Маці Жыровіцкая. Перад іконай Божай Маці Жыровіцкай моляцца ўсе хрысціяне Беларусі
21.05.2011
—
Новости Культуры
|
Дзіву даешся, разглядаючы адбітак выявы Багародзіцы з немаўляткам Езусам на невялічкай, з дзіцячую далонь авальнай каменнай пласціне. І як толькі ў гэткім маленькім абразку змяшчаецца такая вялікая сіла, якая здольна і ўсіх хрысціян аб’яднаць, і хворых вылечыць, і нават мёртвых уваскрэсіць?.. Цуда на грушы ...На дварэ стаяла вясна 1470 года. Дзеці-пастушкі, гуляючы ў лесе, заўважылі між галінак грушкі, усыпанай квеценню, незвычайнае святло. Зацікаўленыя, яны падышлі бліжэй і ўбачылі на дрэве... нерукатворны каменны абразок, ад якога лілося прамяністае ззянне. Асцярожна ўзялі святыню і аднеслі свайму гаспадару — вяльможу Аляксандру Солтану. Той надзейна схаваў ікону ў куфэрак. Калі ж на наступны дзень да яго прыйшлі госці, вырашыў пахваліцца перад імі незвычайнай знаходкай. Адамкнуў куфэрак і... як ні дзіўна, іконы не знайшоў.Праз нейкі час яе зноў убачылі пастушкі. На тым жа месцы, што і ў першы раз. Паслухмяныя дзеці зноў аднеслі ікону Солтану. Той, зразумеўшы, што ікона цудатворная, даў абяцанне збудаваць на месцы яе з’яўлення царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы. Так і сталася. Вакол драўлянага храма неўзабаве ўтварылася паселішча і з’явіўся прыход. Аднак у 1560 годзе храм згарэў, нягледзячы на намаганні жыхароў патушыць пажар і выратаваць абраз.Прыхаджане былі ўпэўнены, што страцілі ікону назаўсёды. Але аднойчы сялянскія дзеці, вяртаючыся са школы, убачылі цудоўнае аб’яўленне: Панна незвычайнай прыгажосці ў прамяністым ззянні сядзела на камені каля старога папялішча і трымала ў руках ікону, якую лічылі страчанай. Дзеці паспяшаліся вярнуцца і расказаць аб убачанным родным і знаёмым. Калі дарослыя разам са святаром прыйшлі да каменя, то ўбачылі на ім побач з запаленай свечкай цэлую, зусім не пацярпелую ад агню ікону Божай Маці Жыровіцкай. Хутка ў Жыровічах быў пабудаваны новы каменны храм, а пры ім і манастыр. Паўсталая з труны Тысячы і тысячы людзей пачалі прыходзіць да іконы, якая праславілася сярод веруючых сваімі ласкамі і цудамі. Асабліва загаварылі пра Жыровіцкую ікону пасля цуда ўваскрашэння, якое адбылося ў 1558 годзе з дзяўчынай Ірынай, дачкой заможнага Войнянка. Дзяўчыне было ўсяго сямнаццаць гадоў, калі яна памерла ад хваробы, так і не даехаўшы да Маці Божай Жыровіцкай, на якую ў яе і бацькоў была апошняя надзея. Калі сям’я Войнянка пад’ехала да Жыровіцкага манастыра, цела дзяўчыны было ўжо халодным... “Казала Ірачка, — распавядаў святарам бацька, — што бачыла ў сне Багародзіцу, якая загадала ёй накіроўвацца да вас. Маўляў, толькі ў Жыровічах наканавана атрымаць ёй ацаленне. Але выйшла інакш... Цяпер засталася нашай Ірыне толькі магіла для вечнага супакою каля цудатворнай іконы”.Тры дні стаяла труна з нябожчыцай у галоўным жыровіцкім храме. Над памерлай здзейснілі адпяванне, настала хвіліна развітання... Але раптам усіх прысутных у храме ахапіла трапятанне. Упаў падсвечнік, перакулілася труна, і нядаўняя нябожчыца Ірына, падняўшыся ва ўвесь рост, хутка пайшла да цудатворнай іконы Багародзіцы і апусцілася перад ёй на калені ва ўдзячнай малітве. “Царыца Нябесная цудоўна дала мне жыццё, каб прысвяціць мае астатнія дні Богу ў сане манахіні, — паведаміла пазней Ірына. — Зямля і свет з гэтага часу не для мяне, бо я ўжо была ў жыцці вечным!” Ірына прыняла пострыг, а ў 1580 годзе была ўзведзена ў настаяцельніцы Пінскага жаночага манастыра, дзе пасля і адышла ў свет іншы. Перад Маці ўсе роўныя Рэха ласак і цудаў Жыровіцкай іконы дайшло ажно да Рыма, дзе пасля вывучэння каля двухсот ацаленняў Маці Божай Жыровіцкай было прынята рашэнне ўскласці на галаву Багародзіцы і дзіцяткі Езуса залатыя кароны з каштоўнымі камянямі. Адбылася ўрачыстасць 19 верасня 1730 года. І гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.Слава пра Жыровіцкую ікону разнеслася так далёка, што яе копіі пачалі з’яўляцца нават у замежных краінах. Самыя вядомыя сярод іх — дзве цудатворныя іконы, якія сёння належаць каталікам. Адна з іх — ікона-фрэска з базыльянскага храма святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме. Другая — мастацкая копія рымскай іконы-фрэскі, напісаная на палатне, якая зараз знаходзіцца ў слонімскім Андрэеўскім касцёле. Самая ж галоўная ікона Маці Божай Жыровіцкай — тая самая, якую знайшлі дзеці ў лесе ў далёкім 1470 годзе, захоўваецца ў срэбна-пазалочаным ківоце (асаблівай упрыгожанай шафцы) у іканастасе галоўнага храма праваслаўнага Жыровіцкага манастыра Свята-Успенскага сабора ў Слонімскім раёне.На працягу стагоддзяў прыязджаюць сюды з розных рэгіёнаў Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны і Расіі хрысціяне-пілігрымы розных канфесій — праваслаўныя, грэка-католікі, рыма-католікі — памаліцца і папрасіць заступніцтва ў Божай Маці Жыровіцкай. І, кажуць, нікому Багародзіца не адмаўляе ў просьбах. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзіву даешся, разглядаючы адбітак выявы Багародзіцы з немаўляткам Езусам на невялічкай, з дзіцячую далонь авальнай каменнай пласціне. |
|