Роднае слова — сяброўства падмурак
20.05.2011
—
Новости Культуры
|
Майскія сустрэчы актывістаў беларускай дыяспары ў Мінску сталі традыцыйнымі
Вясна, як вядома, — пара сяўбы. Сімвалічна, што менавіта ў гэты час у Мінск, на выставу “СМІ ў Беларусі”, збіраюцца землякі з розных краін. Тут і “засяваюцца” новыя сяброўскія кантакты, крышталізуюцца ідэі супрацоўніцтва. Сёлета ў нас гасцявалі суайчыннікі з Грузіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі. І ўсе імкнуліся прывезці, паказаць плён сваёй працы на карысць беларушчыны — пэўна, больш за два дзясяткі розных выданняў было на стэндзе беларускай дыяспары. Газета расказвала ўжо аб прэзентацыі “Беларуска-латышскага і латышска-беларускага слоўніка”. Традыцыйна менавіта латышскія беларусы найбольш увагі надаюць друкаванаму слову, 17-ы год выдаюць газету “Прамень”. А што яшчэ з’явілася на друкаваным полі дыяспары ў апошні час? Мяне парадавала, скажам, выданне “Skorinukas”/“Скарыніч”, якое робяць супольна вучні і настаўнікі Віленскай школы імя Францыска Скарыны. Землякоў з суседняй краіны прадстаўляў Раман Вайніцкі — ён і прэзідэнт Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, і выкладчык школы, адзін з ідэйных натхняльнікаў выдання. Апошні выпуск школьнай 8-палоснай газеты, што выходзіць на літоўскай і беларускай мовах, прысвечаны памятнай даце — 25-годдзю аварыі на ЧАЭС. Пададзена не толькі інфармацыя пра вялікія намаганні па мінімізацыі вынікаў аварыі, але і пра школьную канферэнцыю “Здаровае асяроддзе — здаровае жыццё”, работу юных біёлагаў школы. Кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун падзякаваў, што наша газета двойчы расказала пра агульнапольскі, ужо васемнаццаты Фэст беларускай песні. “І мы таксама пра тое свята напісалі!” — усміхаецца Аляксандр Юр’евіч, дорыць бюлетэнь-штоквартальнік з фотаздымкам спевакоў гурта “Беларусы” на вокладцы. Яркія колеры, якасная папера. Фота і тэксты па-беларуску і па-польску расказваюць таксама пра выставы “Шляхецкія скарбы” Наталлі Смоляк, мастака з Гродна Аляксандра Сільвановіча, пра сустрэчу вядомых беларусаў з Польшчы паэта Яна Чыквіна і літаратуразнаўцы Галіны Тварановіч у Брэсцкім дзяржуніверсітэце, гастролі ў суседняй краіне Тэатра лялек з Гродна, пра 55-годдзе Беларускага грамадска-культурнага таварыства, ёсць і шэраг іншых беларуска-польскіх навін. Вельмі хочацца землякам, каб плён іх асветніцкай працы быў запатрабаваны на Бацькаўшчыне. Дарэчы, гэта па ініцыятыве паэта з Даўгаўпілса, намесніка старшыні культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі і ладзілася сёлета ўпершыню творчая сустрэча пад назвай “У сэрцы з Радзімай” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. На яе былі запрошаны актывісты дыяспары, прадстаўнікі СМІ і літаратурнай творчасці з-за мяжы. Цёплай, сардэчнай атрымалася размова. Розныя выданні ў будучы спецфонд пісьменнікаў беларускага замежжа перадалі старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, прэзідэнт Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Раман Вайніцкі, старшыня Данецкай абласной грамадскай арганізацыі “Культурна-асветніцкае таварыства беларусаў “Нёман” і аднайменнай газеты Сафія Пасынкава, саветнік пасольства і кіраўнік Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Аляксандр Карачун. А прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніна Савінава парадавалася, што ўсё часцей чуе ў грамадскіх месцах сталіцы родную мову і паабяцала, што прывязе ў Нацыянальную бібліятэку як саміх рупліўцаў беларускага слова з Эстоніі, так і іх кнігі. Прыемная акалічнасць: Станіслаў Валодзька, перадаючы свае паэтычныя зборнікі ў Нацыянальную бібліятэку, крыху нават разгубіўся. Аказалася, некаторыя з іх раней ужо трапілі ў яе фонды і былі на зладжанай да падзеі выставе-праглядзе. Увогуле ж там сабралася каля 60 кніг, энцыклапедый па гісторыі беларускага замежжа, зборнікаў твораў выхадцаў з беларускіх зямель, імёны якіх вядомыя як у нашым краі, так і ў Расіі, Чэхіі, Вялікабрытаніі, ва Украіне ды іншых краінах. Кіраўнік выставачнага аддзела Фёдар Ястраб, які прымаў кнігі, патлумачыў: Айчына не забывае сваіх сыноў і дачок. І выказаў меркаванне, што, можа, і не трэба збіраць іх кнігі ў асобны фонд — мы ж усе родныя людзі... Пад час знаходжання актывістаў беларускага руху з замежжа ў Мінску з іх удзелам прайшоў круглы стол “Дыялог дыяспар: шляхі партнёрства”. На сустрэчы з міністрам культуры Паўлам Латушкам шмат пытаняў было вакол падрыхтоўкі да Першага фестывалю мастацтваў беларусаў свету, правядзенне якога запланавана на 8-9 ліпеня 2011 года. Нямала ўдзячных слоў у адрас беларускай дзяржавы за канкрэтную падтрымку — нацыянальнымі касцюмамі, сімволікай, кнігамі, кампакт-дыскамі з разнастайным культуралагічным матэрыялам — гаварылі землякі ў апараце Упаўнаважанага. А Леанід Гуляка прыводзіў канкрэтныя лічбы, паабяцаў, што дапамога тым, хто сам актыўна працуе, будзе ісці і надалей. Важны момант: у суполках дыяспары ствараецца ўсё больш нядзельных школ, і ёсць вострая патрэба, каб іх кіраўнікі перыядычна праходзілі курсы па роднай мове ў Беларусі. Падтрымку ў гэтай справе павінна аказаць землякам найперш Міністэрства адукацыі, якое, дарэчы, летась выдала кампакт-дыскі з алічбаванымі падручнікамі па беларускай мове і накіравала іх у шэраг замежных суполак. Увогуле ж на розных сустрэчах землякі гаварылі: менавіта па роднай беларускай мове пазнаюць нас у свеце, і ніхто, акрамя нас саміх, ніколі не будзе рупіцца пра яе пашырэнне. Таму і надаецца ўсё больш увагі ў найбольш актыўных суполках адукацыйным праектам, рабоце з дзецьмі, моладдзю. Родную мову нашы землякі імкнуцца зрабіць не проста экзотыкай для фэстаў ці прэзентацый, а жывой мовай сваіх паўсядзённых зносін, бо гэта — незаменная аснова для паўнакроўнага жыцця беларускай дыяспары. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Майскія сустрэчы актывістаў беларускай дыяспары ў Мінску сталі традыцыйнымі |
|