. Так i талент свой можна неўпрыкмет выкiнуць, забiць.

Каб стаць паэтам, трэба працаваць, трэба любiць лiтаратуру, ведаць яе, жыць ёю. Паэзiя – гэта лёс. Нават сям’я адыходзiць на другi план. Не таму, што ты блiзкiх не любiш цi дрэнна да iх ставiшся, а таму, што паэтычнае слова для цябе першаснае, з iм ты сам-насам пастаянна, ты думаеш паэзiяй. I толькi тады i вершы нараджаюцца шчырыя, i кнiгi дабротныя.

— Як не пераблытаць паэзiю i вершатворчасць?

— А гэта зусiм розныя рэчы. Вершы пiшуць тысячы людзей, многiя нават выдаюць кнiгi. Але хiба паэзiя гэта?

Я многа сустракаюся, працую з аўтарамi-пачаткоўцамi, людзьмi рознага ўзросту. Дарэчы, з тымi, хто пачынае, я не бескампрамiсны. У адрозненне ад патрабавальнага стаўлення да творчасцi калег-прафесiяналаў, да лiтаратурных вопытаў пачаткоўцаў адношуся вельмi далiкатна, не кажу адразу, маўляў, дрэнна ўсё, больш не пiшы. Наадварот, раю: хоць пакуль не атрымлiваецца, але пiшы, старайся, больш чытай. Бо, лiчу, нават калi не будзе пiсьменнiкам, то лепш няхай пiша i чытае, чым нешта паганае робiць у жыццi.

Але ёсць i такiя аўтары, хто актыўна настойвае, раз ён сачынiў i лiчыць гэта выдатным, то так яно i насамрэч. Такiм я, бывае, задаю пытанне: «А чаму б вам не паспрабаваць маляваць?» Здзiўляюцца: «Дык у мяне ж таленту няма. Дый трэба фарбы, пэндзлi купляць. I, наогул, на мастака трэба вучыцца». А вось каб займацца лiтаратурай, паэзiяй, у яго разуменнi нiчога не трэба. Захацеў – пiшы i будзеш паэтам. Пытаюся: «А хiба паэзiю не трэба ведаць i ёй вучыцца? А хто ваш любiмы паэт? А цi чыталi вы таго цi iншага аўтара?» Высвятляецца, што чалавек нiчога не ведае, не чытае, але ён вырашыў, што ён пiсьменнiк. Як тут не ўспомнiць знакамiтае ясенiнскае: «Писнуть стишок, пожалуй, всякий сможет...». «Стишки», вершыкi ў нас пiшуць многiя, але ж гэта не паэзiя.

Лiтаратура – сур’ёзная рэч, i ёю сур’ёзна трэба займацца. А калi для аўтара яна хобi, то такога ўзроўню i яго творы. I без працы душы не будзе нiчога. Душа павiнна выхоўвацца, каб быць тонкай, каб, як матылёк, лятала. А калi душа, як бервяно, дык такiя i вершы драўляныя.

— Як жа душу вытанчыць?

— Перш за ўсё вучыцца на сапраўднай лiтаратуры, а значыць, чытаць. Каб зразумець, да якога ўзроўню падымаць сваю душу, да чаго iмкнуцца ў творчасцi – да плашкi пiсьмовага стала цi да аблокаў, да вершаў настольных цi ўзнёслых, як «На холмах Грузии лежит ночная мгла, шумит Арагва предо мною...». 

Я i сам са студэнцтва вельмi многа чытаў класiкi – рускай, замежнай, беларускай, украiнскай, польскай... Можа, гэта не сцiпла, але ў адрозненне ад многiх маiх калег, я ведаю лiтаратуру, на працягу многiх гадоў вывучаў i ўпiтваў лепшыя яе ўзоры. Мне дастаткова прачытаць толькi некалькi радкоў, каб зразумець, таленавiты гэты аўтар цi графаман.

Дарэчы, многа чытаю я i сёння. Тэлевiзар не гляджу, хiба толькi навiны, i толькi чытаннем выратоўваю сваю душу ад розных мярзотнасцей i недасканаласцей жыцця. У мяне багатая дамашняя бiблiятэка прозы i паэзii. Перачытваю класiку, да нечага вяртаюся, нешта з цягам часу, з улiкам узросту цi нават настрою адкрываю для сябе быццам нанова.

Я часта выступаю перад чытацкiмi аўдыторыямi i заўсёды шчыра кажу людзям: завядзiце сабе субяседнiкаў i сяброў сярод класiкаў. Яны вам нiколi не здрадзяць, а будуць толькi ўзвышаць вашу душу. У мяне вельмi многа такiх выдатных сяброў.

— Якiя праблемы беларускай лiтаратуры вас, пiсьменнiка, сёння хвалююць асаблiва?

— Напрыклад, ёсць у мяне пытаннi да некаторых навукоўцаў – даследчыкаў сучаснага лiтаратурнага працэсу, якiя iншы раз асвятляюць яго скажона, выдаючы чорнае за белае i наадварот, у вынiку чаго складваецца карцiна, якая не адпавядае рэальнаму становiшчу спраў у нашай лiтаратуры. Дастаткова пагартаць школьныя праграмы па беларускай лiтаратуры, розныя дапаможнiкi сярэднiх спецыяльных i вышэйшых навучальных устаноў, каб пераканацца, што лепшыя творы апошнiх 10—15 гадоў у iх нават не згадваюцца. Ёсць пытаннi i да некаторых лiтначальнiкаў, якiя мала дбаюць пра радавых пiсьменнiкаў, тых, хто сумленна працуе ў лiтаратуры, але гадамi не можа выдаць свае творы. Наогул, балючых пытанняў нямала... I яны пакуль, на жаль, без адказаў.

— Ваш лiтаратурны лёс складваўся ўдала?

— Не магу гэтым пахвалiцца. Спачатку не друкавалi 10 гадоў, а памiж кнiгамi, што выходзiлi пасля, — iнтэрвалы па 8 гадоў. Лiчу, калi б мяне пусцiлi ў лiтаратуру раней, то, вiдаць, мог бы зрабiць больш. Пра гэтыя страчаныя магчымасцi шкадую.

— Што сёння на вашым пiсьмовым стале?

— Падрыхтаваў да друку, павiнна праз месяц выйсцi новая, 10-я па лiку кнiжка «Вiно адзiнокiх». Гэта — выбраная лiрыка. Назва зборнiка не выпадковая. «Вiно адзiнокiх» – гэта паэзiя. Яе стварае паэт, як вышэй ужо казаў, чалавек-адзiнотнiк па сутнасцi, якi нават побач з некiм усё роўна ў душы застаецца адзiн на адзiн са словам. Разумеюць паэзiю, «водар» i «смак» гэтага, вобразна кажучы, вiна, таксама толькi выбраныя, адзiнкавыя людзi з высокай культурай душы. Адчуваць паэзiю – гэта таксама талент i таксама ўласцiвы не кожнаму.

На мой погляд, кнiга атрымалася цiкавая. Магчыма, яна стане прыступкай да яшчэ аднаго зборнiка лiрыкi, а можа, i наогул да пераходу ў iншы жанр, напрыклад, мне няблага ўдаюцца эсэ, дый успомнiць, расказаць ёсць пра што.

— Адчуваеце справядлiвасць сфармуляванага вялiкiм Пушкiным закона — «года к суровой прозе клонят»?

— Можна сказаць i так. Але ж проза патрабуе ад аўтара ўседлiвасцi, а я чалавек iмпульсiўны, мне ўсё няймецца i дома не сядзiцца. Мяне заўсёды вабяць дарогi, вандроўкi, прастор. Ад таго вельмi люблю адзiн паблукаць па лесе, па лугавiнах, пабыць на волi з прыродай. Гэтая звычка з дзяцiнства засталася на ўсё жыццё, я ж — лясны чалавек.

— I дзе ж вам, даўно ўжо гарадскому жыхару, удаецца паблукаць?

— Я — бездачны i «безлашадны». Таму падарожнiчаю толькi летняй парой. Напрыклад, пад’язджаю электрычкай да Вязынкi цi часцей пад Стоўбцы, там лясы выдатныя. А далей з задавальненнем брыду пешшу кiламетраў 15, бывае, даходжу аж да Уздзенскага раёна. I пiшуцца вершы...

Фото: Валерый ХАРЧАНКА

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiхась Башлакоў — пра адчуванне радасцi жыцця i «вiно адзiнокiх»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика